Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійскае золата прынесьлі людзі “ў валёнках і фуфайках”


Андрэй і Аляксандар Багдановічы
Андрэй і Аляксандар Багдановічы

Браты Багдановічы сталі алімпійскімі чэмпіёнамі ў веславаньні. Іхнае дасягненьне паўтарыў экіпаж байдаркі-чацьвёркі ў складзе Рамана Петрушэнкі, Аляксея Абалмасава, Артура Літвінчука і Вадзіма Махнева.

На Алімпійскіх гульнях у Пэкіне ўвага беларускіх заўзятараў сёньня была прыкаваная найперш да вясьлярнага каналу, дзе адбываліся фінальныя заплывы на байдарках і каноэ, а таксама да арэны стадыёну “Птушынае гняздо” — тут завяршалі распачатыя ўчора спаборніцтвы дзесяціборцы. Вынікі перавысілі нават самыя сьмелыя спадзяваньні: у двух з трох заплываў канаісты здабылі два залатыя мэдалі. Заўтра беларускія весьляры паспрабуюць замацаваць посьпех яшчэ ў дзьвюх дысцыплінах. Дзесяціборац Андрэй Краўчанка фінішаваў у агульным заліку другім.

Зрэшты, пачыналася ўсё для беларускіх весьляроў ня так аптымістычна. У фінальным заезьдзе на 1000 мэтраў канаіст Аляксандар Жукоўскі прыйшоў да фінішу толькі пятым. Праўда, кароннай для яго лічыцца дыстанцыя напалову карацейшая, таму шанцы на ўзнагароду яшчэ застаюцца.

Браты Багдановічы фінішуюць


А вось браты Андрэй і Аляксандар Багдановічы ня толькі спраўдзілі чаканьні “якога-небудзь” мэдалю, а сталі алімпійскімі чэмпіёнамі. Праз 10 хвілінаў подзьвіг Багдановічаў паўтарыў экіпаж байдаркі-чацьвёркі ў складзе Рамана Петрушэнкі, Аляксея Абалмасава, Артура Літвінчука і Вадзіма Махнева.

Чацьвёрка беларускіх весьляроў у пагоні за алімпійскім золатам


Пасьля беларускага трыюмфу на вясьлярным канале трохразовы алімпійскі чэмпіён у веславаньні Ўладзімер Парфяновіч не хаваў эмоцый:

“Ну дык хто зрабіў гэта? Тыя людзі, якія павыходзілі сёньня з хлявоў, дзе вымушаныя трэніравацца, трэнэры, якія ў валёнках і фуфайках усю зіму ходзяць. Насуперак усяму перамаглі!”

Карэспандэнт: “Вы зь першых хвілінаў трансьляцыі спадзяваліся на перамогу ці пасьля 5-га месца Жукоўскага быў пэсымізм?”

“Пэсымізму не было. Саша прайшоў добра, але, відаць, перахваляваўся. А вось як пайшла каноэ-двойка, стала зразумела: хлопцы будуць у сур’ёзнай барацьбе за мэдалі. Што да чацьвёркі, то нешта здарылася з вугорцамі, нешта здарылася зь немцамі. Але найперш – нашы хлопцы малайцы! Вялікі ім дзякуй за тое, што падтрымалі наш від спорту. Хацелася б, каб заўтра яшчэ такі самы вынік быў, каб хлопцы ў байдарцы-двойцы і каноэ-двойцы змаглі перамагчы немцаў і каб Саша Жукоўскі мэдаль атрымаў. Калі беларускае веславаньне гэта зробіць, гэта будзе вельмі і вельмі добра”.

Пасьля залатых перамогаў беларускіх весьляроў зборная Беларусі паднялася з 24-га на 15 месца ў агульным мэдалёвым заліку і мае шанец завяршыць гульні з найлепшым у гісторыі вынікам выступаў асобнай алімпійскай камандай. Прынамсі, адзін рэкорд ужо пабіты — яшчэ ніколі ў актыве беларусаў не было больш за тры залатыя мэдалі. За два дні да заканчэньня спаборніцтваў іх ужо чатыры — дагэтуль вышэйшыя ўзнагароды здабылі штангіст Андрэй Арамнаў і кідальніца молату Аксана Мянькова. Апроч таго, на рахунку беларускіх спартоўцаў — чатыры срэбры і восем бронзавых узнагародаў, што больш, чым чатыры гады таму ў Афінах.

Два дні ўвага была прыцягнутая да прадстаўніка, бадай, аднаго з самых складаных відаў спорту — дзесяцібор’я. Унівэрсальным атлетам трэба ўмець усё — ад скачкоў з шастом і кіданьня кап’я да бегу на спрынтэрскія ды стаерскія дыстанцыі. 22-гадовы Андрэй Краўчанка спраўляўся з нагрузкамі ажно да дзявятага віду, займаючы другую пазыцыю. Аднак у кіданьні кап’я моцна страціў у ачковым актыве. Усё спадзяваньне было на паскарэньне ў бегу на 1500 мэтраў, што Андрэю ўдалося на ўсе 100% — фінішную рысу ён перасёк першым. У выніку — заслужанае срэбра.

У сучасным пяцібор’і літаральна за крок ад п’едэсталу спынілася Анастасія Самусевіч. Пасьля перамогі на апошняй дыстанцыі — 3000 мэтраў — яна паднялася ў заліку на шэсьць пазыцый і заняла чацьвёртае месца.
Разам з тым беларускія прадстаўнікі ў некаторых іншых алімпійскіх дысцыплінах ня ўразілі ні судзьдзяў, ні заўзятараў і ўжо пачалі вяртацца дадому. Адным зь вялікіх расчараваньняў сёлетняй Алімпіяды стала сытуацыя ў спартовай гімнастыцы, якая яшчэ нядаўна была для беларусаў адной з самых мэдаляёмістых. Дзе падзеліся пасьлядоўнікі Вольгі Корбут ды Антаніны Кошаль, Віталя Шчэрбы ды Івана Іванкова? Чаму на тле сьціплай прысутнасьці мужчынаў зусім няма ў спартовай гімнастыцы беларусак? Сытуацыю камэнтуе майстар спорту ў спартовай гімнастыцы, чэмпіёнка СССР Тамара Аляксеева:

“Няма рэзэрваў, і ў ступары гімнастыка ўжо даўно. Паглядзіце — ужо трэцяя Алімпіяда, як дзяўчаты ня могуць выйграць, каб паехаць на Гульні камандай. Дакладней, гэта другі раз, а да таго паехалі, бо быў стары задзел — але і тады ўжо безь ніякіх спадзяваньняў. І мяркуючы па тым, як у нас праходзяць спаборніцтвы дзіцячых спартовых школаў краіны, шчыра кажучы, ніякіх спадзяваньняў на хуткія зьмены. Бо ў сьвеце зараз такі ўзровень, што ўжо ня толькі пра звычайную падрыхтоўку трэба думаць — якасьць павінна быць. Ужо абсалютна нічым спэцыялістаў ня зьдзівіш. Патрабуецца менавіта якасьць, дакладнасьць, свая ўласная праграма павінна быць. Як калісьці Кныш зрабіў, перакуліўшы ўсю гімнастыку. Але ж гэтым шляхам нашы не пайшлі”.

У суботу спадзяваньні спартовых спэцыялістаў, трэнэраў і заўзятараў будуць зьвязаныя з выступамі весьляроў, а таксама з камандай Беларусі ў мастацкай гімнастыцы — пасьля першага практыкаваньня беларускі былі на першым месцы. З трэцім часам у фінал клясыфікаваліся ўдзельніцы эстафэты на дыстанцыі 4х400 мэтраў. Яны паспрабуюць кампэнсаваць няўдачу, якая іх напаткала ў іншым паўфінале — у забегу 4х100 мэтраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG