Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трэба трэсьці пальму?


Амаль у кожным з камэнтароў цяперашняга стану адносінаў паміж “Беларусьсю без палітвязьняў” і Захаду сутыкаесься з думкай, што, маўляў, цяпер галоўнае пытаньне – ці прызнае Захад верасьнёўскія выбары ў палату прадстаўнікоў?

Рызыкну выглядаць поўным прафанам у пытаньнях высокай міжнароднай палітыкі, але не магу пазбавіцца ад дзіцячага пытаньня – а што гэта такое, “прызнаньне парлямэнту”? Калі мне ня здраджвае памяць, скажам, сяброўства палаты прадстаўнікоў у Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ было адноўленае яшчэ ў 2003 годзе і з тае пары не перарывалася. Хіба гэта не прызнаньне? Можа быць, маецца на ўвазе сяброўства беларускага парлямэнту ў Радзе Эўропы? Але ў Раду Эўропы прымаюць не беларускі парлямэнт, а беларускую дзяржаву, гэта ж зусім іншае пытаньне.

Да таго ж, літаральна ўсе без выключэньня выбары ў краінах постсавецкай прасторы выклікаюць у заходніх назіральнікаў, скажам так, пэўныя пытаньні. Вось, скажам, апошнія леташнія выбары ў Дзярждуму Расеі, на якія Масква нават не дапусьціла назіральнікаў АБСЭ, яны прызнаныя заходняй супольнасьцю ці не? Калі не, то які рэальны сэнс мае гэтае непрызнаньне? Расея як была да выбараў у Радзе Эўропы, так і застаецца. Ці, напрыклад, Казахстан, дзе на цудоўных выбарах па партыйных сьпісах у парлямэнце аказалася 0 прадстаўнікоў апазыцыі. Там як было з прызнаньнем? І калі не прызналі, то наколькі моцна пакутаваў ад гэтага спадар Назарбаеў?

Здаецца, што ўсе гэтыя размовы пра прызнаньне/непрызнаньне грунтуюцца на памылковай ідэалягічнай пазыцыі, што палітыка, і міжнародная ў тым ліку, зводзіцца да права і ягонай абароны. Прыяжджаюць у нейкую краіну назіральнікі АБСЭ, прыкладаюць да выбараў, якія там праводзяцца, дэмакратычны стандарт, гэткі пракрустаў ложак, а заходнія ўрады выконваюць адно ролю выканаўцаў вэрдыкту гэтага высокага “суду”: адпавядаюць выбары стандартам – раскрываюць абдымкі, не адпавядаюць – не прызнаюць з незразумелымі, але кепскімі для краіны наступствамі. Нягледзячы на ўсю прыгажосьць гэтай карціны, яна мае той маленечкі недахоп, што не адпавядае рэчаіснасьці. Высновы назіральнікаў – важны, але далёка не адзіны чыньнік, які вызначае стаўленьне заходніх краінаў да той ці іншай дзяржавы.

Прыклад – ну той самы Казахстан, дзе надзвычай экзатычныя выбары ні на мілімэтар не зьмянілі палітыку Захаду адносна гэтай краіны. Ці яшчэ больш яскравы – Лібія. Нармалізацыя адносінаў Захаду зь ёй ідзе поўным ходам, хаця Кадафі адно і зрабіў, што адмовіўся ад ядзерных праектаў і заплаціў кампэнсацыю за зробленыя ім у свой час тэракты. Ужо якія ў яго там правы чалавека і празрыстасьць выбараў, дык лепш не распавядаць, каб ноччу спалася спакойна. Але ж размова не пра тое, каб прыняць “льва пустыні” ў Эўразьвяз. А аб нармалізацыі. Дык і зь Беларусьсю ідзе пакуль размова менавіта пра тое самае.

І праблема парлямэнцкіх выбараў – частка гэтай размовы. Але ў якім сэнсе? У тым сэнсе, што павінен быць відавочны прагрэс у параўнаньні з папярэднімі выбарамі, што паказьнікам гэтага прагрэсу зьяўляецца, ці патрапяць туды апазыцыянэры і колькі. Гэта – палітычная пастаноўка пытаньня, гэтыя зрухі сапраўды можна ўлічыць разам зь іншымі зрухамі ў палітычнай сыстэме, скажам, з тым самым вызваленьнем вязьняў. А як улічваць? А як, ён, Захад палічыць патрэбным. Вось гэта рэальна будзе, а не мітычныя прызнаньні/непрызнаньні.

“Ну вось, Захад, і асабліва гэтая мяккацелая Эўропа, ізноў нам здрадзяць” – скаланецца пільны чытач. А яны нам і не прысягалі. Спрыяць разьвіцьцю дэмакратыі – ну так, па меншай меры абяцалі. А вось кідаць усе свае рэсурсы на вызваленьне Беларусі – не, не абяцалі і на тое не прысягалі. Так, сваёй палітыкай Захад дамогся, што беларускія ўлады пайшлі на саступкі. Але гэта не азначае, што працяг ціску наўпрост прывядзе да поўнай капітуляцыі, да поўнага краху. Гэта як мінімум пары, пытаньне.

Да таго ж варта ўлічыць, што мы часам вельмі зацыкліваемся на ўласна беларускай сытуацыі. У Захаду, які дзейнічае на ўсясьветнай геапалітычнай дошцы, гарызонт плянаваньня і бачаньня крыху больш шырокі. Ну добра, працягне Захад ціснуць, а здарыцца, скажам, узімку новая нафтагазавая вайна, прычым вайна з новай Расеяй, з Расеяй пасьля грузінскай вайны. Дык тыя, хто цяпер гучней за ўсіх крычыць: “Патрабуем працягу ціску на Менск”, гучней усіх будуць крычаць “Захад, ратуй ад рускага мядзьведзя”. А каго, дарэчы, ратуй? Беларусь без Лукашэнкі? А гэта дзе? Ці з Лукашэнкам? А як жа ціск?

Не, калі б ціск Лукашэнку хуценька скінуў, то ўсё б было проста і зразумела. Але неяк так не атрымліваецца. І па ходу справы ўзьнікаюць такія малапрыемныя дылемы.

Насамрэч, вельмі верагодна, што Захад пасланьні зь Менску прачытае і на пэўную нармалізацыю адносінаў пойдзе. Яшчэ раз паўтаруся, на нармалізацыю, не ў Эўразьвяз запросіць, ня ўсё даруе і ня ўсё дасьць. І гэта, дарэчы, можа адкрыць для апазыцыі новыя магчымасьці. Але можа атрымацца, як у старым анэкдоце.

Запускаюць у лябараторыю малпу. Там стаіць пальма, на ёй – банан. Малпа пачынае трэсьці пальму. Гіпнатызёр робіць пасы: “Думай, малпа, думай”. Жывёліна падымае галаву, аглядаецца, бачыць, ляжыць палка, бярэ яе і зьбівае ёй банан.

Далей у тую самую мадэльную сытуацыю запускаюць... ну, у першапачатковай вэрсіі - прапаршчыка СА. Ён таксама пачынае трэсьці пальму. “Думай, прапаршчык, думай”, – робіць пасы гіпнатызёр. Прапар падымае галаву: “А што тут думаць, трэсьці трэба!!!”


А можа ня трэба? Можа, з паўтарэньнем таго, што рабілася і ўчора, і пазаўчора мэта недасягальная, можа, варта паглядзець, ці няма нейкага іншага варыянту дасягнуць той самай мэты, можа, зьмена сытуацыі адкрывае такую магчымасьць? Хаця можа і дарма гэта гаворацца, бо ўпартасьць і мэтанакіраванасьць – якасьці, уласьцівыя далёка ня толькі некаторым вайскоўцам былой Савецкай Арміі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG