У гэты дзень традыцыйна замаўляецца імша па Ларысе Геніюш у царкве, якая стаіць як раз насупраць дому, дзе яна жыла ў Зэльве. Нечаканай для многіх прысутных стала казань айца Аляксандра. Ён назваў непаразуменьнем, што ў школе не вывучаецца творчасьць Ларысы Геніюш, і выказаў спадзяваньні, што гэта зьменіцца і творчасьць паэткі будуць вывучаць у школе. Сам сьвятар цытаваў яе вершы.
Айцец Аляксандар сказаў, што Ларыса Геніюш -- герой нашай краіны, вялікая дачка беларускага народу. Калі людзі выходзілі з храма, яны выказвалі задаваленьне ад пачутага. На могілках, дзе пахаваны побач з Ларысай Геніюш яе муж Янка, сабралася больш за 60 чалавек.
Ёсьць задума ўсталяваць памятную дошку на доме ў Празе, дзе калісьці жыла Ларыса Геніюш
Вячаслаў Сіўчык нагадаў, што грамадзкія арганізацыі мусілі зьвярнуцца да прэзыдэнта Чэхіі з просьбай паспрыяць у рэабілітацыі Ларысы Геніюш , паколькі звароты да беларускіх уладаў вынікаў не далі.
З могілак удзельнікі накіраваліся ў лес побач з Зэльвенскім вадасховішчам, дзе Данута Бічэль прадставіла сваю кнігу ўспамінаў, дзе сярод іншага апавядаецца пра сустрэчы з Ларысай Геніюш. У лесе выступілі таксама барды Вольга Цярэшчанка, Зьміцер Бартосік, Зьміцер Сідаровіч. Ушанаваньне памяці Ларысы Геніюш у Зэльве наладзіў ствараны рух "За свабоды" разам з мясцовымі актывістамі.