Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У родным горадзе Ларысы Геніюш няма яе кніг


Зэльва на Гарадзеншчыне — горад, у якім шмат гадоў жыла вядомая беларуская пісьменьніца Ларыса Геніюш. Цяпер улады Зэльвеншчыны рыхтуюцца адзначыць 750-годзьдзе гораду: тут пачалася маштабная рэканструкцыя. Ці знайшлося ў ёй месца ўшанаваньню памяці славутай зямлячкі? Ці выконвае мясцовая ўлада свае ранейшыя абяцаньні на гэты конт?


Раніцай у цэнтры Зэльвы цяпер людна: працуюць будаўнікі, поўна мінакоў, на рынку бойка гандлююць, сталыя людзі цягнуцца ў царкву.

Я знаходжуся якраз у цэнтры гораду, на плошчы. З аднаго боку райвыканкам, з другога — помнік Леніну. Пытаюся ў мінакоў — у сувязі з чым такая рэканструкцыя?

Спадар: “А гэта горад рыхтуецца да 750-годзьдзя”.

Карэспандэнт: “Падабаецца вам рэканструкцыя?”

Спадар: “Вядома, што так”.

Спадарыня: “Як можа такое падабацца, калі такія блакітныя яліны й то павырэзвалі? Як можа такое чалавеку падабацца?”

Другая спадарыня: “А вось там у нас ёсьць вуліца Гагарына, дык усё паразвальвалі й ніхто нічога ня робіць”.

Карэспандэнт: “Гэта недзе на ўскрайку?”

Тая ж спадарыня: “Ды не, недалёка ад чыгункі, побач зь сельгастэхнікай. Там жах, крапіва расьце й кароў пасьвяць. А тут нешта робяць...”

За некалькі дзён перад прыездам у Зэльву я патэлефанаваў у райвыканкам да намесьніка старшыні па ідэалёгіі, Валянціна Семянякі, і запытаўся, ці ўшануюць у сувязі зь юбілеем гораду памяць вядомай пісьменьніцы Ларысы Геніюш? У горадзе дагэтуль няма музэю пісьменьніцы і ніводная вуліца ня носіць яе імя.

Семяняка: “Значыцца, я ніякіх камэнтароў праз тэлефон вам даваць ня буду”.

Сёньня я наведаў гарадзкую бібліятэку й спрабаваў там даведацца, як ушаноўваецца памяць вядомай пісьменьніцы. Загадчыца некалькі разоў тэлефанавала ў райвыканкам, а потым сказала, што ў іх вядзецца рамонт і ніякага інтэрвію яна даваць ня будзе.

Мясцовую кнігарню таксама рамантуюць. Даведаўшыся, адкуль я, загадчыца адмовілася размаўляць пры ўключаным дыктафоне. Сказала, праўда, што кніг Ларысы Геніюш у іх даўно няма, няма і асобнай паліцы з выданьнямі на беларускай мове.

А вось што казалі мне жыхары Зэльвы, калі я пытаўся — ці варта ў іх горадзе было б ушанаваць памяць Ларысы Геніюш:

Спадарыня: “Ніхто яе памяць, акрамя царквы, не ўшаноўвае. Там ёсьць помнік, мэмарыяльная шыльда. Улады абяцалі музэй, але дагэтуль няма”.

Спадар: “Помнік стаіць ёй каля царквы. Мы ведаем, хто такая Ларыса Геніюш. І людзі да яе добра ставіліся, яна была вельмі ветлівая, гасьцінная й гаспадыня добрая, але...”

Другі спадар: “Я ведаю, што на Радуніцу да яе на магілу прыяжджалі людзі з усяе Беларусі, помняць пра яе толькі людзі й памяць аб ёй шануюць...”.

А вось што сказала мне Марыя Дэйкала, якая зараз жыве ў доме пісьменьніцы, калі я запытаўся, ці шануецца памяць Ларысы Геніюш у Зэльве.

Дэйкала: “Ну, гэта хто як: хто прызнае, а хто й не прызнае...”


Раскапаныя вуліцы ў Зэльве


















Перадусім добраўпарадкуюць адміністрацыйныя будынкі і плошчу ля будынку райвыканкаму















Старэе домік, дзе была кватэра Ларысы Геніюш і яе мужа Янкі Геніюша



















Помнік Ларысе Геніюш, усталяваны на дабрачынныя сродкі побач з царквою.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG