Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З жыхарамі вуліцы Гамарніка сустрэлася начальства <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У менскім ЖРЭА №68 адбылася сустрэча жыхароў вуліцы Гамарніка, ня згодных з будаўніцтвам дома на месцы былой дзіцячай пляцоўкі, з прадстаўнікамі адміністрацыі раёну.

А напярэдадні невядомыя вывесілі на старчаку дому па вуліцы Гамарніка №20 расьцяжку з надпісам “Будоўлі – не!”

На сустрэчу з жыхарамі прыйшлі прадстаўнікі адміністрацыі Савецкага раёну, фірмы-замоўцы ТАА “Карповіч”, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Крук, кіраўніцтва ЖРЭА. Жыхары падрыхтавалі сьпіс з 25 пытаньняў, якія тычацца разьвязанага будаўніцтва. Яны патрабуюць прадставіць усе дакумэнты, якія тычацца разьлікаў інсаляцыі, узроўню шуму, санітарных нормаў і нормаў бясьпекі, а таксама вынікаў экспэртызаў. Жыхары дому патрабуюць свайго удзелу ў абмеркаваньні праекту, а таксама правядзеньня публічнага і адкрытага расьсьледаваньня абставінаў выдзяленьня зямельнага ўчастку пад будаўніцтва для выключэньня падазрэньняў у карупцыі.

На сустрэчу спачатку прапускалі толькі “старшых па пад’езду” пасьля рэгістрацыі ў сьпісах. На ўваходзе ў залю дзяжурылі міліцыянты. Пасьля абурэньня жыхароў, у залю пусьцілі ўсіх жадаючых.

Прадстаўнікі адміністрацыі і дэпутат У.Крук перад удзельнікамі сустрэчы ня выступілі. На пытаньні адказвалі прадстаўнікі фірмы-замоўцы ТАА “Карповіч”. Потым начальнік ЖРЭА сказаў, што ён спыняе балаган і сустрэча абарвалася. Тады адна з удзельніц сходу зьвяртаючыся да прадстаўнікоў адміністрацыі сказала:

Немагчыма на такім кавалачку зямлі пабудаваць такі дом!
“Парушаецца канстытуцыя. Я зьвяртаюся да адміністрацыі, каб перасталі нас мучыць, каб вы абаранялі нас, разабраліся ў гэтым. Зразумейце, немагчыма на такім кавалачку зямлі пабудаваць такі дом! Я вяду дзёньнік, што немагчыма жыць, немагчыма спаць! Куды мне яго даслаць – у арганізацыю па правах чалавека?!”

На сустрэчы прысутнічаў намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка. Па выніках сустрэчы ён сказаў:

“Бязь цьвёрдай пазыцыі жыхароў, без таго, што яны выходзілі на вуліцу, бязь іхных акцый адчаю нічога падобнага, ніякага абмеркаваньня ў прынцыпе не магло быць. Сам факт гэтага абмеркаваньня – гэта ўжо невялічкі посьпех жыхароў. Бо ў бальшыні выпадкаў проста плююць на волю народу. Пасьля вельмі доўгага, відавочна з элемэнтамі тактыкі забалбочваньня абмеркаваньня я зразумеў найважнейшае. Першае, абсалютна няма яснасьці, што жыхарам пакажуць і выдадуць копіі праектнай дакумэнтацыі ўключна з усімі дазволамі. І другое, ніхто не пачуў адказу на прынцыповыя пытаньні пра экалягічныя нормы: сонечнае асьвятленьне і вэнтыляцыю калодзежападобнага двара. Гэта азначае, што справядлівая справа жыхароў, на жаль, павінна працягвацца”.








Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG