Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі выходзяць на вуліцы без апазыцыі


У сядзібе партыі БНФ адбыўся круглы стол на тэму “Сацыяльна-зямельныя канфлікты”. Падставай для яго сталі шматлікія факты супрацьстаяньня менчукоў і гарадзкіх уладаў у пытаньнях забудовы ў розных рэгіёнах Менску.

Арганізатарам форуму выступіў Інстытут дзяржаўнасьці і дэмакратыі, а ўдзел у ім узялі прадстаўнікі грамадзкасьці, экспэрты і палітыкі.
Гэта першая сустрэча прадстаўнікоў мясцовых ініцыятыў з вуліцы Гамарніка, Цны і Сельгаспасёлку, дзе жыхары пратэстуюць супраць новабудоўляў. Прычыны такога становішча тлумачыць прадстаўніца актывістаў з вуліцы Цна, якая знаходзіцца на ўзьбярэжжы Цнянскага вадасховішча, Тамара Сяргей:
“На беразе вадасховішча знаходзіцца сасновы лес — месца ўнікальнае для арганізацыі адпачынку ўсіх жыхароў Менску. Але на беразе вадасховішча будуецца катэджны пасёлак. І лёс гэтага вадасховішча зараз, вядома, пад пагрозай”.
А вось што паведаміў “Свабодзе” прадстаўнік жыхароў з вуліцы Гамарніка Мікола Мартынаў:
“Будаўніцтва ідзе вельмі нахабна, і вельмі непрыемна, калі нас лічаць лохамі. Мы зьвярталіся да прадстаўнікоў улады, але ніхто на гэта не зьвярнуў увагі. Зьвярнуліся ў БНФ — і вось адчуваем такую падтрымку. Ня ведаю, што будзе далей, але нашы людзі старэйшыя гатовыя нават за вілы брацца”.
Адзін з экспэртаў, Мечыслаў Бурак, мяркуе, што ўлада дзейнічае адносна інтарэсаў менчукоў неправавымі мэтадамі, а змаганьне людзей ахарактарызаваў гэтак:
“Змаганьне мае, па-першае, той сэнс, што актыўная жыцьцёвая пазыцыя дапамагае стаць чалавеку дасьведчаным: ніхто нікому нічога рабіць ня будзе, акрамя нас. А тут выйсьце толькі адно — трэба мяняць уладу”.
Намесьнік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка выказаў думку, што сустрэчы прадстаўнікоў грамадзкасьці з экспэртамі і палітыкамі павінны стаць сыстэматычнымі. І вось чаму:
“Праблема становіцца адной з ключавых для грамадзка-палітычнай стабільнасьці ў нашай дзяржаве. І ўлада, якая спрабуе паламаць людзей аб калена, якая спрабуе не заўважаць таго, што ціхмяныя і пакорлівыя беларусы пачынаюць выходзіць на вуліцы без аніякага ўдзелу апазыцыйных сіл, — яна рызыкуе вельмі многім. Як мінімум — стратай даверу нават той часткі людзей, якая дагэтуль уладзе давярала”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG