Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Навошта суды і выканкамы, калі ўсім кіруе прэзыдэнт?”


Агляд тэлефанаваньняў за панядзелак, 26 чэрвеня.


25 чэрвеня адбыўся выпуск коласаўскага ліцэю. Нагадаю, што Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа — адзіную навучальную ўстанову, дзе выкладаньне цалкам вялося на беларускай мове — улады зачынілі ў 2003 годзе. З таго часу некалькі дзясяткаў ліцэістаў працягваюць займацца ў падпольных умовах.

Міхаіл Леках, Рыга: “Я вось зьвярнуў увагу на ваша паведамленьне пра тое, што сёньня ўручалі пасьведчаньні аб заканчэньні Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Вы падкрэсьлілі, што падпольнага. Тады ў мяне такое пытаньне: якія дакумэнты ўручалі? Ці ёсьць ліцэнзія? Калі не ўручалі атэстаты беларускага дзяржаўнага ўзору, то як гэтыя маладзёны, якія скончылі так званы падпольны гуманітарны ліцэй, будуць паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі?”

Слухачу адказвае сёлетняя выпускніца Ганна Прохарава:

“Пасьля заканчэньня ліцэю мы атрымалі атэстаты, якія нам уручыў дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас. Але гэты атэстат прызнаны толькі за мяжой — у краінах Эўразьвязу. Гэта звычайнае пасьведчаньне на паперы А4. У Беларусі нам патрэбна здаць дадатковыя іспыты ў школе па месцы прапіскі. Я здавала іспыты па 14 прадметах”.

Карэспандэнт: “Атрымліваецца, што вы зараз маеце 2 дакумэнты: пасьведчаньне Беларускага гуманітарнага ліцэю і пасьведчаньне Міністэрства адукацыі Беларусі на тое, што вы атрымалі сярэднюю адукацыю?”

“Так”.

Працягнем праграму такім тэлефанаваньнем:

Спадар: “Да трэцяга ліпеня яшчэ тыдзень. А наша прапаганда ўжо ўсе вушы адзваніла, што 3 ліпеня ў нас Дзень незалежнасьці. Хочацца нагадаць гісторыку па адукацыі, нашаму правадыру Аляксандру Рыгоравічу, што 3 ліпеня — Дзень вызваленьня Менску. Падкрэсьліваю, што менавіта Менску, а ня ўсёй Беларусі. Пры чым тут Дзень незалежнасьці? Па вашай лёгіцы. Аляксандар Рыгоравіч, Дзень незалежнасьці можна прымеркаваць да дня вызваленьня любога горада. Напрыклад, нашага старажытнага Полацку. А чым мы горшыя? Каб ніхто не крыўдаваў, прапаную да вашага дня нараджэньня, які ўжо вельмі хутка, прымеркаваць Дзень незалежнасьці. Вось тады і закоцім банкет на ўвесь сьвет. Пасьля 3 ліпеня 1944 году Беларусь не атрымала незалежнасьці, бо пасьля гэтага яшчэ каля 50 год была ў складзе СССР. Пра якую незалежнасьць можна тут казаць? Сапраўдны Дзень незалежнасьці ў нас — 27 ліпеня. Менавіта ў гэты дзень Вярхоўны Савет, у якім, дарэчы, і вы засядалі, прыняў Дэклярацыю аб незалежнасьці. Так што нестыкоўка атрымліваецца, Аляксандр Рыгоравіч”.

Наступнае тэлефанаваньне:

Спадар: “Шаноўная “Свабода,” хачу выказацца наконт нашай улады. Я прапаную нашаму прэзыдэнту распусьціць Кабінэт міністраў, Парлямэнт і ўсе суды. Ад таго, што ўсе гэтыя інстытуцыі існуюць, нам ні цёпла ні холадна. Яны існуюць толькі для выгляду. Фактычна ўсёй краінай кіруе толькі адзін чалавек — прэзыдэнт. Дык навошта марнаваць грошы падаткаплатнікаў на ўтрыманьне ўсіх гэтых дармаедаў? У нас цяпер існуе прыкрытая манархія. Дык хай ужо будзе непрыкрытая. Дзякую”.

Выказваньні слухача камэнтуе палітоляг Юры Чавусаў:

“Вось такі стыхійны анархізм — рэч распаўсюджаная. Асабліва калі людзі сутыкаюцца зь несправядлівасьцю, якая сыходзіць зь дзяржаўных органаў, калі спрабуюць дамагчыся праўды. Сапраўды, складаецца ўражаньне, што ў Беларусі ёсьць толькі адміністрацыя прэзыдэнта, а ўсе астатнія інстытуцыі другасныя, што вырашае усё прэзыдэнт. Я б не падыходзіў так жорстка. Вельмі вялікае значэньне мае сама наяўнасьць гэтых інстытуцыяў (няхай сабе і дэвальваваных, як нашыя суды), падзел на выканаўчую, судовую і прадстаўнічую ўладу. Вялікую ролю грае і сам прынцып. Крыніцай улады ёсьць народ — працуе парлямэнт. Суды хоць толькі вонкава незалежныя, але гэта дазваляе ў пэўных выпадках выкарыстоўваць гэтыя мэханізмы. Я б не казаў, што яны цалкам страцілі сваю функцыю. Нават залежны суд выконвае вельмі значную грамадзкую функцыю”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG