Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Ватыкану наведаў Горадню <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Кардынал Тарчызіё Бэртонэ вітаецца з гарадзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам
Кардынал Тарчызіё Бэртонэ вітаецца з гарадзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам

Дзяржаўны сакратар Ватыкану кардынал Тарчызіё Бэртонэ ўзначаліў сёньня набажэнства ў Гарадзенскім катэдральным касьцёле.

Казань ён прамовіў на італьянскай мове, яна перакладалася на беларускую.

Ён таксама наведаў гарадзенскую вышэйшую каталіцкую духоўную сэмінарыю. Вернікам, якія сабраліся ў храме і на пляцы перад Катэдрай, паведамілі, што была дасягнута ўмова аб тым, што паміж Ватыканам і Беларусьсю будзе падпісана пагадненьне, а таксама аб тым, што беларускія ўлады афіцыйна запрасілі наведаць краіну папу рымскага Бэнэдыкта ХVІ-га.

Карэспандэнт: “У гарадзенскім Катэдральным касьцёле адбудзецца набажэнства з удзелам дзяржсакратара папы рымскага Тарчызіё Бэртонэ. Зьверху на фасадзе вывешаны вялікі бела-жоўты сьцяг Ватыкану. Цяпер ксёндз апавядае па-польску, я чую, пра сьвятога Францішка Ксавэрыя, імя якога мае касьцёл…

Ксёндз: “Вітаем вас, браты і сёстры, вітаем пілігрымаў…”

Карэспандэнт: “А цяпер ксёндз на беларускай мове вітае, у прыватнасьці, пілігрымаў, якія прыбылі з розных парафій. Бачым, як па прыступках у Катэдральны касьцёл узьнімаецца праваслаўны япіскап Гарадзенска-ваўкавыскі Арцемі і ўваходзіць унутр. Бачым таксама, як з падворку курыі выходзіць архімандрыт Сяргей Гаек, які апякуецца беларускімі грэка-каталікамі…



Людзі на пляцы сьпяваюць за ксяндзом “Кірые элейсан”. На ганку храма зьявіліся мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і гарадзенскі біскуп Аляксандар Кашкевіч. Вернікам паведамляюць аб тым, што ўчора папа рымскі быў афіцыйна запрошаны наведаць Беларусь. Вернікі вітаюць паведамленьне, і адразу пачынаюць біць званы. Трэба сказаць, што вернікаў на плошчы цяпер ня вельмі шмат: прыблізна чалавек шэсьцьсот, можа васемсот.

Пад’яжджае вялікі чорны мэрсэдэс з бела-жоўтым сьцяжком. Б’юць барабаны, гарадзенцы вітаюць госьця воплескамі. Пасьля вітаньня з біскупам Кашкевічам Тарчызіё Бэртонэ цалуе крыж, бярэ квач і апырсквае прысутных сьвятой вадою. Далей госьцю падносяць хлеб-соль дзяўчына і хлопец у беларускіх нацыянальных строях.

Сьледам за сьвятарамі госьць накіроўваецца ў Катэдральны касьцёл. На ганку ён узьняў рукі, вітаючы ўсіх прысутных вернікаў. Зьвяртаюся да аднаго зь іх:

Вы прыйшлі на гэтую ўрачыстасьць, скажыце, якія ў вас пачуцьці пасьля таго, як вы пачулі навіну пра запрашэньне для Папы Рымскага наведаць Беларусь?”

Спадар: “Вядома, што Папа ня быў у Беларусі, але вернікі, яны вельмі чакалі яго даўно і доўга. І таму ўсе вернікі вельмі радыя сустрэчы, якая, думаю, адбудзецца вельмі хутка…”

Апроч людзей на пляцы, вернікі таксама былі ў касьцёле, доступ куды быў абмежаваны. Некалькі разоў туды выклікалі мэдыкаў з хуткай дапамогі, некаторым рабілася нядобра. Цікава, што ў суседнім падворку дзяжурылі людзі ў камуфляжы, а каля бліжэйшага пастарунку з самай раніцы стаяў аўтазак.

Учора, 20 чэрвеня, дзяржаўны сакратар папы рымскага наведаў Пінск, дзе ў катэдральным касьцёле памаліўся з парафіянамі літургіяй гадзін і наведаў міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную сэмінарыю.

У катэдральным саборы кардынала вітаў апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі ксёндз-кардынал Казімір Сьвёнтак.

У сумеснай малітве ў Пінскім катэдральным саборы ўзялі ўдзел больш як тысяча чалавек, усім прысутным пры выхадзе з касьцёла ўручылі паштоўкі з выявай папы Бэнэдыкта XVI.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG