Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыедзе папа ў Беларусь да вызваленьня палітвязьняў?


На сёньняшніх перамовах Аляксандра Лукашэнкі і дзяржаўнага сакратара Сьвятога пасаду Тарчызіё Бэртонэ знайшлі разьвіцьцё два пытаньні, якія цікавілі ўсіх, хто сочыць за разьвіцьцём адносінаў Беларусі і Ватыкану. Па-першае, было дамоўлена пра падрыхтоўку да падпісаньня двухбаковай Дамовы аб супрацоўніцтве — так званага канкардату, а па-другое, А.Лукашэнка запрасіў папу рымскага Бэнэдыкта XVI наведаць Беларусь — у зручны для яго час.

Пытаньне ў тым, на якіх умовах прыме запрашэньне Бэнэдыкт XVI: ці пагодзіцца ён прыехаць у Беларусь, пакуль у краіне застаюцца палітвязьні і парушаюцца правы чалавека?

Паводле словаў кіраўніка каталіцкага касьцёлу ў Беларусі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, на падрыхтоўку канкардату патрэбна два-тры гады. Для арганізацыі візыту папы, як мяркуе дзеяч польскага нацыянальнага руху ў Беларусі Тадэвуш Гавін, — каля году. Спадар Гавін сачыў за большасьцю замежных візытаў папярэдніка цяперашняга папы, Яна Паўла II — той заўсёды сустракаўся з паствай позьняй вясной ці ўлетку, каб болей людзей магло прыехаць. Таму такі візыт папы ў Беларусь, мяркуе ён, мог бы адбыцца налета. У гэтым вельмі зацікаўленыя беларускія ўлады.

Беларускія каталікі з радасьцю ўспрынялі адрасаванае папу запрашэньне. Гаворыць актывістка каталіцкай грамады Менску Хрысьціна Лялько:

“Няважна, хто яго запрасіў, як запрасіў... Хочацца, каб сьвяты айцец нарэшце наведаў Беларусь. Мы чакалі Яна Паўла II, ды так яго і не прычакалі... І таму будзе вялікае шчасьце для ўсіх вернікаў. Сам факт прыезду сьвятога айца на Беларусь — гэта, па-першае, дабраславеньне вялікае — для ўсёй краіны”.

Спадарыня Лялько лічыць, што падрыхтоўка і сам візыт папы прынясуць беларускаму касьцёлу пазытыўныя зрухі:

“Я таксама хацела б, каб менавіта гэты факт прыезду сьвятога айца паспрыяў і вяртаньню храмаў, і будаўніцтву новых храмаў, якіх мы патрабуем, скажам, у Менску, таму што, асабліва ў гадавыя сьвяты, нам не хапае тых касьцёлаў, якія мы маем”.

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні Партыі хрысьціянскай дэмакратыі Аляксей Шэін не спадзяецца, што падрыхтоўка візыту папы ў Беларусь паспрыяе нейкай гуманізацыі дзяржаўнай палітыкі. Спадар Шэін мяркуе, што А.Лукашэнка цяпер шукае сабе дадатковае апірышча ў постаці каталіцкай царквы:

“Тут відавочная выразная лёгіка, і мне падаецца, нішто ня кажа, што будуць выпушчаныя палітвязьні, ці будзе праведзеная рэформа выбарчага заканадаўства, ці дадуць свабоду СМІ”.

Менскі палітоляг Аляксей Кароль таксама не спадзяецца на нейкую лібэралізацыю беларускага рэжыму перад чаканым прыездам папы рымскага. На ягоную думку, тут беларускае кіраўніцтва праз Ватыкан шукае дадатковых шляхоў на Захад, а касьцёл, са свайго боку, хоча ўмацаваць свае пазыцыі ў Беларусі і абараніць інтарэсы вернікаў.

Разам з тым спадар Кароль ня ўпэўнены, ці пагодзіцца папа прыехаць у Беларусь, пакуль тут застаюцца палітвязьні:

“Калі ня будзе палітычнай лібэралізацыі хаця б у адносінах да палітзьняволеных, гэты візыт наўрад ці будзе магчымы”.

Экс-кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году Аляксандар Мілінкевіч згадвае, што папа Ян Павал II наведваў Кубу, дзе пануе ня менш рэпрэсіўны рэжым, і гэта спрыяла паляпшэньню сытуацыі там:

“Думаю, што цалкам магчыма, што ён прыедзе, гэта ў традыцыях Ватыкану. Я ўвогуле вітаю гэтае запрашэньне, бо гэта адкрыцьцё шляху да Эўразьвязу, да дэмакратычных краін. Безумоўна, палітыка Ватыкану ўзважаная, дыпляматычная, але яны абавязкова будуць гаварыць аб праблемах правоў чалавека, а ня толькі аб справах касьцёлу”.

Паводле Аляксандра Мілінкевіча, запрашэньне Бэнэдыкта XVI — праява пэўнай самастойнасьці зьнешняй палітыкі Беларусі.

Дзеяч польскай меншасьці Тадэвуш Гавін мяркуе, што хутчэй за ўсё беларускія ўлады папярэдне ўзгаднілі запрашэньне папы з Расеяй:

“Усё гэта робіцца па ўзаемнай згодзе Менску і Масквы. Няма ніякіх падставаў, каб Лукашэнка і ягоны ўрад запрашалі Бэнэдыкта XVI у піку Маскве. Я думаю, што тут усё дамоўлена”.

Спадар Гавін не спадзяецца, што візыт папы можа паўплываць на паляпшэньне становішча польскай меншасьці ў Беларусі. На ягоную думку, кантакты з Ватыканам патрэбныя Менску, каб палепшыць свой імідж. Але ён не выключае, што Ватыкан сапраўды можа паставіць адной з умоваў візыту папы вызваленьне палітвязьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG