Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Кіт: “Усё, што маю, пашлю ў Наваградак!”


Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 8 чэрвеня.


4 чэрвеня ў Наваградзкай сярэдняй школе № 1 адчыніўся Музэй Барыса Кіта. А задоўга да гэтай неардынарнай падзеі на будынку школы, дзе Барыс Кіт працаваў у перадваенны час, была прымацаваная памятная дошка, яшчэ раней выйшлі ў сьвет дзьве кнігі пра славутага навукоўца – “Вяртаньне” (1993) і “Космас беларуса” (1996). Іх аўтарка – пісьменьніца Лідзія Савік, зь якой мы й пагаворым пра асобу Барыса Кіта ды ягоны музэй.

“Барыс Кіт вельмі любіць Наваградак – горад сваёй маладосьці й першую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага”

Міхась Скобла
: “Спадарыня Лідзія, усё ж прыжыцьцёвы музэй – зьява ў Беларусі нязвыклая. Хто тут праявіў ініцыятыву й хто канкрэтна спрычыніўся да стварэньня музэю Барыса Кіта?”

Лідзія Савік: “Адназначна вызначыць, хто першы выказаў такую думку, складана. Хутчэй за ўсё, гэта была калектыўная ідэя. Тут адыграў сваю ролю й той факт, што мясцовыя ўлады абралі Бырыса Кіта ганаровым грамадзянінам Наваградку, унесьлі яго ў кнігу “Славутыя людзі Наваградчыны”. Але канкрэтна думка пра музэй сфармавалася гады два-тры таму, калі на будынку школы, якую будаваў Барыс Кіт, дзе ён настаўнічаў, была адкрытая памятная дошка зь ягоным барэльефам. Трэба сказаць, што Кіт вельмі любіць Наваградак – горад сваёй маладосьці й першую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага. І потым, само па сабе ўзьнікла пытаньне: куды дзяваць шматлікія экспанаты, якія ён пасьпеў перадаць у Беларусь. А пачынаў ён іх перадаваць напачатку 1990-х гадоў – праз наша Міністэрства замежных справаў, якое ўзначальваў тады Пятро Краўчанка”.

Скобла: “На адкрыцьці музэю неаднойчы гучала імя Валерыя Казакова. Менавіта ён дапамог фінансава ў стварэньні музэю. Хто гэта, і што падштурхнула гэтага чалавека на гэткую дабрачыннасьць?”

Савік: “Валеры Казакоў – наш суайчыньнік, які жыве й працуе ў Маскве. Ён быў добра знаёмы з Васілём Быкавым, падтрымлівае адносіны зь ягонай удавой Ірынай Міхайлаўнай. Па рэкамэндацыі Ірыны Міхайлаўны ён паехаў у Франкфурт-на-Майне й пазнаёміўся з Кітом. Пазнаёміўся і – захапіўся гэтым чалавекам. Трэба сказаць, што Барыс Уладзімеравіч проста неверагодным чынам узьдзейнічае на людзей, зь ім заўсёды лёгка і проста кантактаваць. І аднойчы ў размове Барыс Кіт упамянуў, што ёсьць гэткая ідэя: стварыць у Наваградку музэй. Маўляў, наўрад ці атрымаецца… А Валеры Казакоў успрыняў гэтыя словы ўсур’ёз. І менавіта ён быў першым фундатарам, пакінуў невялікую суму грошай, якая й пасадзейнічала таму, каб музэй урэшце сапраўды адчыніўся”.

“Такія асобы, як Барыс Кіт, здольныя сцэмэнтаваць беларускую нацыю”

Скобла: “А цяпер давайце паслухаем галасы з Наваградку. Пра сваё ўражаньне гаворыць рэдактар краязнаўчага часопісу “Лідзкі летапісец” Станіслаў Суднік”.

Станіслаў Суднік: “Маю ўражаньне, што такія асобы, як Барыс Кіт, здольныя аб’яднаць беларускую нацыю. На адкрыцьці музэю выступалі прадстаўнікі мясцовых уладаў, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. І ўсім ім знайшлося месца на імпрэзе. І ў нас ёсьць многа такіх асобаў, як Барыс Кіт, якія здольныя сцэмэнтаваць беларускую нацыю”.

Скобла: “А ў дырэктаркі наваградзкай СШ № 1 Людмілы Пелудзь я спытаў, ці ведаюць вучні, хто такі Барыс Кіт?”

Людміла Пелудзь: “Вядома ж, ведаюць. Напрыклад, сёлета на Дзень касманаўтыкі ўся школа паглядзела фільм пра Барыса Кіта, а ў нашай школе ёсьць такі фільм. Па ўсіх клясах прайшлі гутаркі пра Барыса Кіта. Вучні ведаюць, што ён выкладаў у нашай школе, ганарацца тым, што Барыс Кіт – вядомы на ўвесь сьвет вучоны, асьветнік, ганаровы грамадзянін Наваградчыны. Таму Музэй Барыса Кіта – бясспрэчна, гонар для нашай школы”.

“Арганізоўваючы беларускае школьніцтва падчас вайны, Кіт выратоўваў маладых людзей ад вывазу ў Нямеччыну”

Скобла: “Спадарыня Лідзія, музэй – гэта энцыкляпэдыя жыцьця чалавека, якая ня мусіць быць фрагмэнтарнай. Але чамусьці ў музэйнай экспазыцыі – ні слова пра дзейнасьць Кіта з 1941 па 1944 год, а ён жа тады быў дырэктарам беларускіх гімназій у Маладзечне й Паставах, узначальваў Гандлёвы інстытут у тым жа Маладзечне. Пра ўсё гэта ёсьць зьвесткі ў вашых кнігах “Вяртаньне” й “Космас беларуса”. Чаму ж названыя факты выпалі з экспазыцыі?”

Савік: “Справа ў тым, што дакумэнтаў, сьведчаньняў пра гэтую дзейнасьць Барыса Кіта не захавалася. Маецца толькі даведка, што ён пры немцах сядзеў у турме ў Глыбокім. І калі ён эміграваў, гэтая даведка якраз і дапамагла яму першаму сярод беларусаў выехаць у ЗША. Але і сёньня жывуць шмат вучняў Барыса Кіта, якія вучыліся падчас акупацыі ў Глыбокім, Паставах і Маладзечне. І калі Барыс Уладзімеравіч упершыню за паўвека ў 1993 годзе прыехаў у Беларусь, усе вучні, хто мог, зьехаліся на сустрэчу са сваім настаўнікам, якую арганізаваў у Маладзечне Генадзь Карпенка. Сярод вучняў Кіта я магу назваць прафэсара мэдыцыны Пятра Кузюковіча, мастака Кастуся Харашэвіча... Арганізоўваючы беларускае школьніцтва падчас вайны, Кіт выратоўваў маладых людзей ад вывазу ў Нямеччыну. Бо тых, хто вучыўся, немцы не чапалі. Так што тут ягоная заслуга проста велізарная”.

Скобла: “Калі б Барыс Кіт ня выехаў у 1944 годзе на захад, што яго магло чакаць у СССР?”

Савік: “Праца ў цывільных установах падчас нямецкай акупацыі савецкай уладай адназначна расцэньвалася, як калябарацыя, супрацоўніцтва з фашыстамі. Барыс Кіт – працаваў і тым самым, як я ўжо гаварыла, ратаваў беларускую моладзь. Да таго ж, юнакі й дзяўчаты атрымлівалі адукацыю, набывалі нейкую спэцыяльнасьць. Калі б ён застаўся на радзіме й ня выехаў на эміграцыю, то яго адназначна чакаў бы Гулаг. І невядома, ці выйшаў бы ён адтуль жывым. Вымушана выехаўшы на захад, ён уратаваў сваё жыцьцё і свой талент”.

“Музэй вялікага патрыёта Беларусі месьціцца ў… расейскамоўнай школе”

Скобла: “Мяне на адкрыцьці музэю зьдзівіла гэткая рэч: грошы на музэй адшукаліся ў Маскве (прычым, на іх быў адрамантаваны цэлы паверх СШ № 1, якая мае статус расейскамоўнай), а прысутныя на імпрэзе загадчыкі аддзелаў адукацыі ды ідэалёгіі Наваградзкага райвыканкаму ў адзін голас гаварылі пра заклапочанасьць дзяржавы нацыянальнай адукацыяй і культурай. Вас гэта не бянтэжыла?”

Савік: “Вядома, бянтэжыла. Агульнавядома, адкуль у нас ідзе ўстаноўка на русіфікацыю. А вось куды гэта прывядзе – невядома. І тут Музэй Барыса Кіта мусіць выканаць яшчэ і выхаваўчую ролю. Барыс Уладзімеравіч, паўстагодзьдзя ня быўшы на радзіме, ведаючы некалькі эўрапейскіх моваў, так цудоўна гаворыць па-беларуску! І сваё прывітальнае слова на адкрыцьцё музэю даслаў па-беларуску. Я перакананая, што музэй будзе натхняць і вучняў, і настаўнікаў ведаць і шанаваць сваю мову і захоўваць яе, нягледзячы на палітыку русіфікацыі. На жаль, беларуская вярхоўная ўлада не гаворыць па-беларуску й наогул пагардліва ставіцца да роднай мовы. А ва ўладзе гэтак – ніжэйшае начальства глядзіць на вышэйшае й стараецца быць падобным да тых, хто зьверху. І тут я з вамі згодная: выглядае недарэчным, што музэй вялікага патрыёта Беларусі месьціцца ў… расейскамоўнай школе”.

Барыс Кіт–мэцэнат: выданьне беларускіх кніг, падтрымка беларускага радыё, прэмія імя Кіта…

Скобла: “Музэй у Наваградку зьявіўся дзякуючы мэцэнату Валерыю Казакову. І тут мне хочацца згадаць адзін факт. Здаецца, у 1997 годзе я атрымаў з ЗША ад пісьменьніка Масея Сяднёва ягоную кнігу “Раман Корзюк” – твор пра рэпрэсіі 30-х гадоў, пра працэсы над нацдэмамі. Прычым, дапамог выдаць тую кнігу Барыс Кіт. Атрымліваецца, ён ня толькі славуты вучоны, але і сам мэцэнат?”

Савік: “Так, і пра гэта мы, на жаль, нячаста згадваем. Барыс Кіт па прыбыцьці ў ЗША, вельмі хутка трапіў у амэрыканскія касьмічныя дасьледаваньні й меў магчымасьць дапамагаць многім сваім суайчыньнікам. І дапамагаў. Ён быў адным зь першых арганізатараў беларускай суполкі ў горадзе Саўт-Рывэр, дапамагаў перабрацца ў ЗША Юрку Віцьбічу, Масею Сяднёву й многім другім пісьменьнікам і дзеячам культуры. Што яшчэ істотна: Кіт не дзяліў беларусаў на прыхільнікаў БНР і БЦР, яны ўсе былі для яго аднолькава блізкімі суайчыньнікамі. Калі ў аўстралійскім Пэрце пачало працаваць беларускае радыё, Барыс Кіт і там быў сярод фундатараў. Ён заснаваў прэмію свайго імя, у ліку ляўрэатаў якой – Радзім Гарэцкі, Адам Мальдзіс, Сяргей Законьнікаў, Вольга Іпатава, Уладзімер Арлоў, Валер Каліноўскі, Алег Мінкін… Барыс Кіт дапамагаў дырэктарцы Карэліцкага краязнаўчага музэю Сьвятлане Кошур выдаць кнігу “Славутыя людзі Карэліччыны”, пасылаў грошы Алегу Мінкіну – на выданьне кнігі пра Віленскую беларускую гімназію…”

“На сваё 100-годзьдзе пляную прыехаць у Наваградак!” (Барыс Кіт)

Скобла: “А цяпер самы час пачуць самога Барыса Кіта. Я патэлефанаваў у Нямечыну й спытаўся, якімі экспанатамі можа неўзабаве ўзбагаціцца новаадчынены музэй?”

Барыс Кіт
: “Буду рабіць усё, што магчыма, каб музэй выглядаў паважна. У мяне ёсьць вельмі шмат арыгінальных экспанатаў. 3 ліпеня да мяне ў Нямеччыну прыедзе адзін мастак зь Беларусі, зь ім я сёе-тое перадам. Я ёсьць акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, дык прышлю ў музэй арыгінальны дыплём на лацінскай мове. Стане экспанатам залатая мэдаль Обэра і Браўна, якою я быў узнагароджаны ў Нямеччыне. Шмат маю цікавых рэчаў. І ўсё пашлю ў Наваградак!”

Скобла: “Спадар Барыс, на адкрыцьці музэю выказваліся спадзяваньні, што 100-годзьдзе Барыса Кіта будзе адзначацца ў пашыраным музэі з удзелам юбіляра. Ці плянуеце прыехаць?”

Кіт: “Спадзяюся! Добрыя навіны зь Беларусі падтрымаюць маё здароўе. І тады, напэўна, прыеду. А пакуль я трошкі хварэю, але, дзякаваць Богу, хваробы не фатальныя”.

“Беларусь – эўрапейская краіна, і тыя ідэі, якія прынёс нам з вольнага сьвету Барыс Кіт, позна ці рана будуць у нас ажыцьцёўленыя”

Скобла: “Спадарыня Лідзія, адна зь нязьдзейсьненых мараў Барыса Кіта – Нацыянальны ўнівэрсытэт у Беларусі, філію якога ён, дарэчы, плянаваў адкрыць і ў Наваградку. Як вы лічыце, калі гэта можа адбыцца?”

Савік: “Барыс Уладзімеравіч дзеля ажыцьцяўленьня гэтай ідэі са сваім адвакатам напісаў каля 400 лістоў верагодным мэцэнатам ва ўсім сьвеце. І людзі, якія маглі б дапамагчы фінансава, пачалі адгукацца. Кіт літаральна жыў гэтай ідэяй. Але ў 1994 годзе ў Беларусі зьмянілася ўлада, зьмянілася афіцыйнае стаўленьне да мовы, да нацыянальнай культуры, і ён больш у Беларусь не паехаў. У сёньняшняй Беларусь стварыць Нацыянальны ўнівэрсытэт немагчыма. Але я думаю, што зь цягам часу мы вернемся да гэтай ідэі. Беларусь – эўрапейская краіна, і тыя ідэі, якія прынёс нам з вольнага сьвету Барыс Кіт, позна ці рана будуць у нас ажыцьцёўленыя. Я ў гэта сьвята веру”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG