Такім чынам, рашэньне Добрускага раённага суду наконт правамернасьці звальненьня з працы вясковай настаўніцы набыло юрыдычную моц.
Гаворыць спадарыня Варанец:
Мы будзем акіроўваць скаргу на імя старшыні Гомельскага абласнога суду. А калі спатрэбіцца, то зьвернемся і ў Вярхоўны суд
Вясковую настаўніцу звольнілі з працы за прагул у сакавіку гэтага году — у той час, калі яна знаходзілася на аздараўленьні за мяжой.
Фармальнай падставай зьявілася тое, што спадарыня Варанец не дачакалася пісьмовага загаду дырэктаркі школы Ганны Станкевіч. Але, як сьцьвярджае настаўніца, вусны дазвол дырэктаркі быў атрыманы. Так рабілася амаль кожны раз: напісаў заяву, атрымаў згоду — і паехаў. Адзіная ставілася ўмова: каб была пуцёўка ў беларускі санаторый.
Сама ж спадарыня Клаўдзія езьдзіла на аздараўленьне ў Нямеччыну, і гэта не было сакрэтам для адміністрацыі Вуцеўскай школы.
Пасьля звальненьня сям’я вясковых настаўнікаў мусіць жыць толькі на пэнсію Адама Варанца. Яму споўнілася 55 гадоў, і ён займеў права за пэдагагічную працу атрымліваць сацыяльную дапамогу.
Грамадзкі прадстаўнік спадарыні Варанец у судзе ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, юрыст Леанід Судаленка лічыць, што ня варта спыняць змаганьне за аднаўленьне на працы ў школе:
“Настаўніца падала суду доказы паважлівасьці прычынаў, дзеля якіх яна адсутнічала на працы. Гэта ўзгодненыя зь Міністэрствам адукацыі, а таксама з кіраўніцтвам спраў прэзыдэнта дакумэнты, якія пацьвярджаюць той факт, што Клаўдзія Варанец ня толькі аздараўлялася сама, але й вазіла дзяцей з чарнобыльскіх зонаў на адпачынак за мяжу. Але суд чамусьці ня ўзяў гэтыя дакумэнты пад увагу. Таму мы будзем накіроўваць скаргу на імя старшыні Гомельскага абласнога суду. А калі спатрэбіцца, то зьвернемся і ў Вярхоўны суд”.