Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: хочаш замовіць пікет — заплаці міліцыі й “ГарСАПу”


Гомельскі гарвыканкам апублікаваў у афіцыйным мясцовым друку рашэньне № 299 пра новы парадак правядзеньня ў горадзе масавых мерапрыемстваў.

Паводле рашэньня цяпер прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў да замовы на пікет альбо мітынг на пляцоўцы па вуліцы Юбілейнай павінны прыкласьці дамовы з райаддзелам міліцыі на ахову грамадзкага парадку падчас масавага мерапрыемства, з цэнтральнай гарадзкой паліклінікай — на мэдычнае абслугоўваньне, з камунальным прадпрыемствам “ГарСАП” (гарадзкое спэцаўтапрадпрыемства) — на прыбіраньне тэрыторыі.

Кіраўнік абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў так пракаментаваў новае патрабаваньне гарвыканкаму да арганізацыі мірных сходаў, мітынгаў і пікетаў:

“Тут, як я разумею, гарвыканкам вырашыў перакласьці адказнасьць на міліцыю, на паліклініку, на гарадзкія камунальныя службы. Вырашылі ганяць заяўнікаў па розных інстанцыях, каб атрымлівалася, што гэта ўжо не гарвыканкам забараняе нам праводзіць масавыя мерапрыемствы, а тыя службы, зь якімі немагчыма падпісаць адпаведную дамову”.

Апошнім часам Гомельскі гарвыканкам забараняў усе чыста пікеты й мітынгі, якія замаўлялі прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадзкіх дэмакратычных арганізацыяў. У тым ліку і тыя, якія тычыліся
чарнобыльскіх праблемаў і адмены льготаў.

Летась дазволы на масавыя акцыі не атрымалі 74 чалавекі. Таму сёлета ў лютым група грамадзянаў абскардзіла забароны гарвыканкаму ў судзе. Але безвынікова. Суд спаслаўся на тое, што выканкам мае права не дазваляць пікеты й мітынгі дзеля захаваньня грамадзкага парадку.

І вось зараз гарвыканкам яшчэ больш ускладніў працэдуру атрыманьня дазволу на масавыя акцыі.

Меркаваньне старшыні Гомельскай гарадзкой арганізацыі рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Прававая ініцыятыва”, юрыста Леаніда Судаленкі:

“Гэтае рашэньне гарвыканкаму супярэчыць ня толькі Канстытуцыі й закону аб масавых мерапрыемствах, але й міжнародным пагадненьням Беларусі ў галіне правоў чалавека. Хочаш замовіць мітынг — заплаці міліцыі, заплаці “хуткай дапамозе”. Грамадзяне й без таго плацяць падаткі, утрымліваючы гэтыя структуры, уключна з гарвыканкамам. Такое рашэньне Гомельскага гарвыканкаму — нішто іншае, як чарговыя паборы з грамадзянаў. Зьдзіўляе, што рашэньне прайшло рэгістрацыю ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Беларусі”.

Палітычны й грамадзкі актывіст з Гомеля Андрэй Толчын лічыць, што на падставе падобных рашэньняў уладаў хутка ў той жа міліцыі зьявяцца й іншыя “экзатычныя” прэйскуранты:

“Паводле гэтага рашэньня ў аддзеле міліцыі павінны вісець і іншыя прэйскуранты. Напрыклад, удар дубінкай каштуе 10 тысяч рублёў, выкарыстаньне кайданкаў — 15 тысяч і гэтак далей. Але ж гэта абсурд!”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG