Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В. Кебіч піша пра трагічны лёс славянскіх нацыяў


У досьледах "Свабоды" – гісторыя мэмуараў у Беларусі


Мэмуары (ад францускага mémoires) – успаміны, нататкі сучасьнікаў, што расказваюць пра падзеі, у якіх аўтар сам браў удзел або якія яму вядомыя ад відавочцаў. Важная асаблівасьць мэмуараў – дакумэнталізм. У Беларусі апошнім часам многія былыя і дзейныя дзяржаўныя дзеячы, пісьменьнікі выдалі свае мэмуары.

Беларуская мэмуарыстыка на паперы пачалася ў XVI стагодзьдзі. Успаміны ўсяго жыцьця ці адной вайны, з далёкага падарожжа ці аднадзённай паездкі пакінулі наваградзкі падсудак Хведар Еўлашэўскі, князь Мікалай Радзівіл, берасьцейскі поп Апанас Філіповіч, многія шляхцічы.

Творы іх часта станавіліся бэстсэлерамі эўрапейскай мэмуарыстыкі – у 1601 годзе ў езуіцкім калегіюме ў Брунсбэргу была выдадзеная на лацінскай мове кніга Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі “Вандроўка ў Ерусалім” – мэмуары пра падарожжа зь Нясьвіжу ў Сьвятую Зямлю, і адразу ж зьявіліся пераклады гэтай кнігі на нямецкую, польскую, расейскую мовы.

XVIII і ХІХ стагодзьдзі далі, паводле падлікаў Адама Мальдзіса, больш за 200 мэмуараў беларусаў на розных мовах. Сярод аўтараў вылучаюцца постаці берасьцейскага кашталяна Марціна Матушэвіча, віцебскага стольніка Казіміра Сарнецкага, пінчука Францішка Шырмы, канцлера Расейскай імпэрыі, кампазытара Міхала Агінскага, мастака Эдварда Паўловіча.

На ініцыятыву кандыдата філялягічных навук Аляксандра Фядуты ў “Беларускім кнігазборы” выйшлі мэмуары Фадзея Булгарына. Спадар Фядута лічыць, што мэмуарную літаратуру варта чытаць:

“Варта адзначыць такія постаці, як Хведар Еўлашэўскі, Багуслаў Радзівіл, Юліянус Нямцэвіч, той жа самы Булгарын. Гэта вельмі цікава, гэта трэба чытаць і трэба вывучаць”.

ХХ стагодзьдзе дало новую хвалю мэмуараў. Выдавецтва “Беларусь” з 1971-га і да канца 80-х выпускала сэрыю “Мэмуары”. Цікавыя мэмуары атрымліваюцца у пісьменьнікаў. Валянцін Тарас сёлета выдаў кнігу “На высьпе ўспамінаў”:

“Адна з найлепшых мэмуарных кніжак – гэта тая, якую я пераклаў на расейскую мову, – “Доўгая дарога дадому” Быкава. Ну а з астатняга, што я прачытаў і што мне запала – збольшага я прагартаў кніжку Пятра Краўчанкі “Беларусь на ростанях”. Яна, канечне, вельмі насычаная фактамі, падзеямі, роздумамі. Хаця яна напісана крышку сумнавата. Але мова там звычайная. Факты цікавыя, як ён разьвітваўся сам з сабою, ён жа быў даволі відным партыйным дзеячом БССРаўскім”.

Зь нядаўніх партыйных функцыянэраў, дзяржаўных дзеячаў хто толькі ні пісаў мэмуары: Кірыл Мазураў, Анатоль Грамыка, Мікалай Дземянцей, Мечыслаў Грыб, Васіль Лявонаў, Пётар Краўчанка, Вячаслаў Кебіч.

З мэмуараў партыйных дзеячаў Аляксандар Фядута адзначае творы Мікалая Арэхвы, Кірылы Мазурава. З сучасных, кажа літаратуразнаўца Аляксандар Фядута...

“Я б адзначыў мэмуары Васіля Лявонава “Работа над памылкамі”, успаміны Пятра Краўчанкі. Безумоўна, трэба адзначыць мэмуары пісьменьнікаў Васіля Быкава, Аляксея Карпюка. І ў хуткім часе зьявяцца мэмуары Барыса Клейна, трэцяга сябра так званага гарадзенскага літаратурнага гуртка, якія шмат чаго растлумачаць пра тое, што адбывалася ў Беларусі ў савецкі час”.

Аляксандар Фядута лічыць, што, калі мэмуары друкуюцца пры жыцьці, яны не заўсёды добрыя, бо часьцяком атрымліваецца апалёгія. Гэта пацьвердзіў і Вячаслаў Кебіч, якія сёлета выдаў кнігу “Спакушэньне ўладай” – ад развалу Саюзу да нашых дзён.

Вячаслаў Кебіч жартуе, што напісаў свае мэмуары пад уплывам кнігі мэмуараў Пятра Краўчанкі “Беларусь на ростанях”:

«Гэта адказ на ягоныя мэмуары. Ён жа там піша, што, не было б яго, не было б і дзяржавы беларускай. Гэта ня помста, не падумайце толькі, што гэта помста. Але занадта самалюбівы ён чалавек. Я ў сваіх мэмуарах пішу пра многія памылкі, якія я зрабіў. А ён, аказваецца, не зрабіў ніводнай памылкі”.

А калі сур'ёзна, Вячаслаў Кебіч распавёў, што ўсе сябры, калегі цікавіліся, што насамрэч адбылося ў Белавескай пушчы. Гэта і падштурхнула пачаць пісаць першую кнігу:

“Пісаў яе я амаль год, а пасьля зьнішчыў. Таму што няправільна абраў кірунак. Я пісаў пра сябе, пра сяброў – карацей, біяграфічны матэрыял. А потым зразумеў: ну, каму гэта будзе цікава? Толькі таму, пра каго напісаў. Каб больш не паўтараць гэтага глупства, я ўсё парваў і пачаў пісаць наноў ужо пра палітычныя падзеі”.

Так зьявілася зусім іншая кніга. Спадар Кебіч распавёў некаторыя сакрэты. Яму дапамагаў журналіст, які зьвяраў усе факты з газэтамі, дакумэнтамі, каб усё было максымальна дакладна:

“Але я працягваю пісаць. Ужо ёсьць два новыя разьдзелы. Першая – пра адносіны Расеі і Беларусі, чаму не атрымліваецца Саюз. А яго й ня будзе! Другая – пра трагічны лёс славянскіх нацыяў”.

Вячаслаў Кебіч прызнаецца: так спадабалася працаваць, што спыніцца ня можа. Хоць і стараўся быць вельмі карэктным, многія яго крытыкуюць, некаторыя пакрыўдавалі:

“Той жа Краўчанка будзе незадаволены, Мечыслаў Грыб. Як ён хацеў на мяне кайданкі надзець, а я напісаў, што вось твая міліцэйская існасьць, маўляў, без кайданкоў не можаш абысьціся нават на найвышэйшай дзяржаўнай пасадзе. Больш за ўсіх пакрыўдзіўся Мясьніковіч, але я лічу, што даў яму нармальную характарыстыку...”

Ад хронікі мэмуары адрозьніваюцца менавіта тым, што ў іх на першы плян выходзіць асоба аўтара са сваімі пачуцьцямі, поглядамі, а часьцяком і небесстароннымі меркаваньнямі і ацэнкамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG