Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец: “БХД трэба падымаць сьцяг” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Сёньня ў сядзібе БНФ у Менску адбылася навукова-практычная канфэрэнцыя “Хрысьціянская дэмакратыя: беларускі шлях”.


Яе ладзіў аргкамітэт Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Канфэрэнцыя прымеркаваная да 91-х угодкаў з дня заснаваньня “Хрысьціянскай Дэмакратычнай Злучнасьці”.

Такімі канфэрэнцыямі, якія ладзяцца вясной і восеньню, прыхільнікі беларускай хрысьціянскай дэмакратыі адзначаюць гістарычныя даты.

Менавіта 24 траўня 1917 году 30 ксяндзоў заснавалі Хрысьціянскую Дэмакратычную Злучнасьць. А 6 лістапада 1927 году ў Вільні была створаная шматканфэсійная партыя – Беларуская хрысьціянская дэмакратыя.

Сярод удзельнікаў канфэрэнцыі – прадстаўнікі больш чым 20 гарадоў Беларусі, вядомыя палітыкі, гісторыкі і сьвятары.

Лідэр БХД Павал Севярынец сказаў:

“У самыя цяжкія часы беларускай гісторыі нацыянальным адказам на пагрозы фашызму, камунізму, калі-некалі капіталізму, калі-некалі акупацыі была моцная Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. І зараз, мы лічым, надышоў час, калі хрысьціянскай дэмакратыі трэба падымаць сьцяг. Таму тэма канфэрэнцыі – гэта ня толькі гісторыя, але й ідэалёгія і палітыка”.

У 2005 годзе пачаў актыўную працу аргкамітэт партыі “БХД”. Паводле арганізатараў, яна зьяўляецца права-цэнтрысцкай палітычнай сілай і засноўвае сваю дзейнасьць на хрысьціянскіх каштоўнасьцях і беларускім патрыятызьме. Ужо ў другі раз пададзены дакумэнты на рэгістрацыю партыі. Лідэр БХД Павал Севярынец сказаў:

“Мэта БХД – стварыць маральную базу для пераменаў у Беларусі. Згуртаваць тысячы вернікаў у грамадзкай дзейнасьці і ў палітыцы. Каб людзі, якія прымаюць сумленныя рашэньні, стварылі грунт для якасна іншай, якасна новай Беларусі. На тым грунце, які зараз, – на грунце хлусьні, страху, распусты і развалу сям’і, на грунце масавага алькагалізму, – пабудаваць новую квітнеючую Беларусь немагчыма. Патрэбны маральны грунт, маральная база, і мы стараемся яе стварыць”.

Падчас канфэрэнцыі адбылася прэзэнтацыя зборніка артыкулаў “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. Гісторыя. Праграмы. Хрысьціянства і палітыка”. Адзін з аўтараў кнігі, прафэсар Анатоль Грыцкевіч, прысьвяціў свой выступ беларускай мове і царкве:

“Адной з адметных рысаў у існаваньні нацыі зьяўляецца мова. Яшчэ ў пачатку 20-га стагодзьдзя Вацлаў Ластоўскі нагадаў афарызм – народ жыве датуль, пакуль жыве яго мова. Без народнай мовы няма народу. Наш досьвед нападак на беларускую мову і спробаў яе зьнішчэньня з боку царскіх уладаў, савецкіх і постсавецкіх правадыроў, паказвае усю неабходнасьць змаганьня за родную мову ва ўсіх галінах культуры і грамадзкіх дачыненьняў”.

Старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі ў сваім выступе на канфэрэнцыі сказаў, што ўкараненьне і разьвіцьцё хрысьціянкай традыцыі ў Беларусі мела свае асаблівасьці. І гэтая тэма яшчэ мала дасьледавана:

“Хрысьціянская дэмакратыя – гэта складовая частка шырокага руху, разуметага як Народны фронт ад канца 80-х гадоў. Памятаю нашы добрыя кантакты з адпаведнай фракцыяй у Эўрапарлямэнце. Мы два разы былі са спадарамі Пазьняком і Хадыкам у Брусэлі. І гэтае супрацоўніцтва не спынілася да сёньняшняга дня. Я вітаю саму актывізацыю хрысьціянскай дэмакратыі”.

Супольная малітва перад пачаткам канфэрэнцыі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG