Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як рэагуюць прэдагогі на вяртаньне да 11-годкі?


Пытаньне пра тое, каб вярнуць у сярэднюю школу 11-гадовае навучаньне, ужо фактычна вырашана.


У сярэдзіне красавіка ініцыятарам адмовы ад 12-годкі выступіў Аляксандар Лукашэнка. Пасьля нарады ў кіраўніка краіны была створаная міжведамасная камісія, якая палічыла мэтазгодным узаконіць 11 гадовы тэрмін сярэдняй адукацыі, якая “забясьпечвае рацыянальнае выкарыстаньне бюджэтных сродкаў і адпавядае пажаданьням большасьці грамадзянаў”.

Старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка лічыць рашэньне вярнуцца да 11-гадовага курсу навучаньня пасьпешлівым, бо малапрафэсійная каманда чыноўнікаў, якая фактычна “заваліла” экспэрымэнт з 12-годкай, наўрад ці здольная чымсьці вызначыцца ў чарговай рэформе:

“Няхай было б пакуль 12, бо ўсё роўна зробяць ня тое і зноў ня так. Праблемаў шмат іншых у школе. Не гавораць увогуле пра свой досьвед, пра нацыянальную асьвету. Давядзецца ж некалі вырашаць гэтыя праблемы. З аднаго боку, тут добра тым, хто працуе ў вышэйшай школе, у Нацыянальным інстытуце адукацыі. Ім, можа, і добра будзе. Усё ж будуць укладацца грошы зноў у гэтыя новыя праграмы, зноў новыя падручнікі будуць патрэбныя. Але на самой справе я не рабіў бы гэтую рэформу. Няхай бы ўжо некалі зрабілі прафэсіяналы.

А наагул мне гэта ўсё нагадвае нейкага вазака, які едзе на конях, паганяе. Чалавек, магчыма, першы раз за лейцы ўзяўся, ня ведае, куды ехаць. То туды, то назад, коні таксама то направа, то налева тузаюцца, топчуцца на месцы... Непрафэсіяналізм нашых уладных “вазакоў” відавочны. Бо на кіраўнічыя пасады бяруць, зразумела, не людзей здольных, не дэмакратычным шляхам выбраных, якія павінны валодаць іншымі якасьцямі, а перадусім адданых і ляяльных. Таму так і атрымліваецца”.

У сярэдніх навучальных установах камэнтаваць навацыі пакуль не бяруцца. Як кажа дырэктар беларускай гімназіі № 4 Юрый Бандарэнка — выдатнік адукацыі СССР, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі, у мінулым загадчык аддзелаў адукацыі Фрунзэнскага і Першамайскага раёнаў — пакуль няма прэзыдэнцкага дэкрэту, падставаў да сур’ёзных размоваў таксама няма:

“Пакуль што сёньня яшчэ нічога не зьмянілася. Мы, пэдагогі краіны, чакаем дакумэнту. Але канчатковага дакумэнту няма. Таму пакуль што мы нічога ня ведаем. Будзе дакумэнт, потым будзем гаварыць. Гэта па-першае, а па-другое, я кірую дзяржаўнай гімназіяй. І што вырашыць кіраўнік дзяржавы, кіраўніцтва раёну, тое мы і будзем выконваць. Добра гэта ці ня добра — што з таго? Ёсьць розныя меркаваньні, ёсьць моманты нармальныя, ёсьць не зусім, але час пакажа”.

Дырэктар Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа Ўладзімер Колас лічыць, што ў чымсьці такое рашэньне пойдзе на карысьць вучням, якія атрымаюць меншую порцыю “ідэалягічнага замбаваньня”:

“Гэта яшчэ раз сьведчыць аб прафэсійным узроўні тых, каму лёсам выпала займацца гэтай справай. Я маю на ўвазе — адукацыяй. Безумоўна, адукацыя ня церпіць вось такіх кідкоў, імпульсіўных і неабгрунтаваных. І толькі страты ад гэтага будуць агульнай справе. Але сапсаваць гэтую справу ўжо цяжка, бо яна і так ужо сапсаваная. І ў прынцыпе 10 гадоў, 11—12 — ня гэта галоўнае. А галоўнае тое, што робяць сёньня ў школах з маладым пакаленьнем беларусаў. Іх пазбаўляюць гістарычнай памяці, іх пазбаўляюць нацыянальнай сьвядомасьці, у прынцыпе здольнасьці самастойна мысьліць і ацэньваць факты. Па вялікім рахунку, чым меней будуць знаходзіцца маладыя людзі ў школе, тым лепш. Але для агульнай справы гэта толькі шкода”.

Карэспандэнт: “На ліцэйскае жыцьцё паўплывае гэтая рэформа ці не?”

“Безумоўна, тыя, хто займаецца па ліцэйскай праграме, будуць мець нейкія праблемы пры здачы іспытаў экстэрнам. Ну, але гэтыя пытаньні можна адрэгуляваць. Увогуле адзінае выйсьце ў такой сытуацыі для нармальнай, таленавітай, здольнай моладзі, а такой у нас шмат, — больш увагі і больш часу аддаваць самастойнаму навучаньню з тым, каб атрымаць адукацыю на ўзроўні цяперашніх патрабаваньняў, сучаснага ўзроўню грамадзтва”.

Выкладчык гісторыі Сяргей Русецкі лічыць, што пытаньне пра колькасьць гадоў, праведзеных за школьнай партай, не прынцыповае. Галоўнае ў тым, што новая рэформа возьме за арыенцір:

“Мяне мала хвалюе — 10, 11 ці 12 гадоў. Ня мае ніякага значэньня, бо на самой справе гэта толькі форма. Больш хвалюе зьмест адукацыі: што будзе выкінута, што будзе “кастрыравана”, што будзе пабольшана. Натуральна, што пабольшана нічога ня будзе. Паводле маёй інфармацыі, прадугледжана скарачэньне выкладчыцкіх гадзінаў. Стаўка выкладчыка будзе не 18, а 16 гадзінаў пры павелічэньні гадзінаў на выхаваўчую працу. Якая выхаваўчая праца? Закліканьне ў піянэрскую арганізацыю, у БРСМ ды іншую штучную трасцу. А не праз тую ж “Гісторыю Беларусі”, якую яўна скароцяць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG