Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Белнафтахім” ня будзе абскарджваць санкцыі ЗША


Канцэрн “Белнафтахім” плянуе да канца году падаць ураду прапановы па прыватызацыі прадпрыемстваў “Палімір” і “Нафтан”.

Пра гэта заявіў 20 траўня намесьнік старшыні канцэрну Міхаіл Асіпенка: “Разглядаецца варыянт продажу акцыяў прадпрыемстваў адзіным гаспадарчым комплексам”. Камэнтуючы наступствы эканамічных санкцый ЗША, сп. Асіпенка заявіў, што шкода ад іх абсалютна нязначная.

Міхаіл Асіпенка адмовіўся камэнтаваць заяву Міністэрства замежных справаў Беларусі пра тое, што санкцыі ЗША накіраваныя супраць шараговых беларускіх грамадзянаў і закранаюць інтарэсы працаўнікоў прадпрыемстваў, ўключаных у абмежавальны сьпіс. Ён заявіў, што канцэрн не зьбіраецца абскарджваць санкцыі ў міжнародных інстанцыях:

“Паколькі санкцыі пачалі прымяняцца з 14 лістапада мінулага году ў той ці іншай ступені адносна прадпрыемстваў канцэрну “Белнафтахім”, была праведзеная пэўная праца па пераводзе разьлікаў на іншыя віды валют. І апошнія падзеі адносна рашэньня міністэрства фінансаў ЗША па нашых трох прадпрыемствах, на наш погляд, ня зробяць ніякай шкоды. Прадукцыя, якую выпускаюць гэтыя прадпрыемствы, пераарыентаваная на іншыя рынкі. Таму ацаніць шкоду не ўяўляецца магчымым, бо, на мой погляд, яна абсалютна нязначная”.

На пытаньне, ці варта было кіраўніцтву Беларусі даводзіць справу да дыпляматычнага скандалу, спадар Асіпенка адказаў:

“Мне не хацелася б камэнтаваць пытаньні ўвядзеньня санкцый. Наша справа — рабіць прадукцыю і яе рэалізоўваць. І мы гэтым пасьпяхова займаемся. А санкцыі — гэта пытаньні Міністэрства замежных справаў, узаемаадносінаў паміж краінамі на самым высокім узроўні. А мы — вытворцы. У нас задача пастаўлена — мы робім і рэалізуем, нягледзячы ні на якія санкцыі”.

Паводле спадара Асіпенкі, прадпрыемствы канцэрну пераважна прайшлі працэдуру разьдзяржаўленьня, за выключэньнем “Беларуськалію” і сьветлагорскага “Хімвалакна”. Цяпер разглядаюцца прапановы замежных інвэстараў адносна “Паліміру”, “Нафтану”, магілёўскага “Хімвалакна” ды іншых. “Палімір”і “Нафтан” прапануюцца інвэстару адзіным пакетам:

“Адзіным гаспадарчым комплексам будзем прапаноўваць для наступнага інвэставаньня. Я думаю, што да канца году мы ўнясем ва ўрад прапановы па арганізацыі гэтага працэсу”.

Спадар Асіпенка паведаміў, што адносна гомельскага хімзаводу вядзецца праца з расейскім “ЭўраХімам”. Напрыканцы траўня чакаецца візыт Дзьмітрыя Стрэжнева, запрошанага віцэ-прэм’ерам Сямашкам.

Намесьнік дырэктара расейскага інстытуту краін СНД Уладзімер Жарыхін мяркуе, што ўведзеныя санкцыі ня выгадныя ні Расеі, ні ЗША, ні Беларусі. Адносна таго, што расейскі бок працягвае субсыдыяваць рэжым у Беларусі, нягледзячы на палітзьняволеных і парушэньні правоў чалавека, ён сказаў:

“Расея мае эканамічныя стасункі зь Беларусьсю. Многія рэчы, якія адбываюцца ў Беларусі, і ў Расеі не падабаюцца шмат каму. Але гэта не азначае, што трэба з дапамогай эканамічнага ўзьдзеяньня на кашалёк шараговага грамадзяніна спрабаваць зьмяніць дзеяньні зусім не шараговых грамадзянаў, на чый кашалёк гэтыя санкцыі ніяк не паўплываюць”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG