Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Т. Процька: “У Беларусі зьнікае розьніца паміж праваабаронцам і палітыкам”


11 траўня на сходзе прадстаўнікоў Беларускага Хэльсынскага камітэту новым старшынём праваабарончай арганізацыі абраны Алег Гулак, які болей за паўгода выконваў гэтыя абавязкі. Тады ж была задаволеная просьба Тацяны Процькі аб адстаўцы з пасады старшыні БХК, які яна ачольвала 13 апошніх гадоў. Чым выкліканая ратацыя ў кіраўніцтве найстарэйшай праваабарончай арганізацыі краіны?


Карэспандэнт: “Спадарыня Тацяна, дык чым тлумачыцца ваша нечаканая адстаўка?”

“Увесь час у нашым дэмакратычным друку, асабліва ў аналітычных працах, гаворыцца пра тое, што павінна быць ратацыя кіраўніцтва грамадзкіх аб’яднаньняў. Колькі мы ўжо гаворым пра тое, што кіраўнікі нашых партый нязменныя, як і Лукашэнка?! І калі рэальна чалавек вырашыў пакінуць пасаду, каб даць магчымасьць маладым праявіць сябе, адчуць адказнасьць за свой лёс, за лёс іншых людзей, гэта выклікае нейкія пытаньні, нейкія плёткі. Мне гэта незразумела. Такая пазыцыя, як у мяне, павінна быць звычайнай грамадзкай зьявай. Я на пасадзе ад 1995 году. Калі ўлічыць, што ў нас тэрмін не 4—5 гадоў, як у прэзыдэнтаў, а праз два гады ратацыя павінна адбывацца, дык я ўжо шэсьць тэрмінаў адбыла. Лічу, дастаткова. Трэба ў час сыходзіць са сцэны ”.

Карэспандэнт: “А чым абумоўлены менавіта гэты час?”

“Тут ніякага такога асаблівага спалучэньня зорак няма. Зараз трэба пачынаць новую тактыку, выпрацоўваць новую стратэгію. Бо перамогаў у дэмакратычным руху няма. Трэба шукаць новыя шляхі, новыя спосабы, новыя формы дзейнасьці. Паколькі ў новым дэмакратычным грамадзтве давядзецца жыць ужо маладым людзям (ня ўсе з нас змогуць пабачыць гэтае самае грамадзтва), то трэба, каб менавіта маладыя ўсталёўвалі гэты лад жыцьця, працавалі на тое, каб спраўдзіліся іхныя мары, іхныя жаданьні. Каб яны адчувалі сябе гаспадарамі ў гэтым новым грамадзтве”.

Карэспандэнт: “Кансультатыўную дапамогу калегам з БХК аказваць будзеце”

“Вядома, няма пытаньняў. Гэта ж не разрыў. Я сышла з кіраўніцтва. Ніхто мяне, падкрэсьліваю, не падседжваў. Ніякіх праблемаў у мяне не было, усе хацелі, каб я заставалася. Але гэта заўсёды — толькі я, я і я. А трэба, каб гэта рабілі іншыя людзі. Бо будучыня — іх, і іх — жыцьцё. І каб яны адчувалі адказнасьць за сваё жыцьцё. Паглядзіце, у нас усе зь мясцовага кіраўніцтва ківаюць на Лукашэнку. А дзе яны, дзе іх адказнасьць? Няма. Тое самае і ў дэмакратычных арганізацыях адбываецца, калі не зьмяняецца кіраўніцтва. Таксама людзі прызвычайваюцца ківаць на кіраўніцтва. І не адчуваюць адказнасьці”.

Карэспандэнт: “Вы ў пэўным сэнсе расчараваныя эфэктыўнасьцю праваабарончай дзейнасьці ў беларускіх умовах?”

“Па-першае, гэта ж не мужчына, што можна быць “ачараваным” ці расчараваным. Гэта праца. Запытайце ў токара: расчараваны ён ці не, калі сыходзіць з працы? Ні ў кога ня ўзьнікне жаданьня задаць такое пытаньне. Я працавала дзеля таго, каб у нашым грамадзтве ўмацаваліся ідэалы, нормы і стандарты сучаснага, дэмакратычнага, цывілізаванага ладу жыцьця. І я думаю, шмат што мне ў маім жыцьці ўдалося зрабіць дзеля гэтай мэты.

Калі мы ў 1995-м рэгістравалі сваю арганізацыю ў Міністэрстве юстыцыі і ў нас у статуце было зазначана: мы прытрымліваемся ў сваёй дзейнасьці мэтаў, нормаў і стандартаў, якія замацаваныя ў Дэклярацыі правоў чалавека, у міністэрстве папрасілі знайсьці тэкст Дэклярацыі, бо яе ніхто ня бачыў. І не змаглі мы нідзе яе знайсьці. Яна была надрукаваная толькі ў навуковых манаграфіях. А зараз гэта ўжо настольная кніга. Сёньня нават прэзыдэнт ужывае спалучэньне “правы чалавека”. І ўсё за такі кароткі прамежак — 12 гадоў. У гэтым ёсьць пэўная частка і нашай працы. Тут расчараваньня быць ня можа, таму што правы чалавека — гэта тое будучае чалавецтва, якое павінна фармавацца сёньня. Каб нашы дзеці і мы самі былі шчасьлівыя”.

Карэспандэнт: “Лукашэнка, можа, і карыстаецца словазлучэньнем “правы чалавека”, але ад арганізацый, якія напачатку 1990-х пачыналі займацца праваабарончай дзейнасьцю, засталіся адзінкі...”

“Людзі, якія былі праваабаронцамі ў СССР, наагул мелі адну арганізацыю — гэта Маскоўская Хэльсынская група. І ўвайшлі ў гісторыю, людзі іх памятаюць, імі ганарацца. Справа ня ў колькасьці. На жаль, сёньня ў нас праваабарончая дзейнасьць мае крыху іншы характар, чым у тыя гады. Яна больш спалучаецца з палітыкай. Усе нашы вядомыя дэмакратычныя палітыкі так ці інакш называюцца праваабаронцамі. Вось гэтая розьніца паміж праваабаронцамі і палітыкамі, на жаль, не заўсёды бачная. А сапраўдныя праваабаронцы абараняюць закон, правы чалавека ня дзеля кар’еры, ня дзеля таго, каб палепшыць свой стан жыцьця. Яны гэта робяць, таму што ня могуць рабіць інакш. Проста ня могуць трываць, калі ёсьць тое, што зьневажае чалавека, не дае яму быць годным. Такія людзі для любога грамадзтва вельмі дарагія. Як я кажу, гэта эксклюзіўны тавар. І таму няважна, што ў нас няшмат такіх арганізацый, галоўнае, што ёсьць людзі неабыякавыя, якія могуць прыйсьці на дапамогу тым, хто пакутуе ад дзяржавы”.

Карэспандэнт: “Можаце расказаць, чым зьбіраецеся займацца?”

“Цяжка сказаць, якую арганізацыйную працу я буду весьці. Я дастаткова здольная да аналітычнай працы. Прапановы ў гэтым кірунку ёсьць. Людзі адразу ўспомнілі, што я і філёзаф, і гісторык. Цікава, што прапановы ідуць менавіта ў гэтым кірунку — удзельнічаць у розных праектах, пісаць аналітычныя тэксты. Адны — больш навуковага кірунку, іншыя — асьветніцкага кірунку. Бяз справы тут не застанесься. Думаю, будуць яшчэ прапановы грамадзка-палітычнага накірунку. Час пакажа...”

Карэспандэнт: “Ня думалі пайсьці шляхам Станіслава Шушкевіча, які пасьпяхова рэпрэзэнтуе Беларусь зь лекцыямі за мяжой?”

“Шушкевіч — гэта чалавек, які ня проста чытае лекцыю. Ідуць на яго паглядзець як на чалавека, які ўдзельнічаў у развале адной з магутных небясьпечных краінаў сьвету. Таму тут параўнаньня ня можа быць. Не, я ня думала пра замежныя ваяжы, мяркую, што і тут хапае працы. На жаль, сёньня культура іншая стала. Чытаньне людзям сучасным і асабліва моладзі не ўласьцівае. Шкада бывае часу пісаць, ведаючы, што ня ўсе прачытаюць з тых, каму гэта адрасуецца. Але што зробіш, час такі”.

Тацяна Процька нарадзілася ў Менску. Скончыла Белдзяржунівэрсытэт, асьпірантуру Інстытуту філязофіі і права НАН Беларусі. Кандыдат філязофскіх навук. Працавала на катэдры фізыкі паўправаднікоў, выкладчыцай на катэдры ядзернай фізыкі БДУ. Пазьней — старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук. Рэдактар радыёчасопісу “Наша мінуўшчына”, палітычны камэнтатар на Беларускім радыё.

У 1995 годзе ўзначаліла Беларускі Хэльсынскі камітэт. Узнагароджаная мэдалём Францішка Багушэвіча ад Беларускага ПЭН-цэнтру. Замужам, мае дзьвюх дачок.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG