Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плян па алімпійскіх мэдалях адмянілі?


Перад беларускімі спартоўцамі, якія будуць выступаць на 29-х летніх Алімпійскіх гульнях у Пэкіне, упершыню ня ставіцца задача заваяваць пэўную колькасьць мэдалёў.



Міністар спорту і турызму Аляксандар Грыгараў заявіў, што прэзыдэнт беларускага Нацыянальнага алімпійскага камітэту (НАК) Аляксандар Лукашэнка пакуль ня вызначыўся, ці паедзе ён у Пэкін.
НАК, амбасада зрабілі ўсе захады дзеля таго, каб ужо сёньня знаходжаньне кіраўніка дзяржавы было на найвышэйшым узроўні

Арганізацыйны камітэт пэкінскай Алімпіяды паведаміў: у сталіцу Кітая зьбіраюцца прыехаць кіраўнікі сарака дзяржаваў. Ці будзе сярод іх Аляксандар Лукашэнка, які ачольвае і Нацыянальны Алімпійскі Камітэт (НАК) Беларусі?

“Ён прыме рашэньне, зразумела ж, сам. Але НАК, амбасада нашай краіны зрабілі ўсе захады дзеля таго, каб ужо сёньня знаходжаньне кіраўніка дзяржавы і асобаў, якія яго суправаджаюць, было на найвышэйшым узроўні”, - кажа міністар Грыгараў.

Падчас свайго выступу перад журналістамі, які цягнуўся амаль гадзіну, Аляксандар Грыгараў ні разу не сказаў, колькі ж мэдалёў плянуюць атрымаць гэтым разам беларускія алімпійцы. І толькі з адказу на пытаньне журналістаў стала зразумелым, чаму міністар абыходзіўся бяз гэтых лічбаў:

“Сёньня наша задача — патрапіць у 20 наймацнейшых спартовых дзяржаваў сьвету і па магчымасьці пераўзысьці вынік нашага найлепшага выступу ў Сыднэі, калі беларускія алімпійцы заваявалі 17 мэдалёў, зь якіх 3 залатыя”.

Скарыстаўшы тую нагоду, што Аляксандар Грыгараў закрануў пытаньне акрэдытацыі ў Пэкіне журналістаў, я спытаўся ў яго, ці магчыма яшчэ аднавіць алімпійскую акрэдытацыю беларускай газэты “Прессбол”. Сёлета пры канцы лютага на паседжаньні НАК спартовыя чыноўнікі вырашылі — выданьне ня вартае працы ў Пэкіне, бо нібыта дыскрэдытуе алімпійскі рух. Падставай стаў артыкул журналісткі, колішняй знакамітай спартоўкі Сьвятланы Парамыгінай. Яна расказала, як праз сумнеўныя расейскія фірмы адмываліся вялікія сродкі, выдаткаваныя на падрыхтоўку беларускіх алімпійцаў.
Нас пазбавілі акрэдытацыі, адбылося 28 лютага. А 29-га ўжо быў дэдлайн


Міністар сказаў, што аднаўленьня акрэдытацыі ня будзе:

“Акрэдытацыю ўсе мэдыі ўжо прайшлі. Гэтая тэма закрытая”.

Галоўны рэдактар “Прессбола” Ўладзімер Беражкоў адзначае:

“Чыноўнікі да гэтага добра падрыхтаваліся. Паседжаньне выканкаму НАК, на якім нас пазбавілі акрэдытацыі, адбылося 28 лютага. А 29-га ўжо быў дэдлайн. Але я ня веру ў тое, што нічога нельга зьмяніць. Я памятаю выпадак, калі акрэдытацыя вярталася выданьню літаральна за тыдзень да пачатку Алімпіяды. І гэта было ў Беларусі”.

Найлепшы спартовец Беларусі 2007 году Іван Ціхан сказаў “Свабодзе”, што ён рэгулярна чытае “Прессбол”:

“Але ў мяне з газэтай склаліся пэўныя дачыненьні, паколькі яна ў той час, калі я перамагаў, ня вельмі спрыяльна да мяне ставілася. Чаму? Калі размаўляў з журналістамі, яны мне казалі, што нічога дрэннага да цябе ня маем. Але чамусьці заўжды пісалі пра мяне зь нейкай гарчынкай. Можа, я нечым не спадабаўся ці яшчэ нешта…

А што тычыцца акрэдытацыі, дык я ня ведаю ўсёй сытуацыі. І таму рабіць пэўныя высновы ня маю права”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG