Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вільня: маладыя сацыл-дэмакраты зьвярнуліся да Лукашэнкі


26 красавіка моладзь у Вільні правяла дзьве акцыі да 22-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы каля будынку беларускай амбасады ў Літве. Маладыя сацыл-дэмакраты зь Беларусі і эўрапейскіх краінаў зьвярнуліся да кіраўніка Беларусі з нагоды 22-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы.


Каля двух дзесяткаў чалавек узялі удзел у акцыі, арганізаванай беларускімі студэнтамі, актывістамі “Маладой грамады”, разам са сваімі сябрамі з Міжнароднага саюзу сацыялістычнай моладзі з розных краінаў Эўропы. Адзін з арганізатараў акцыі, магістрант Эўрапейскага гуманітарнага унівэрсытэту Ігар Барысаў, патлумачыў, што моладзь выказвае свой пратэст супраць прымусовага накіраваньня маладых спэцыялістаў у забруджаныя радыяцыяй раёны, супраць скасаваньня ільготаў для тых, хто заслугоўвае найбольшай падтрымкі з боку дзяржавы.

Сацыяльная акцыя

“Я тут, каб падтрымаць маіх сяброў. Гэта сумная дата, і гэта не нагода для сьвята ці палітычных імпрэзаў, так што гэта хутчэй сацыяльная акцыя, -- спроба зьвярнуць увагу палітыкаў на праблемы звычайных людзей у Беларусі, на тое, у якіх умовах яны жывуць”, -- адзначыў удзельнік акцыі, студэнт ЭГУ Зьміцер Геруловіч.

Мікаэль Нільсан трымаў плякат з надпісам “Не накіроўваеце маладых спэцыялістаў у атручаную зону! Не закрывайце вочы на чарнобыльскую катастрофу!”.

“Я належу да сацыял-дэмакратычнай моладзі ў Даніі і я сябра Беларускай групы ў нашым саюзе. Мы стварылі яе, таму што ў Беларусі – дыктатура, і мы павінны быць салідарнымі. Натуральна, каб у маёй краіне была б дыктатура, я б спадзяваўся на падтрымку моладзі сьвету, таму і я, вядома, маю дапамагчы сябрам. Я прыйшоў з сябрамі да амбасады Беларусі, таму што я салідарны з беларускай моладзьдзю і выступаю супраць прымусовага накіраваньня моладзі ў атручаныя радыяцый раёны”.

Удзельнікі акцыі таксама раздавалі мінакам кветкі і копіі звароту сацыял-дэмакратычнай моладзі Беларусі і іншых краінаў сьвету да беларускага кіраўніцтва з прапановамі для вырашэньня праблемаў, зьвязаных з Чарнобыльскай катастрофай. Пасьля акцыі каля будынку амбасады Беларусі маладыя сацыял-дэмакртаы паставілі ў бліжэйшай царкве сьвечкі ў памяць загіблых ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы.

Зварот да Аляксандра Лукашэнкі

“Цягам апошніх трох дзён мы абмяркоўвалі тут праблемы свабоды ў Беларусі, дэмакратыі і правоў чалавека, -- сказала генэральны сакратар Міжнароднага саюзу сацыялістычнай моладзі Івона О'Калахан, -- і мы памятаем гэтую трагічную дату, таму мы абмяркавалі лёзунгі і прыйшлі сюды на знак салідарнасьці з беларусамі, якія пацярпелі ад Чарнобылю, а таксама падрыхтавалі зварот да беларускіх уладаў”.

Зварот да кіраўніка Беларусі і уладаў будзе перададзены ў амбасаду Беларусі ў Літве ў бліжэйшы працоўны дзень.

У звароце, падпісаным генэральным сакратором Міжнароднага саюзу сацыялістычнай моладзі Івонай О'Калахан, гаворыцца аб тым, што на працу на забруджаных тэрыторыях людзі павінны накіроўвацца толькі дабраахвотна, і мае быць прыняты мэдычны рэестр грамадзянаў, якія могуць працаваць там. Моладзь патрабуе вярнуць ільготы для ліквідатараў наступстваў аварыі, а таксама жыхарам забруджанай зоны і працягваць праграму іх пераселеньня; забясьпечыць спрыяльныя умовы для дасьледваньняў і запрасіць для сталага маніторынгу сытуацыі са зьменамі радыяцыйнага фону незалежных экспэртаў.

Флэш-моб

Флэш-моб перад будынкам амбасады Беларусі ў Вільні правяла моладзь з арганізацыі “Студэнцкі альянс”, нядаўна створанай студэнтамі Эўрапейскага гуманітарнага унівэрсытэту. Удзельнікі павесілі на агароджу амбасады плякат з пратэстам супраць пабудовы новай АЭС у Беларусі і паставілі побач запаленыя сьвечкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG