Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошняе папярэджаньне Маўлюдзе Атакулавай


Актывістку незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Маўлюду Атакулаву пакінулі вучыцца ў Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце.


Раней дзяўчыне пагражалі адлічэньнем з вучобы, абвінаваціўшы ў пропусках заняткаў зь непаважных прычын. Затрыманьні і адбыцьцё арышту дзяўчыне адзначылі як прагулы.

Маўлюда Атакулава апавяла “Свабодзе”, што студэнтаў, якія падпісаліся пад заявай у яе падтрымку, па адным выклікаюць у дэканаты ўнівэрсытэту.

16 студзеня спэцназаўцы затрымалі Маўлюду за спробу правесьці акцыю салідарнасьці з Артурам Фінькевічам. У яе заплечніку знайшлі партрэты маладафронтаўца, які тады яшчэ быў у турме. Дзяўчыну абвінавацілі ў дробным хуліганстве і арыштавалі на 10 сутак. 25 сакавіка яе зноў затрымалі за ўдзел у сьвяткаваньні Дня Волі і арыштавалі на 15 сутак.

Калі Маўлюда прыйшла на вучобу, стараста групы паведаміла, што яе прасілі падлічыць усе пропускі заняткаў. Суткі арышту палічылі як пропускі зь непаважнай прычыны. Дзяўчыну папярэдзілі, што яе, хутчэй за ўсё, адлічаць з вучобы.

Але ўчора, 22 красавіка, калі ў судзе Цэнтральнага раёну зачытвалі прысуды моладзевым актывістам, Маўлюду запрасілі ў рэктарат. Рэктар Уладзімер Шымаў паведаміў студэнтцы, што яна будзе вучыцца далей. Але папярэдзіў, што ў выпадку, калі яе яшчэ затрымаюць, то яе прозьвішча адразу выкрасьляць са сьпісу студэнтаў.

Гаворыць Маўлюда Атакулава:

“Некаторых студэнтаў выклікаюць у дэканаты і пытаюцца, навошта яны ставілі свае подпісы. Кажуць: “Мы ж вас папярэджвалі, каб ня лезьлі ў палітыку”. Хоць я ня ведаю, пры чым тут палітыка, калі папросту паставілі подпіс за свайго сябра, каб яго не адлічалі з вучобы. Падчас размовы з рэктарам ён мне паказваў раздрукоўкі, у тым ліку з сайту Радыё Свабода, і папярэджваў, каб я больш нічога не паведамляла журналістам. Раіў лепей гэтага не рабіць. Таму я лічу, што гэты розгалас яго, напэўна, напалохаў. Ну і, відаць, яшчэ той досьвед, які ён мае пасьля выключэньня Тані Хомы”.

Антона Койпіша, якога суд пакараў штрафам у крымінальнай справе, распачатай супраць моладзевых актывістаў паводле падзеяў 10 студзеня, адлічылі з IV курсу мэханіка-матэматычнага факультэту БДУ.

Ён апавёў, што гэта зрабілі на другі ж дзень пасьля таго, як яму надалі статус абвінавачанага — яшчэ падчас сьледзтва.

“Мне было патрэбна 3 сакавіка ісьці ў сьледчы камітэт, але з-за таго, што мне трэба было пераздаваць экзамэн, я папрасіў перанесьці візыт на 4-га. Прыходжу па накіраваньне на экзамэн, а мне замест гэтага даюць паперу пра тое, што я адлічаны за акадэмічную непасьпяховасьць. На наступны дзень я ў сьледчым камітэце раблюся абвінавачаным, а ўжо 5 сакавіка мяне адлічваюць канчаткова. Прычым вось гэтыя два дні — гэта незвычайна хуткі тэрмін па мерках унівэрсытэту”.

Крыху раней з журфаку БДУ адлічылі Франака Вячорку. У адказ швэдзкія партнэры БДУ прыпынілі на неакрэсьлены тэрмін супрацоўніцтва з гэтай навучальнай установай.

Сёлета з унівэрсытэтаў адлічылі шэсьць актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху. Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч лічыць, што на скарачэньне ў дзясяткі разоў колькасьці адлічаных з вучобы паводле палітычных матываў паўплывала праграма Кастуся Каліноўскага ды іншыя праекты, якія далі магчымасьць студэнтам працягнуць вучобу за мяжой.

Дашкевіч: “Пасьля таго як у 2006 годзе пачала дзейнічаць праграма Кастуся Каліноўскага, колькасьць адлічэньняў з палітычных матываў значна скарацілася. Цяпер нашым актывістам выносяць у асноўным строгія вымовы, спрабуюць на іх неяк маральна ўзьдзейнічаць. Выключаюць у самым крайнім выпадку, як гэта, напрыклад, адбылося з Касяй Салаўёвай. Галоўная ўмова – каб моладзевыя актывісты добра вучыліся і не давалі фармальных падставаў для адлічэньня”.

Кася Салаўёва ня вучыцца ў Полацкім дзяржаўным унівэрсытэце ад сьнежня мінулага году. Дзяўчыну адлічылі пасьля таго, як супраць яе распачалі дзьве крымінальныя справы. Сёлета яе пакаралі за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. На 24 красавіка Касю выклікаюць у пракуратуру на вочную стаўку. Сьледчыя кажуць, што знайшлі сьведку, які нібыта бачыў, як Кася рабіла графіці і вывешвала сьцягі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG