Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ня трэба студэнтаў перасьледаваць за погляды”


Ці маюць права беларускія студэнты ўдзельнічаць у палітычнай дзейнасьці? З гэтым пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да мінакоў у Менску.

Спадар: “Гэта іх права. Яны грамадзяне, як і ўсе астатнія. І, наколькі я ведаю, гэта не забаронена дзейным заканадаўствам, Канстытуцыяй”.

Спадар:“Моладзь павінна заўсёды рэагаваць на ўсе станоўчыя і адмоўныя падзеі, якія адбываюцца ў нас у рэспубліцы. Яны вельмі хваравіта ўспрымаюць любыя падзеі. І яны больш актыўныя. Моладзь грае вялікую ролю, але толькі ня трэба яе настройваць. Моладзь павінна выпрацоўваць сваю палітыку і сваё стаўленьне. І ня трэба іх перасьледаваць за погляды. Проста ўладзе трэба гэта ўлічваць”.

Спадарыня:”Пэўна, могуць удзельнічаць на сваім роўні. Бо гэта тая моладзь, якая ў наступным сваім сьвядомым узросьце павінна будзе ўдзельнічаць — не як студэнты, а як дарослыя, дасьпелыя людзі — у палітычнай дзейнасьці”.

Юнак: “Канечне, а чаму б не, калі хочуць?! Бо гэта права кожнага чалавека — займацца тым, чым ён хоча, у тым ліку палітыкай. Я лічу, што яны ня тое што маюць права, а павінны ёй займацца”.

Спадар: “Ну, што за пытаньне. Кожны мае права займацца палітычнай дзейнасьцю, калі ён гэтага хоча. Ня мае значэньня — студэнт ці пэнсіянэр.

Дзяўчына: “Я думаю, мае права. Яны павінны ўдзельнічаць у грамадзкім жыцьці, а ня толькі вучыцца”.

Дзяўчына: “Яны павінны разьвівацца ня толькі інтэлектуальна. Ведаючы палітыку, яны могуць пашыраць свой кругагляд, урэшце”.

Юнак: “Я лічу, што гэта ўжо ня дзеці. Гэта людзі, якія цалкам адбыліся, якія могуць уплываць неяк на палітыку”.

Пэнсіянэр: “Чаму б не? Яны маюць сваю думку, сваё меркаваньне. Маладыя людзі павінны абавязкова браць удзел”.

Спадарыня: “Гэтае пытаньне вельмі складанае. І гэта зьвязана з сытуацыяй у нашай краіне. Гэта кожны павінен сам вырашаць”.

Маладзён: “Яны ж таксама і ўдзельнічаюць. Маладыя погляды — менш кансэрватыўныя. Але ў нашай краіне нічога свабодна рабіць нельга. Але ўдзельнічаць трэба. Калі галасаваць дазваляецца з 18 гадоў, то гэта таксама ўдзел у палітыцы. Той жа БРСМ — гэта таксама палітычная арганізацыя”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG