Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масты: міліцыянты не выпускаюць Мілінкевіча ў Горадню


Шасьцёра супрацоўнікаў Мастоўскага РАУС сталі перад машынай Мілінкевіча "жывым шчытом" і не прапускаюць яе.


Затрыманьне адбылося падчас сустрэчы жыхароў Мастоў з А.Мілінкевічам, якая адбывалася ў самым цэнтры горада побач з райвыканкамам. У ёй бралі ўдзел каля 30 чалавек.

Як толькі Мілінкевіч пачаў размаўляуць зь людзьмі, міліцыянты некалькі разоў папярэдзілі праз гукаўзмацняльнік, што сустрэча несанкцыянаваная ўладамі й адбываецца з парушэньнем заканадаўства, а потым падыйшлі й прапанавалі А.Мілінкевічу прайсьці ў райадзьдзел. Разам зь ім у міліцыю павялі дэпутата Мастоўскага райсавета Зьміцера Кухлея й актывіста Язэпа Палубятку.

Ніякіх абвінавачваньняў А.Мілінкевічу ў пастарунку не прад’явілі, нават ня склалі пратакол. Палітык патрабаваў, каб вялося высьвятленьне абставінаў яго затрыманьня, але зь ім ніхто не размаўляў, і тады ён сам выйшаў з пастарунку і сеў у машыну.

Цяпер шасьцёра супрацоўнікаў Мастоўскага РАУС сталі перад машынай Мілінкевіча "жывым шчытом" і не прапускаюць яе. Яны кажуць, што ня маюць прэтэнзій да Мілінкевіча, але, маўляў, “вы нас не пераедзеце”.

Сам А.Мілінкевіч лічыць, што міліцыянты атрымалі загад любым чынам не выпускаць яго з горада, каб ён ня трапіў на сустрэчу ў Горадню, якая прызначана на 16.30.

Сёньня ўначы, у вёсцы Бершты, дзе жыве А.Мілінкевіч, невядомыя ізноў пракалолі ўсе колы ў ягонай машыне, а таксама яшчэ ў трох аўтамабіляў, якія стаялі побач.

Пазаўчора такое ж адбылося ў Пінску, а ўчора ў Слоніме машыну А.Мілінкевіча аблілі фарбай.

Плянавалася, што сёньня павінна адбыцца сустрэча А.Мілінкевіча з жыхарамі Горадні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG