Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінск сустрэў Мілінкевіча “парадам” спецназаўцаў


У Пінску, каб сарваць сустрэчу жыхароў гораду з Аляксандам Мілінкевічам, улады вывелі на плошчу спецназаўцаў, а потым невядомы кінуў у палітыка яйкам


17-га красавіка Аляксандр Мілінкевіч сустрэўся з жыхарамі Пінска. Гэтая сустрэча адбылася на гарадзкой плошчы. Паводле сьведак ў сустрэчы бралі ўдзел 80 - 100 чалавек. Яшчэ да сустрэчы ўлады вывелі на плошчу роту спэцназаўцаў, якія то маршыравалі, то моўчкі стаялі на плошчы. Удзельнікі сустрэчы не выключылі, што гэта было зроблена наўмысна, каб сарваць размову жыхароў гораду з палітыкам. І ўсё ж шмат хто здолеў задаць Аляксандру Мілінкевічу свае пытаньні.

“Пыталіся, што рабіць і колькі магчыма гэта трываць. Кажуць, жыцьцё ўсё горшае і горшае, а яны сабе палацы будуюць. Размова ідзе і зараз, Аляксандр Мілінкевіч адказвае на пытаньні”, -- паведаміў прадстаўнік штабу Мілінкевіча Аляксей Кавалец.

На гарадзкую плошчу прыехаў начальнік мясцовай міліцыі і асабіста папярэдзіў аб забароне на правядзеньні мітынгу. На гэта яму адказалі, што адбываецца не мітынг, а “сустрэча аднаго грамадзяніна з іншымі”. Далей міліцыянты сачылі за сустрэчай, але не заміналі.

У самым пачатку сустрэчы нейкі чалавек кінуў у Аляксандра Мілінкевіча яйкам і пабег з плошчы. Міліцыянты яго не затрымлівалі. Актывіст руху “За свабоду” Андрэй Сушко паспрабаваў дагнаць гэтага чалавека і сфатаграфаваць яго, але быў затрыманы і адвезены ў гарадзкую управу міліцыі. Пасьля сустрэчы туды адправіўся Аляксандр Мілінкевіч, каб высьветліць, што адбываецца з Андрэем Сушко. Актывіста выпусьцілі без складаньня пратаколу, але за час, пакуль Аляксандр Мілінкевіч са сваімі паплечнікамі правялі ва ўправе міліцыі ў іх аўтамабілі пракалолі два колы. У міліцыі запэўнілі, што не маюць да здарэньня ніякага дачыненьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG