Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пляцоўку для хімзаводу выбіралі ўлады


Жыхары Дружнага і Сьвіслачы ў Пухавіцкім раёне сабралі каля шасьці тысяч подпісаў супраць будаўніцтва ў гэтай мясцовасьці хімічнага заводу.


Актывісты ініцыятыўнай групы накіравалі подпісы ва ўрад, у абласны і раённы выканаўчыя камітэты. Адначасна кіраўніцтва расейскай кампаніі “Август-Бел”, якое рыхтуецца да будаўніцтва прадпрыемства, заяўляе, што адмаўляцца ад сваіх плянаў ня мае намеру.

Актывіст ініцыятыўнай групы Сяргей Абразоўскі паведамляе, што амаль шэсьць тысяч подпісаў пад лістом пратэсту былі сабраныя цягам чатырох дзён:

“Няхай улады зразумеюць, што гэта справа ўсяго рэгіёну ўжо. І што людзі супрацьстаяць ужо ня толькі заводу “Август-Бел”, але і мясцовай адміністрацыі. Будуць і іншыя мерапрыемствы, але мы спадзяемся, што ўлады пачуюць нас. Што калі гэтулькі подпісаў сабрана за гэтыя дні, то гэта азначае, што ўвесь рэгіён супраць”.

Як паведамляюць у кіраўніцтве кампаніі “Август-Бел”, менавіта ўлады Беларусі выдзелілі пляцоўку для будаўніцтва заводу каля пасёлку Дружны. Гаворыць кіраўнік расейскага прадстаўніцтва “Август-Бел” Сяргей Ускоў:

“Пляцоўку гэтую мы не выбіралі. Практычна мы ўжо зрабілі землеадвод у іншым месцы. Але пасьля папрасілі: маўляў, не, хлопцы, займіце вось гэтую пляму. Гэта была ўжо трэцяя прапанова наконт месца”.

“Август-Бел” плянуе распачаць выпуск шасьці відаў прэпаратаў, але асартымэнт будзе пашырацца ў залежнасьці ад патрэбаў спажыўцоў-сельгаспрадпрыемстваў. Паводле спадара Ускова, завод па выпуску ядахімікатаў мае цалкам безадкідную і экалягічна бясьпечную вытворчасьць, што пацьверджана адпаведнымі дакумэнтамі:

“Ёсьць спэцыялісты і ёсьць працэс правядзеньня экспэртызы, які для нашага прадпрыемства быў ня самы просты. Калі зь лістапада дакумэнты хадзілі па розных інстанцыях і праводзіліся розныя экспэртызы”.
Жыхары пасёлку Дружны ня вераць у праўдзівасьць афіцыйных заяў і ацэнак дзяржаўных экспэртаў. А таму зараз ініцыююць правядзеньне незалежнай экалягічнай экспэртызы. Пра гэта таксама ішла гаворка на нядаўняй сустрэчы грамадзкасьці з уладамі і прадстаўнікамі кампаніі, кажа Сяргей Абразоўскі:

“Падчас сходу прадстаўнікі фірмы “Август-Бел”, прадстаўнікі экалягічнай службы заяўлялі, што прадпрыемства будзе мець 66 тон адкідаў. Іх будуць спальваць у печы. У выніку будзе атрымоўвацца тона попелу і тона газавых выкідаў. Зь якіх кампанэнтаў будуць складацца гэтыя газавыя выкіды, яны ня ведаюць. А дзе дзенецца астатняе з гэтых 66 тон? Тое, што прадстаўнік “Август-Бел” бачыць толькі эканамічныя інтарэсы, гэта можна зразумець. Але ж нашыя чыноўнікі павінны берагчы здароўе сваёй нацыі”.

Як паведамілі ў прадстаўніцтве расейскай кампаніі “Август-Бел”, адмаўляцца ад будаўніцтва альбо мяняць пляцоўку яны ня маюць намеру. Неабходныя дакумэнты для будаўніцтва заводу падрыхтаваныя яшчэ ў сакавіку, і цяпер на прадпрыемства набіраюць супрацоўнікаў. Мясцовыя жыхары заяўляюць, што гэтая праца распачалася значна раней.

Супраць будаўніцтва заводу расейскай прыватнай кампаніі “Август-Бел” па вытворчасьці ядахімікатаў пратэстуюць жыхары пасёлку Дружны, Сьвіслачы, Рудзенску, Дукоры і іншых паселішчаў. 22 сакавіка ў пасёлку Дружны адбыўся несанкцыянаваны мітынг жыхароў. За гэта актывіст ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва заводу Сяргей Абразоўскі быў пакараны штрафам 1 млн. 400 тысяч рублёў. Яшчэ на некалькі чалавек склалі адміністрацыйныя пратаколы. У пасёлку Дружны таксама адбыўся сход грамадзкасьці з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў, абласных і мясцовых уладаў. Ягоныя ўдзельнікі паведамляюць, што чыноўнікі працягваюць настойваць на будаўніцтве, а мясцовыя жыхары — на мясцовым рэфэрэндуме пра мэтазгоднасьць хімзаводу ў гэтай мясцовасьці. Актывісты ініцыятыўнай групы таксама рыхтуюць дакумэнты ў суд на кампанію “Август-Бел” і на мясцовыя ўлады паводле фактаў парушэньня дзейнага заканадаўства пры падрыхтоўцы да будаўніцтва заводу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG