Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паўплываюць пратэсты на будаўніцтва хімзаводу?


Belarus – Siarhej Abrazouski, civil activist. Minsk 10apr2008
Belarus – Siarhej Abrazouski, civil activist. Minsk 10apr2008

Суд Пухавіцкага раёну пакараў жыхара пасёлку Дружны Сяргея Абразоўскага штрафам на 1 млн. 400 тысяч рублёў. Яго зьвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу супраць будаўніцтва хімзаводу. Спадар Абразоўскі сябе вінаватым не прызнае і заяўляе, што будзе абскарджваць рашэньне.


Cудзьдзя Сьвятлана Акуліч пакарала Cяргея Абразоўскага штрафам на 1.400 тысяч рублёў. Вось як гэта пракамэнтаваў спадар Абразоўскі:

“У гэтым рашэньні нічога не сказана пра прычыны, якія справакавалі збор грамадзянаў. Судзьдзя баіцца назваць прычыны, а я назваў некалькі. Парушэньне законаў і Канстытуцыі — адна з прычын. А другая — у Сэрбіі, каля Бялграду, выбухнуў завод пэстыцыдаў. І гэтая хваля накрыла Бялград. Мы што, павінны чакаць, каб і нас накрыла такое воблака? Дык і Менску хопіць”.

Несанкцыянаваны мітынг жыхароў пасёлку Дружны Пухавіцкага раёну адбыўся 22 сакавіка. Людзі пратэставалі супраць хімзаводу, які плянуе будаваць тут расейская прыватная кампанія “Август-Бел”. Улады не давалі дазволу на правядзеньне мітынгу.

Сяргей Абразоўскі і ягоныя паплечнікі называюць пакараньне несправядлівым і будуць яго абскарджваць. Адначасна яны рыхтуюць новыя захады ў змаганьні супраць будаўніцтва небясьпечнай вытворчасьці. Гаворыць яшчэ адзін актывіст ініцыятыўнай групы мясцовых жыхароў, інжынэр ТЭЦ-5 Юры Паўлючэнка:

“Зараз у нас ідзе афармленьне на незалежную экалягічную экспэртызу, гэта па-першае. Другое, мы зьбіраем дакумэнты ў суд. У нас ёсьць шмат матэрыялаў, якія сьведчаць, што не па законе дзейнічалі і ўлада, і “Август-Бел”. І трэці крок — мы рыхтуемся падаваць дакумэнты на рэгістрацыю групы па правядзеньні мясцовага рэфэрэндуму”.

Актывісты ініцыятыўнай групы каля году вядуць перапіску з усімі зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі пра мэтазгоднасьць будаўніцтва хімзаводу ў густанаселеным раёне побач зь Менскам. Колішні дэпутат Пухавіцкага райсавету, палітык Алесь Міхалевіч гэтак камэнтуе падзеі:

“У кожным разе ёсьць эфэкт ад падобнага змаганьня. Улада ўсё роўна чуе галасы людзей. Трэба працягваць рабіць усё магчымае, каб гэтага прадпрыемства не было побач з гарадамі і пасёлкамі. І трэба, каб простыя людзі паказалі ў гэтым сваю пазыцыю. Упэўнены, што ў выніку ёсьць усе шанцы перамагчы”.

Расейскі хімзавод плянуе выпускаць некалькі відаў пэстыцыдаў. Спэцыялісты адносяць гэтую вытворчасьць да першай клясы небясьпекі. У Дружным днямі адбыўся сход грамадзкасьці з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў, абласных і мясцовых уладаў. Удзельнікі паведамляюць, што чыноўнікі працягваюць настойваць на будаўніцтве. Канчатковае рашэньне павінен прыняць урад краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG