Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Не зайздрошчу я нашым дэпутатам...”


Агляд тэлефанаваньняў за 11 красавіка


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз.

Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

10 красавіка на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам кіраўнік ураду Сяргей Сідорскі заявіў, што валавы ўнутраны прадукт за першыя тры месяцы гэтага году вырас на 10%. Спадар Сідорскі таксама паабяцаў, што росту цэнаў у Беларусі ня будзе.

Спадар: “Учора па тэлебачаньні выступіў наш старшыня Савету міністраў. Харошы, паважаны чалавек, разумны. Але гэтак жа, як Лукашэнка, мне падаецца, пачынае хлусіць. Прыклад: ён кажа, што ў нас у Беларусі самы высокі ВУП, самая нізкая інфляцыя. А вось ва Ўкраіне і тое, і сёе… Калі ў нас усё так добра, то чаму мы жывем горш за ўсіх? Украінцы жывуць квітнеючы, хоць у іх вышэйшая інфляцыя, але жывуць добра. А мы вось з такімі паказьнікамі горш за ўсіх жывем”.

Чаму цэны ў Беларусі вышэйшыя за цэны ва Ўкраіне? На гэтае пытаньне адказвае эканаміст Аляксандар Чубрык:

“У іх ёсьць канкурэнцыя, у нас няма. У нас цэны рэгулююцца дзяржавай, а ў іх — больш-менш вольна. Калі дзяржава ўмешваецца ў рэгуляваньне цэнаў, яна можа падвысіць іх, калі захоча гэта зрабіць. Яна таксама можа забараніць новым фірмам выходзіць на рынак. Каб гэтыя фірмы ўвайшлі, яны б прапанавалі ніжэйшыя цэны. Такім чынам яна штучна стварае ўмовы, калі канкурэнцыя абмежаваная. Цэны ў такой сытуацыі будуць вышэйшыя, чым там, дзе канкурэнцыя большая”.

Працягнем праграму тэлефанаваньнямі, у якіх слухачы гавораць пра свой дабрабыт:

Аляксандар Лявоненка, Бабруйск: “Сёньня па радыё навіны: “Заходняя Афрыка, Буркіна Фасо. Прафсаюзы абвясьцілі і распачалі ўсеагульны страйк з прычыны падвышэньня цэнаў на прадукты”. У Беларусі сёньня пазбавілі льготаў дзяцей, пэнсіянэраў, інвалідаў. Маўчым. Прычына: дайце грошай. Пайшлі далей: ня робяцца прышчэпкі немаўлятам з-за адсутнасьці вакцынаў. Прычына: павышэньне нараджальнасьці, а на самой справе: дайце грошай. Дзе мы? Мы ўжо нават ня Афрыка”.

Спадар: “27 сакавіка газэта “Труд” надрукавала зьвесткі пра заробак Вольгі Абрамавай, нашага дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Заробак, як яна піша, 2 мільёны 300 тысяч беларускіх рублёў. Гэта крыху больш за тысячу даляраў. Хачу з гумарам сказаць наконт нашых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Каб набыць двухпакаёвую кватэру, трэба 9 гадоў працаваць у Палаце прадстаўнікоў. 4 месяцы прыбіраць законы наконт прыбіральні, год наконт ваннай, год трэба ў Палаце прадстаўнікоў працаваць на сенцы, год на кухню… Ой, не зайздрошчу я гэтым нашым дэпутатам. Гэта ж 9 гадоў працаваць, каб набыць двухпакаёвую кватэру. Я пра астатніх людзей проста не кажу”.

Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Спадар: “Я хачу зьвярнуцца да тых, хто галадае ў падтрымку Аляксандра Казуліна. Сваёй галадоўкай вы нічога не даб'яцеся. У нас таталітарная дзяржава, яе тэзіс: “Няма чалавека — няма праблемы”. Вы толькі падарвяце сабе здароўе, аднак карысьці ад гэтага ня будзе”.

Выказваньні слухача камэнтуе былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, былы палітвязень Сяргей Скрабец. Ён — адзін з ініцыятараў галадоўкі ў падтрымку былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна.

“Хачу зьвярнуць увагу вашага слухача, што гэтая галадоўка ня тое, што з патрабаваньнямі да Аляксандра Лукашэнкі… Мы ведаем, што ад яго нічога не даможамся. Нават ЗША і Эўразьвяз патрабуюць выпусьціць палітзьняволеных, але гэта застаецца непачутым. Мы проста выказваем салідарнасьць з тымі вязьнямі, якія знаходзяцца за кратамі. Галадоўка доўжыцца ўжо болей за месяц. У ёй паўдзельнічала болей за 50 чалавек”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG