Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадоцкага актывіста звольнілі з працы


Актывіст стваранага руху “За Свабоду “ Леанід Аўтухоў, які ня меў ніякіх заўваг або спагнаньняў па працы, атрымаў загад на звальненьне.

Спадар Аўтухоў звольнены з пасады апэратара ачышчальных збудаваньняў “у сувязі з заканчэньнем тэрміну кантракту”, але сапраўднай прычынай звальненьня Леанід Аўтухоў лічыць сваю палітычную і грамадзкую актыўнасьць.

Некалькі год запар Леанід Аўтухоў быў арганізатарам сустрэч жыхароў Гарадка з Аляксандрам Мілінкевічам, ён ачольвае Гарадоцкую суполку Партыі БНФ, выдае мясцовую незалежную газэту “Да перамогі!”. У мінулым годзе ён за ўласныя сродкі ўсталяваў недалёка ад райцэнтра мэмарыяльны крыж, прысьвечаны ахвярам сталінізму і змагарам за свабоду, і з тае пары, як гэты крыж праз тры дні зьнік, апазыцыянэр патрабуе ад міліцыі адшукаць і пакараць злодзеяў або тых, хто аддаў адпаведны загад.

На абарону Леаніда Аўтухова паўсталі ягоныя аднадумцы. Яны падалі ў райвыканкам заяўку, каб 10 і 11 красавіка правесьці пікет салідарнасьці са звольненым актывістам. Аднак атрымалі пісьмовую адмову: намесьніца старшыні райвыканкаму Надзея Бурунова адказала, што ў законе пра масавыя мерапрыемствы няма такога фармату грамадзкай акцыі, як “пікет”, і таму просьба заяўнікаў ня можа быць задаволеная.

Гарадоцкія актывісты рыхтуюць новую заяву – ужо на “пікетаваньне”, згодна з выпраўленьнем намесьніцы старшыні райвыканкаму. Цяпер акцыю дзеля падтрымкі звольненага актывіста ў Гарадку хочуць правесьці 23 і 24 красавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG