Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу пра “жывы шчыт” спрабуюць замарудзіць?


Сьледчыя ў справе “жывога шчыта” адмовіліся правесьці сьледчы экспэрымэнт на месцы здарэньня.


Пацярпелыя не выключаюць, што справу спрабуюць замарудзіць, каб супрацоўнікі ДАІ, якія стварылі “жывы шчыт”, пазьбеглі адказнасьці.

Менская абласная міліцыя дагэтуль не пачала шукаць Рамана Менцюка, супроць якога яшчэ 17 сакавіка завялі крымінальную справу за аварыю, што здарылася 2 сакавіка на трасе Мікашэвічы — Менск.

Нагадаю, інцыдэнт вядомы пад назвай “жывы шчыт” з-за таго, што ДАІ, каб спыніць нецьвярозага кіроўцу Менцюка, выставіла ўпоперак шашы прыватныя аўтамабілі.

18 сакавіка разам з жонкай Вольгай, якая таксама мае дачыненьне да інцыдэнту, Раман Мянцюк зьехаў на здымкі тэлепраграмы “Пусть говорят” у Маскву і ў Беларусь не вярнуўся. Празь некалькі дзён журналістам стала вядома, што ў вышук мужа і жонку Менцюкоў не абвяшчалі. “У гэтым няма патрэбы, бо сьледчы экспэрымэнт зь іх удзелам адкладзены з-за дрэннага надвор’я”, — патлумачыў тады “Свабодзе” Аляксандар Шункевіч, кіраўнік прэсавай службы менскай абласной міліцыі.

2 красавіка ў той жа ўстанове паведамілі: “У вышук Менцюкоў дагэтуль не абвяшчалі”. Між тым, паводле пацярпелага Юрыя Пашкевіча, сьледзтва ўжо адмовілася ад правядзеньня сьледчага экспэрымэнту на шашы Мікашэвічы — Менск, пра які казалі тыдзень таму.

“Сказалі, што ў чацьвер-пятніцу гэта будзе, але бяз выезду на месца. Паклічуць да іх у кабінэт, каб скласьці схему здарэньня, дзе хто быў і што адбывалася”.

У аддзеле здарэньняў управы абласной міліцыі, дзе расьсьледуюць інцыдэнт, мне не адказалі, ці будзе праведзены сьледчы экспэрымэнт і чаму міліцыя не шукае Рамана Менцюка. Загадчык аддзелу Юры Наваліхін:

“Я вам зьвестак пра расьсьледаваньне даваць ня буду”.

Кіроўца Юры Пашкевіч, у якога ў аварыі пацярпелі таксама жонка і трохгадовая дачка, а аўтамабіль быў цалкам разьбіты, не выключае, што справу спрабуюць замарудзіць, каб вывесьці з-пад адказнасьці супрацоўнікаў ДАІ, якія стварылі “жывы шчыт”. Пацярпеламу падаецца падазроным стаўленьне міліцыі да кіроўцы, які ўчыніў аварыю:

“Яны проста яго адпусьцілі, пакуль не пачаўся шум. А калі ён пачаўся, тады сказалі, што яго нідзе няма”.

Юры Пашкевіч заяўляе, што ў любым выпадку будзе дамагацца пакараньня ўсіх вінаватых — ён лічыць, што гэта ня толькі кіроўца, але і супрацоўнікі ДАІ.

Адвакат Вера Страмкоўская абараняе інтарэсы пацярпелых:

“Лічу, што вінаваты і гэты Мянцюк, і супрацоўнікі ДАІ, якія стварылі шчыт. Зараз вядуцца дзьве справы — адна ў ДАІ, другая ў пракуратуры. Але, лічу, неяк дзіўна яны вядуцца”.

Паводле Веры Страмкоўскай, для аб’ектыўнага расьсьледаваньня гэтыя дзьве справы трэба аб’яднаць.

Тым часам стала вядома пра другі “жывы шчыт”, які пры падобных абставінах у кастрычніку мінулага году стварылі супрацоўнікі міліцыі на кальцавой дарозе вакол Менску. У выніку той аварыі цяжка пацярпелі Стас Аляксееў, Натальля Гатоўка, Яўген Спарыж і ягоная паўтарагадовая дачка. Пазаўчора, 31 сакавіка, пацярпелыя падалі на ДАІ скаргу ў пракуратуру Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG