Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцы пра ДАІ


Увечары 2 сакавіка на 8-м кілямэтры дарогі Менск — Мікашэвічы адбылася аварыя. Каб спыніць п'янага кіроўцу, які рухаўся па трасе з хуткасьцю 180 км/г, інспэктары ДАІ перагарадзілі дарогу легкавымі аўтамабілямі, не высадзіўшы адтуль людзей і не папярэдзіўшы іх, дзеля чаго гэта робіцца. Што думаюць магілёўцы пра гэтае здарэньне?


Спадар: “Жахліва наагул. Не выконвалі сваіх абавязкаў. Перадусім яны павінны былі паставіць свае машыны, альбо грузавыя, калі сваіх не было. Але ніколі не падстаўляць жыцьці іншых грамадзян. Дужа жахліва. Пацярпелыя там ёсьць, здаецца, у BMW — там сядзела дзіця. Толькі жыцьцё пачынаецца, а тут яны ставяць машыну пад удар, дзіця, жонку. Гэта жахліва, канечне”.

Спадар сталага веку: “Ну вядома, такога не павінна было быць. Як гэта — і дзіця, і машына? А калі б дурань сутыкнуўся — і дзеці загінулі? Гэта, канечне, няправільна. Я разумею, калі там аўтобус, які паставілі ды перагарадзілі, каб там людзей не было. А так, зь людзьмі, гэтага не павінна было быць”.

Спадар: “Першы раз чую. Такога быць ня можа. Спыняюць машыны пасьля сьвятаў ды правяраюць, а так, каб перакрывалі дарогу — гэта нерэальна”.

Карэспандэнт: “І такога быць не магло?”

Спадар: “Не, не. Проста будуць стаяць машыны ДАІ на тратуары й тармазіць машыны. Па любым патрабаваньні даішніка любая машына павінна спыніцца. Не спыніўся — гэта ўжо парушэньне. А перакрываць дарогу — гэта нейкі плян “Перахват”.

Спадар: “З аднаго боку, добра зрабілі, што спынілі яго хоць якім спосабам. З другога боку, няправільна, што падстаўлялі, груба кажучы, чужое жыцьцё. Ня дужа прыемна, калі разаб’юць нечую машыну. Калі б маю разьбілі...”

Спадар: “Канечне, нельга было б, я так думаю. Ну, як можна было ставіць чужыя машыны? Няхай бы свае выганялі з гаражоў”.

Карэспандэнт: “А як вы думаеце — даб’юцца кіроўцы праўды ў судзе?”

Спадар: “Ня ведаю. Цяпер з уладамі дужа цяжка судзіцца. Улада ўладу заўжды пакрые”.

Спадар: “Канечне, няправільна. У нашай дзяржаве ўсё магчыма — што хочуць, тое й робяць. Шмат сродкаў ёсьць, акрамя людзей, якія сядзяць у сваіх машынах і ня ведаюць, што іх чакае – правільна?”

Спадар сталага веку: “Ім відней. Хто там выступае, ім відней. Мне судзіць няма каго — ні тых, ні тых. Я ня ведаю сытуацыі. Гэта рух. Калі нават ДАІ вінаватая, яе ўсё адно апраўдаюць”.

Спадар: “Пагана, жахліва. Як я чуў, іхныя машыны недзе там стаялі ў падворках побач. Жахліва, канечне, што так рабілася. Проста ня верыцца. Паказваюць яны сябе нібыта зь лепшага боку, ніколі такога за імі не заўважаў”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG