Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Яны з працягнутай рукой паехалі да Буша...”


Агляд тэлефанаваньняў за 31 сакавіка.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз.
Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.
Пачнём праграму з тэлефанаваньня на тэму маючых адбыцца выбараў у Палату прадстаўнікоў:
Спадар: “Спадары Мілінкевіч, Лябедзька, Статкевіч, Вячорка, Баршчэўскі, Севярынец, Дашкевіч, Фінькевіч! Няўжо пасьля таго, што адбылося 25 сакавіка, не зразумела, што ніякіх так званых выбараў ня будзе? Будзе брутальная фальсыфікацыя, і заклікаць грамадзтва прыняць у гэтым злачынстве ўдзел ёсьць спрыяньне гэтаму злачынству. Хай рэжым гуляе сам з сабою пры пустых участках. Толькі байкот”.
Слухачу адказвае лідэр незарэгістраванага руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч:
“Я супраць байкоту. Калі б мы маглі заклікаць людзей да байкоту і на выбары не прыйшла абсалютная бальшыня людзей, тады б можна было гуляць у байкот. Людзі пра наш байкот мала даведаюцца. Трэба ісьці да людзей і казаць, якія ёсьць выбары. Адна з галоўных мэтаў, якія паставіў перад сабой рух “За свабоду” — гэта патлумачыць, што выбары — суцэльная фальсыфікацыя. Сёньня каля 60% лічаць, што выбары справядлівыя. Летась было 70%. Нам трэба зрабіць, каб толькі 10% верыла ў справядлівасьць выбараў. Трэба працаваць зь людзьмі. А калі сесьці на канапу, глядзець тэлевізар і крычаць пра злачынны крывавы рэжым, гэта нічога ня зьменіць”.
Мы працягваем атрымліваць водгукі на сьвяткаваньне Дня Волі. Нагадаю, што 25 сакавіка ў Менску супрацоўнікі сілавых структураў разагналі вулічную акцыю, прымеркаваную да 90-х угодкаў абвяшчэньня БНР. Паводле міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава, міліцыя затрымала 88 чалавек.
Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Аляксандар Рыгоравіч, я зьвяртаюся да вас з шахцёрскага гораду Салігорску. Адмяніце свае загады на зьбіцьцё і затрыманьне нашых людзей. Удзел у вулічных акцыях — іх канстытуцыйнае права. Пра якую дэмаграфічную сытуацыю можа ісьці размова, калі зьнішчаецца моладзь, генафонд краіны? Бярыце прыклад зь іншых прэзыдэнтаў, якія не ўжываюць фізычную сілу супраць свайго народу”.
Леанід Пліско, Гомель: “Калі па загаду ўлады міліцыянты зьбіваюць мірную дэманстрацыю — гэта страх перад народам прымушае іх ісьці на такое злачынства. Гэта надыходзіць канец дыктатарскаму рэжыму”.
Спадарыня: “Беларусы працуюць, вырабляюць нешта, будуюць сваю рэспубліку. А вы, панове, хто такія?! Вы нават не паехалі ў Хатынь, дзе людзі былі спаленыя жыўцом, не паклалі туды кветачку. А толькі па вуліцах ходзіце. І з працягнутай рукой паехалі да Буша, атрымалі там заданьне, заплацілі. А зараз вам трэба хадзіць па вуліцах, бушаваць. Вось дажыліся! Вы не беларусы, вам трэба ў Польшчу ехаць, а не ў Беларусі такое вырабляць!”
Апошняе тэлефанаваньне камэнтуе выканаўца абавязкаў старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), адзін з заяўнікаў акцыі на Дзень Волі Анатоль Ляўковіч:
“Слухачка, якая выказалася, — самая савецкая беларуска. Яна кажа, што ёсьць беларусы, а ёсьць і “небеларусы”. Такая самая пазыцыя ў нашага галоўнага кіраўніка. Ён таксама не кансалідуе нацыю, а падзяляе яе: свае — не свае, правільна робяць — няправільна робяць, чэсныя — нячэсныя. Такі падзел шмат у чым характэрны для нашай масавай сьвядомасьці. Дык што, мы па вуліцах хадзіць не павінны? Мы не павінны выказваць альтэрнатыўныя думкі? Мы не павінны сябраваць з усім сьветам, у тым ліку і з Амэрыкай? А чым жа мы тады павінны займацца? Увесь час гаварыць, што ёсьць “правільныя” беларусы і “няправільныя” беларусы? Падаецца, што гэта ня той шлях. Шлях Беларусі — гэта шлях кансалідацыі нацыі. Зразумела, што беларусы ёсьць розныя, і яны павінны быць рознымі. Павінны быць розныя думкі, падыходы, традыцыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG