Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нясьвіж: рэстаўрацыя альбо разбурэньне?


У Нясьвіжы працягваюцца рэстаўрацыйныя працы ў палацава-замкавым комплексе Радзівілаў XVI-XVIII стагодзьдзя.


Днямі будаўнікі зьнесьці трохпавярховую галерэю, якая злучала галоўны корпус, альбо Палац, і левае крыло комплексу. Рэстаўратары завяраюць, што галерэя была ў аварыйным стане, захаваць яе было немагчыма, таму яе зруйнавалі, але абавязкова адновяць. Старшыня Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч выказаў трывогу, што ЮНЭСКО можа выключыць Нясьвіскі замак са сьпісу ўсясьветнай культурнай спадчыны.

У ХVІІ стагодзьдзі галоўны будынак Нясьвіскага комплексу, альбо сам Палац, злучылі з двума паралельнымі карпусамі аднапавярховымі галерэямі. Пазьней, у ХVІІІ – ХІХ стагодзьдзях гэтыя галерэі былі дабудаваныя да трох паверхаў.

Падчас рэстаўрацыі комплексу галерэі закансэрвавалі. Навуковы кіраўнік аб’екту рэстаўрацыі комплексу Сяргей Друшчыц кажа, што 3 гады галерэі трымаліся на драўляных канструкцыях, а рэстаўратары шукалі варыянты, каб іх захаваць. Але калі зьнялі тынкоўку, у левай галерэі былі шчыліны шырынёй больш за 15 сантымэтраў, распавёў спадар Друшчыц:

Сяргей Друшчыц: “У Х стагодзьдзі галерэя ўжо разбуралася”

“Дасьледаваньні паказалі, што пад гэтай галерэяй два мэтры насыпнога грунту, які ня можа ўтрымліваць будынак. Нашы намаганьні захаваць аказаліся марнымі. Таму што там, па-першае, былі сур’ёзныя хібы пры будаўніцтве. Здаецца мне, пры Рыбаньку гэта было, і захаваліся дакумэнты – яна ўжо падала адзін раз. Таму мы прынялі рашэньне яе разбурыць, а потым аднавіць, але ж аднавіць ня ў тым выглядзе, у якім яна дасталася ад санаторыя, а раскрыць першапачатковую замураваную галерэю ХУП стагодзьдзя. Вось такая сумная рэч, але ж тэхнічных магчымасьцяў у нас не было, каб захаваць”.

Антон Астаповіч: “Гэта не рэстаўрацыя, а працэс засваеньня сродкаў”

Старшыня Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч лічыць, што рэстаўрацыя Нясьвіскага комплексу вядзецца не прафэсіяналамі – рэстаўратарамі, а звычайнымі рабочымі Салігорскага будаўніча-мантажнага ўпраўленьня:

“Там ідзе не працэс рэстаўрацыі, а яшчэ з савецкіх часоў гэта засталося – працэс засваеньня сродкаў, вылучаных па асобнаму артыкулу бюджэту. Ні адзін афіцыйны орган гэтага не прызнае – яны спасылаюцца, што ўсё робіцца ў межах закону, у межах усіх нарматыўных актаў, у межах праектна-каштарыснай дакумэнтацыі”.

Навуковы кіраўнік аб’екту рэстаўрацыі комплексу Сяргей Друшчыц з такім меркаваньнем Антона Астаповіча не пагаджаецца, кажа, што на складаных участках – інжынэрных умацаваньнях – працуюць адмыслоўцы ўнітарнага прадпрыемства “Праектрэстаўрацыя”, а з такімі праблемамі сутыкаюцца ва ўсіх краінах. І прывёў у прыклад бэрлінскую “Выспу музэяў”.

“Ідзе страта ўсяго аўтэнтычнага”

Старшыня Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч выказаў трывогу, што ЮНЭСКО можа выключыць Нясьвіскі замак са сьпісу ўсясьветнай культурнай спадчыны:

“Каб пераканацца, што там ідзе страта ўсяго аўтэнтычнага, ня трэба ніякай кампэтэнтнай камісіі ехаць, гэта любы чалавек, які хоць мінімальна разьбіраецца ў гісторыі і ў старадаўняй архітэктуры, убачыць, што руйнуецца аўтэнтычныя муроўкі, вельмі шмат элемэнтаў выконваецца з жалезабэтону. Вось зараз брама ўязная зруйнаваная, каб там новыя канструкцыі рабіць. Вежу з гэтым цыбулепадобным завяршэньнем не да месца паставілі. Ніякіх навуковых абгрунтаваньняў ня робіцца”.

“Не шкадуйце, мы ўсё адновім”

Навуковы кіраўнік аб’екту рэстаўрацыі комплексу Сяргей Друшчыц, што да зносу галерэі, сказаў наступнае:

“Калі ў Палацы, Камяніцы, паўднёвай галерэі захаваліся аўтэнтычныя часткі інтэр’ераў, у гэтай галерэі, на жаль, нічога не было захавана. Нават дадаўся яшчэ адзін паверх, дужа шмат было пераробак, якія ў значнай ступені таксама маглі паўплываць на тэхнічны стан. Не шкадуйце, мы ўсё адновім, раскрыем галерэю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG