Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вечар Дня Волі ў Магілёве <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Грамадзкія й партыйныя актывісты ўсклалі кветкі да будынка, у якім 12 ліпеня 1918 году прадстаўнікі магілёўскай грамадзкасьці падтрымалі абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.


Цяпер у гэтым будынку месьціцца Магілёўскі абласны краязнаўчы музэй.

Два дзясяткі ўдзельнікаў урачыстасьці ўсклалі кветкі да сымбалічнай мэмарыяльнай шыльды з гербам Пагоня й надпісам: “Жыве Беларусь. У гэтым будынку летам 1918 году Беларускім нацыянальным камітэтам у Магілёве было прынятае рашэньне аб прызнаньні ўлады БНР”.

Старшыня рэгіянальнай арганізацыі партыі БНФ Рыгор Кастусёў абвясьціў, што неўзабаве пачнецца збор подпісаў за ўсталяваньня на будынку краязнаўчага музэю сапраўднай мэмарыяльнай шыльды.

На месцы правядзеньня акцыі прысутнічала каля дзясятка міліцыянтаў. Начальнік аддзелу ўправы ўнутраных спраў аблвыканкаму палкоўнік Алёнушкін запатрабаваў ад удзельнікаў разысьціся. Міліцыянт абвінаваціў актывістаў у спробе арганізаваць несанкцыянаваны мітынг.

Па ўскладаньні кветак удзельнікі акцыі разышліся. За час яе правядзеньня нікога не затрымалі.

Дзьвюма гадзінамі пазьней міліцыянты канфіскавалі 370 асобнікаў спэцыяльнага нумару газэты “Магілёўскі час”, прысьвечанага Дню волі. Міліцыянты аргумэнтавалі канфіскацыю неабходнасьцю праверкі на наяўнасьць у газэце антыдзяржаўнай прапаганды.

Рыгор Кастусёў абвяшчае пра намер збору подпісаў за ўсталяваньне мэмарыяльнай шыльды
Падчас распаўсюду “Магілёўскага часу” міліцыянты затрымлівалі журналістку Ганну Ільіну, а таксама грамадзкіх актывістаў Зьмітра Салаўёва, Сяргея Лапуціна ды Аляксандра Задарожнага.

А сямнаццатай гадзіне, пасьля трохгадзіннага зьняволеньня, трох непаўналетніх актывістаў падпусьцілі дамоў. Кастуся Лашчынскага, Ірыну Драгунову ды Максіма Марозова міліцыянты вінавацілі ў вывешваньні бел-чырвона-белага сьцяга на вышцы асьвятленьня чыгункі.

Актывісты ўтрымліваліся ў Кастрычніцкім аддзеле міліцыі.

У тэлефоннай гутарцы Кастусь Лашчынскі паведаміў “Свабодзе”, што падчас прафіляктычнай гутаркі міліцыянты спрабавалі запалохаць яго й ягоных сяброў.

“Міліцыянты казалі, што ў нас будуць праблемы ў школе й ва ўнівэрсытэце. Доказаў таго, што мы вывешвалі сьцяг міліцыянты ня выявілі. І пасьля трох гадзінаў зьняволеньня нас адпусьцілі”, сказаў Кастусь Лашчынскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG