Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах адзначылі Дзень Волі


Сёньня ва ўсіх рэгіёнах Беларусі дэмакратычная грамадскасьць адзначала 90-годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі.


Некаторыя зь сяброў апазыцыйных партыяў і рухаў былі затрыманыя міліцыянтамі і пакараныя ў судах. Падрабязнасьці — у радыёпераклічцы Радыё Свабода.

Першыя паведамленьні пра перасьлед і затрыманьні апазыцыянэраў “Свабода” атрымала зь Берасьця. А сёмай гадзіне раніцы міліцыянты спынілі аўтамашыну Дзяніса Турчанюка. Яму заявілі, што такі самы легкавік знаходзіцца ва ўгоне і трэба спраўдзіць нумар кузава. Міхаіла Ільіна і Андрэя Шарэнду, якія былі разам зь Дзянісам Турчанюком, міліцыянты, праверыўшы дакумэнты, адпусьцілі. Але пасьля тэлефанаваньня свайму начальству пачалі за юнакамі пагоню. Слухаем Андрэя Шарэнду:

“Учынілі апэрацыю “Аблава”. Задзейнічалі 6 ці 7 міліцыянтаў. Мне давялося перабягаць нават праз мэліярацыйны канал. Яны таксама не адставалі. Урэшце загналі ў ваду. І пры затрыманьні таксама апынуліся мокрымі даішнік і яшчэ трое міліцыянтаў”.

Здарыўся інцыдэнт і з удзелам міліцыянтаў Крупскага РАУС. Паведамляе мастак Алесь Пушкін:

“Насупраць дома стаіць аўтамашына, поўная міліцыянтаў. Тут намесьнік начальніка крымінальнага вышуку падпалкоўнік Андрэй Рабовіч, капітан Валеры Костачка, старшы лейтэнант Андрэй Бярозка і яшчэ два міліцыянты. Яны ўжо заходзілі ў хату. Хацелі мяне арыштаваць: “Хадзем у міліцыю!” Я ім заявіў, што ня буду рабіць іх працу лёгкай. Таму тут адбудзецца бойка!”

Карэспандэнт: “Спадар Алесь, слухачы “Свабоды” цікавяцца, ці адбудзецца абяцаны вамі пэрфоманс?”

“Пляны наступныя. Як толькі міліцыянты зьяжджаюць, то я зьбіраю рознакаляровыя шпакоўні, сьцягі Эўразьвязу, торт з надпісам “90 гадоў БНР” і з жонкай і дзецьмі едзем у цэнтар мястэчка. Калі міліцыянты будуць тут тырчаць увесь дзень, то я гэтую акцыю абавязкова зраблю заўтра раніцай”.

У Віцебску сёньня міліцыянты затрымалі 75-гадовую Алену Залескую. Іхны гнеў выклікаў бела-чырвоны шалік, які жанчына абараняла як магла:

“Трое міліцыянтаў да мяне кінуліся, трымалі за рукі і ўсё-такі шалік не вярнулі. Пасьля і ў судзе гэты шалік мне не вярнулі”.

Прашу нашу карэспандэнтку Браніславу Станкевіч дапоўніць інфармацыю зь Віцебска:

“Судзьдзя Чыгуначнага раёну Рамуальд Ягода абвінаваціў спадарыню Залескую ў несанкцыянаванай акцыі. Гэты судзьдзя пакараў таксама Антаніну Піванос. Яе затрымалі зь белым ручніком, на якім чырвонымі ніткамі вышыта малітва “Ойча наш”.

Сябра КХП БНФ Сяргей Каваленка па рашэньні судзьдзі Кастрычніцкага раёну Ірыны Смаляковай арыштаваны на 10 сутак. Ён прайшоў некалькі мэтраў па цэнтры гораду зь бел-чырвона-белым сьцягам.

За бел-чырвона-белыя сьцягі былі затрыманыя таксама сябры КХП БНФ Ян Таўпыга і Алесь Пазьняк.

У Магілёве сёньня міліцыянты затрымлівалі Аляксандра Анісімава і Фёдара Цыніна. У Бабруйску актывістку руху “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Алену Мядзьведзеву тэрмінова выклікаюць у міжраённую ўправу камітэту дзяржбясьпекі.

А што адметнага на гэты час у райцэнтры Горкі? На сувязі — Эдуард Брокараў:

“У нас тут ёсьць магіла студэнта-каліноўца, які загінуў у 1863 годзе. Яго прозьвішча — Дамарацкі. Сёньня мы ўпарадкавалі яго магілу”.

Апошняе тэлефанаваньне — у Горадню. На сувязі — сябра Беларускага Хэльсынскага камітэту Раман Юргель:

“25 сакавіка грамадзкія актывісты ўсклалі кветкі да помніка “Пагоня на Грунвальд”, што ля Каложы, прамовілі і павіншавалі ўсіх з Днём Волі. Таксама віншую рэдакцыю Радыё Свабода, палітвязьня Аляксандра Казуліна, Зянона Пазьняка, урад БНР з 90-мі ўгодкамі Беларускай Народнай Рэспублікі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG