Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс новай дыяспары


Што і як беларуская моладзь з розных краінаў Эўразьвязу і ЗША магла б рабіць разам, абмяркоўвалася на Кангрэсе новай дыяспары ў Таліне на пачатку сакавіка.

(эфір 11 сакавіка)
“Калі мы зараз можам сказаць, што старэйшае пакаленьне вінаватае, што нешта ня зроблена, то цяпер – калі мы нічога ня зьменім, праз 10 год мы будзем адказныя за гэта”, – кажа Алесь Вінакураў, які прыляцеў у Талін з Нью-Ёрку на сустрэчу з беларускімі актывістамі з розных краінаў.
1-4 сакавіка адбыўся Кангрэс новай дыяспары і прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі. У сталіцы Эстоніі Таліне сабраліся моладзевыя актывісты з краінаў Эўразьвязу і ЗША ды Беларусі. Яны ужо маюць досьвед супольнай працы і зацікаўленыя ў тым, каб супрацоўнічаць далей.
Хто гэта – новая дыяспара? Моладыя беларусы, грамадскія актывісты, пераважна тыя, каго вымусілі пакінуць радзіму па палітычыных прычынах і якія ня згодныя адмовіцца ад сваёй Беларусі.
Удзельнікі
Дэлегаты былі з больш як 20 розных арганізацыяў, партыяў і груп. Сабраліся моладзевыя актывісты альянсу Маніфэста "Час перамагаць", у іх ліку – "Беларускi Моладзевы Рух Амэрыкі", "Бунт", "Ініцыятыва","Паветра", "Погляд", "Трэці Шлях".
У ліку ганаровых гасьцей – старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Зянон Пазьняк, скульптар Алесь Шатэрнік і Якаў Гутман, старшыня Ўсясьветнай арганізацыі беларускіх габрэяў – як прадстаўнікі старэйшага пакаленьня.
“Удзельнікаў было каля 25-ці, яны прыехалі амаль зь 10 краінаў сьвету, – кажа каардынатар“Трэцяга Шляху” Павал Марозаў з Эстоніі, ініцыятар і асноўны арганізатар Кангрэсу. –Мы запрашалі значна больш, але ня ўсе змаглі прыехаць. У кагосьці – праца неадкладная, у кагосьці дзіця нарадзілася, у кагосьці – праблемы зь беларускімі уладамі, – розныя прычыны...”
“Затое была вельмі камфортная для працы атмасфэра: людзей няшмат, але ўсе – вельмі розныя, – сказаў Павал. – Так і было задумана: каб былі ня толькі, як гэта звычайна бывае, адныя палітыкі і грамадзкія дзеячы. Прыехалі розныя людзі, розныя беларусы – культурныя дзеячы, творцы, прадстаўнікі бізнэсу, палітыкі, грамадскіх колаў, журналісты”.
Падтрымка
У ліку арганізатараў Кангрэсу новай дыяспары, апрачамоладзевых суполак беларусаў – эстонская арганізацыя "Новы шлях для Беларусі", Эстонскі інстытут зьнешняй палітыкі, група "За вольную Беларусь" эстонскага парлямэнту.

Крысьціна Оюланд сустракаецца зь беларускай моладзьдзю
Удзельнікі Кангрэсу сустрэліся зь віцэ-сьпікерам Парлямэнту Эстоніі Крысьцінай Оюланд.

Таксама адбыліся сустрэчы ьз міністрам замежных справаў Эстоніі Урмасам Паэтам, эстонскімі, амэрыканскімі і швэдзкімі дыпляматамі, эстонскімі парлямэнтарамі, журналістамі і інтэлектуаламі.
Гаворка ішла пра сытуацыю ў Беларусі, ролю дыяспары ў працэсах дэмакратызацыі краіны, а таксама пра тое, чым Эстонія можа дапамагчы беларускай дэмакратыі.
Заснавалі Ордэн Свабоды
Кангрэс новай дыяспары заснаваў новую ўзнагороду змагарам за свабоду – ордэн Свабоды імя Кастуся Каліноўскага, зроблены з бронзы скульптарам Алесем Шатэрнікам. На ордэне – выява Кастуся Каліноўскага, на звароце надпіс: "Жыві ў свабодзе!".

Зьміцер Дашкевіч – адзін зь лідэраў незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" – першым узнагароджаны гэтым ордэнам – сымбалічная цырымонія адбылася ў Талінскім музэі акупацыі
Аўтар орэну Свабоды імя Кастуся Каліноўскага скульптар Алесь Шатэрнік на цырымоніі ў талінскім музэі акупацыі
“Мастакі супраць дыктатуры”
«Форум быў плённым, бо ў Таліне сабраліся актывісты замежжа і Беларусі, якія ўжо працавалі разам,» – адзначыў Алесь Вінакураў з ЗША.
Алесь – лідэр “Беларускага моладзевага руху Амэырыкі” . Арганізацыя дае бясплатныя хостынгі дзясяткам беларускіх незалежных сайтаў і дапамагае ім тэхнічна, ладзіць пікеты, акцыі, імпрэзы, стварыла Музэй беларускага мастацтва ў Нью-Ёрку. У Амэрыцы шмат актыўных беларусаў, і Кангрэс мае аб'яднаць актывістаў Амэрыкі і Эўропы – цяпер ужо ня толькі ў віртуальнай прасторы.
Беларускія актывісты за мяжой зьяўляюцца, па-сутнасьці, народнымі амбасадарамі Беларусі: гэтаму спрыяюць грамадзкія акцыі ў розных краінах сьвету, а таксама арганізацыя канцэртаў, выставаў найлепшых творцаў зь Беларусі. “Цяперашні рэжым не прадстаўляе Беларусь, яе культуру і нацыянальныя інтарэсы, – кажа Алесь Вінакураў з ЗША. – Таму гэта робіць моладзевая дыяспара”.
Адзін з вынікаў сустрэчы ў Таліне – плян беларускай мастацкай выставы, як распавёў Алесь, якая будзе ладзіцца ў амэрыканскім кангрэсе і парлямэнтах Эўропы. Назва выставы “Мастакі супраць дыктатуры”, там будуць прадстаўленыя творы мастакоў суполкі “Пагоня”.
Чакаюць новых сяброў
Беларусы, якія сабраліся ў Таліне на кангрэс, маюць розныя палітычныя погляды. Што яны плянуюць рабіць разам? У тых сфэрах ці накірунках, у якіх яны ўжо і раней спрабавалі аб'яднаць свае намаганьні – і цяпер. На супольнай сустрэчы яны вызначыліся ў агульных каштоўнасьцях, агульных стратэгічных мэтах.
Па выніках Кангрэсу новай дыяспары прынятая дэклярацыя аб намеры. Плян супольных дзеяньняў прыняты ў трох накірунках. Гэта – інфармацыя, абарона інтарэсаў дэмакратычных сілаў і прапаганда беларускай культуры за мяжой.
Удзельнікі Кангрэсу новай дыяспары вырашылі зрабіць яго рэгулярным, сустракацца штогод і стварыць паміж сабой сетку ўзаемадзеяньня.
Андрэй Абозаў, якога беларускія ўлады перасьледуюць як аднаго са стваральнікаў мультфільмаў у сеціве пра Аляксандра Лукашэнку, у Эстоніі атрымаў палітычны прытулак. «На цяперашні момант, можна сказаць, што задуманае атрымалася, – сказаў Андрэй у апошні дзень працы Кангрэсу. – Было цікава; і арганізоўваць, рыхтаваць Кангрэс таксама было сапраўды цікава.
Гэта была не апошняя сустрэча, будуць яшчэ. Гэта была спроба, наколькі мы можам супрацоўнічаць, наколькі здольныя ладзіць такія сустрэчы, і далей будзе больш моладзі далучацца.
Цяпер рыхтуецца сайт Кангрэсу, які пачне працаваць у найбліжэйшым часе, так што кожны ахвотны і цікаўны можа далучыцца, скантактавацца з намі ў любы момант, – чакаем тых, хто думае, як можна працаваць для Беларусі, знаходзячыся за мяжой.»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG