Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць гадоў ірацкай вайны


Споўнілася 5 гадоў з пачатку ваенных дзеяньняў ЗША ў Іраку. Амэрыканцы падсумоўваюць вынікі ірацкай вайны. Прэзыдэнт Джордж Буш выступіў з прамовай у Пэнтагоне, у якой ён заявіў, што рашэньне пачаць вайну было правільным. Праціўнікі вайны наладзілі ўчора дэманстрацыю пратэсту ў Вашынгтоне.


У сваёй прамове Джордж Буш адзначыў, што дэбаты, якія вядуцца ў амэрыканскім грамадзтве вакол вайны ў Іраку, вытлумачальныя. Але для Белага Дому адказы на ўсе пытаньні відавочныя:

“І праз пяць гадоў пасьля пачатку кампаніі вядуцца зусім зразумелыя спрэчкі – ці варта было пачынаць гэту вайну, ці варта перамагаць у ёй і ці здольныя мы перамагчы? Для мяне адказы на ўсе пытаньні ясныя. Рашэньне адхіліць Садама Хусэйна ад улады было правільным, і ў гэтай вайне Амэрыка можа і павінна перамагчы”.

Буш прызнаў, што вайна дорага каштуе Амэрыцы, але аддаў належнае посьпеху вайскоўцаў, якія разьбілі ірацкую армію меней чым за адзін месяц. Сярод дасягненьняў 5-гадовай вайны Буш адзначыў, што ў Іраку больш няма садамаўскіх турмаў для дзяцей, няма камэраў катаваньняў, салдаты ня гвалцяць жанчын на вачах у сям’і, няма масавых пакараньняў сьмерцю, якія ладзіў рэжым:

“Вайна ў Іраку – доўгая і цяжкая, і абходзіцца нам даражэй, чым мы меркавалі, але мы пераможам у ёй. Нашы войскі сьмела і рашуча змагаюцца з ворагам. У барацьбе з тэрарыстамі і экстрэмістамі яны дапамагаюць народу Іраку вярнуць яго нацыянальную годнасьць і аднавіць дэмакратыю”.

Прэзыдэнт Буш скрытыкаваў тых, хто, як ён выказаўся, “пастаянна заклікае да адступленьня” і выступіў за працяг амэрыканскай ваеннай прысутнасьці ў Іраку. Ён заявіў, што вывад войскаў паставіць пад пагрозу бясьпеку рэгіёну:

“Наступнае скарачэньне амэрыканскіх войскаў у Іраку будзе грунтавацца на аналізе баявой абстаноўкі і рэкамэндацыях камандаваньня. Гэта рашэньне не павінна перакрэсьліць намаганьні вайскоўцаў і ірацкага насельніцтва за апошні год. Дасягнутыя ў Іраку посьпехі бясспрэчныя, хоць некаторыя ў Вашынгтоне працягваюць заклікаць да вываду войскаў”.

Тым часам праціўнікі вайны наладзілі дэманстрацыю ў Вашынгтоне і шэрагу іншых гарадоў ЗША. Паведамляецца, што паліцыя затрымала дзесяткі пратэстоўцаў. Абодва кандыдаты на прэзыдэнта ЗША ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан і Барак Абама адзначылі пяцігодзьдзе пачатку ірацкай апэрацыі заявамі пра яе бессэнсоўнасьць, хаця яны не адмаўляюць, што ў Іраку павінен застацца абмежаваны кантынгент войскаў, які дапаможа нэўтралізаваць “Аль-Кайду”.

Прэзыдэнт Іраку Джаляль Талібані ў адмысловай заяве з нагоды ўгодкаў вайны, адзначыў, што скончана тыранія Садама Хусэйна, але дадаў, што вайна прынесла ў Ірак гвалт і тэрарызм.

Выява Джорджа Буша на муляжы ракеты падчас антываеннай дэманстрацыі ў Вашынгтоне

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG