Пакуль спадарыня Варанец праходзіла аздараўленьне, аддзел адукацыі Добрускага райвыканкаму звольніў яе з працы “за прагулы”.
Паведамленьне пра звальненьне днямі атрымаў з райаддзелу адукацыі муж выкладчыцы Адам Варанец, грамадзкі актывіст, сябра АГП і сам былы настаўнік, які раней таксама быў вымушаны звольніцца з пэдагагічнай працы.
Як стала вядома, Клаўдзія Варанец, як чарнобыльскі ліквідатар, набыла пуцёўку на лячэньне і накіравала праз дырэкцыю школы заяву ў аддзел адукацыі з просьбай даць ёй сацыяльны адпачынак на 25 каляндарных дзён. Дырэктарка Вуцеўскай сярэдняй школы ня мела пярэчаньняў.
Клаўдзія Варанец пасьля Чарнобылю перасялілася зь сям’ёй у вёску Вуць з Брагінскага раёну і працавала ў мясцовай школе звыш дваццаці гадоў. Яна – пэдагог найвышэйшай катэгорыі.
Як лічыць Адам Варанец, звальненьне ягонай жонкі Клаўдзіі з працы зьвязана хутчэй за ўсё з уключэньнем яго Аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі ў сьпіс вылучэнцаў кандыдатам на парлямэнцкія выбары, якія маюць адбыцца сёлета ўвосень.