Райвыканкам абгрунтаваў адмову тым, што ў заяўцы не названая мэта правядзеньня публічных мерапрыемстваў ды адсутнічаюць пісьмовыя гарантыі аплаты расходаў на забесьпячэньне грамадзкага парадку, мэдычнага абслугоўваньня й прыборкі тэрыторыі.
Адказ падпісаў намесьнік старшыні райвыканкаму Мікалай Бялінскі.
Адзін з заяўнікаў мерапрыемстваў, старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Рыгор Кастусёў адказ з райвыканкаму назваў фармальнай адпіскай.
“Шклоўская ўладная вэртыкаль дзеля таго й існуе, каб у Шклове ўсё было спакойна як на могілках. Чыноўнікі як пагрозу для свайго спакою разглядаюць любыя праявы грамадзкай актыўнасьці. Ад 1996 году ў Шклове мерапрыемстваў, ініцыяваных грамадзянамі, не было. Пікеты, мітынгі ды шэсьці забараняюцца”, сказаў “Свабодзе” Рыгор Кастусёў.
Мітынг і шэсьце меліся адбыцца 23 сакавіка ў гарадзкім парку. Заяўнікі чакалі, што ў мерапрыемствах возьмуць удзел каля дваццаці чалавек.