Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыка і мараль


У выніку сэкс-скандалу закончылася кар'ера яшчэ аднаго, гэтым разам амэрыканскага палітыка. Падзея не надзвычайная і далёкая ад беларускіх праблемаў, аднак ў мяне яна выклікала шэраг асацыяцыяў і параўнаньняў зь беларускай сытуацыяй.


Губэрнатар штату Нью Ёрк, Эліёт Спіцэр ( Eliot Spitzer) падаў у адстаўку пасьля выяўленьня ягоных кантактаў з прастытуткамі. Як паведаміла газэта New York Times і пацьвердзіла Фэдэральнае Бюро расьсьледаваньняў, Спіцэр шмат разоў карыстаўся паслугамі дарагіх прастытутак з Emperors Club VIP. Увагу агентаў ФРБ зьвярнулі падазроныя, нідзе не фіксаваныя выдаткі Спіцэра. Пасьля, праслухоўваючы тэлефоны губэрнатара, агенты даведаліся, што Спіцэр выдаткоўвае вялікія сумы грошай на прастытутак і што ў мінулым месяцы, пад чужым прозьвішчам, ён сустрэўся ў вашынгтонскім гатэлі з прывабнай Крыстэн заплаціўшы за ейныя паслугі больш як 4 тысячы даляраў.

Ва ўсіх амэрыканскіх штатах, за выключэньнем Нэвады, прастытуцыя забароненая – і як спосаб утрыманьня, і як спосаб выдаткоўваньня грошай. На практыцы, калі каго-небудзь і караюць, дык ніяк не кліентаў, а прастытутак ды тых, хто займаецца зводніцтвам.
Аднак Спіцэр падпаў пад іншую катэгорыю, бо арганізацыя і аплата паездак з мэтай платнага сэксу зьяўляецца фэдэральным злачынствам.

Пасьля выяўленьня праўды Спіцэр не бараніўся, не запярэчваў, не казаў: “Гэта мае грошы і мая справа”. На прэс-канфэрэнцыі 12 сакавіка ў прысутнасьці жонкі ён падаў у адстаўку, зьбянтэжана папрасіў прабачэньня ў сям'і і жыхароў Нью Ёрку, прызнаўшы, што “паводзіў сябе насуперак абяцаньням, дадзеным сям'і, насуперак ягонаму ўласнаму і агульнаму разуменьню дабра і зла”.

48-гадовы Эліёт Спіцэр, афіцыйна узорны муж і бацька траіх дзяцей, ня першы і напэўна не апошні палітык ў ЗША, які гэткім чынам закончыў сваю бліскучую палітычную кар'еру. Ня проста ўскладніў і запэцкаў, але відавочна закончыў. У ягоным выпадку скандал тым большы, што паўтара года таму, будучы генэральным пракурорам штату Нью Ёрк, Спіцэр праслыў сваёй бескампраміснай барацьбой з карупцыяй, эканамічнымі махлярствамі на біржы і... менавіта прастытуцыяй. Дзякуючы гэтаму ён стаў губэрнатарам Нью Ёрку, лічыўся “другім Джуліяні”, быў надзеяй дэмакратаў і нават патэнцыйным кандыдатам у прэзыдэнты. Ён горача падтрымліваў у прэзыдэнцкай гонцы Гілары Клінтан, аднак цяпер тая ўсяляк спрабуе адвязацца ад яго, бо такая падтрымка можа ёй толькі пашкодзіць.

Злучаныя Штаты не зьяўляюцца выключэньнем у сэнсе высокіх патрабаваньняў да публічных асобаў. У дэмакратычным сьвеце гэта норма. Хто з выбару займае высокую пасаду, той павінен ведаць, што выбарнікі будуць асабліва ўважліва сачыць за ягонымі ўчынкамі і словамі. Ён павінен мець тоўстую скуру, мірыцца з крытыкай і нават з абразамі на свой адрас. У дэмакратычных краінах не зьяўляецца сакрэтам прыватнае жыцьцё палітыкаў а тым болей іхныя фінансавыя справы.

Вытокі этычных нормаў у палітыцы сягаюць старажытнай грэцкай філязофіі. Пітагор лічыў, што “адзінай легітымнасьцю ўлады зьяўляюцца розум і цнота”. Таксама паводле Плятона ўладар павінен прытрымлівацца строгіх маральных нормаў. Толькі ў XVI стагодзьдзі Нікаля Макіявэлі выказаў сваю крылатую фразу “мэта апраўдвае сродкі”. Ён лічыў, што палітыка не абавязкова мусіць быць высокамаральнай. Яна павінна быць пасьпяховай. Палітыку Макіявэлі лічыў відам мастацтва. Няважна, якім спосабам зьявіўся твор, а важна, каб канчатковы прадукт быў станоўчы. Мастакі, як і лекары, ня мусяць быць добрымі людзьмі. Галоўнае, каб твор быў сапраўды творам мастацтва а тэрапія давала пажаданыя вынікі. На думку італьянскага мысьляра, уладар нават ня можа кіравацца такімі каштоўнасьцямі, як міласэрнасьць і лагоднасьць, бо ён ня мае шанцаў у спаборніцтве зь людзьмі, якія карыстаюцца каварнасьцю, эгаізмам і лютасьцю. Паводле Макіявэлі, палітык можа хлусіць, красьці і нават забіваць, калі толькі гэта дапаможа яму ў дасягненьні пастаўленых задач, агульнага дабра. Таксама Макс Вэбэр адрозьніваў “этыку перакананьняў” ад “этыкі адказнасьці” і лічыў, што палітык ня можа быць эфэктыўным, калі няўхільна трымаецца сваіх перакананьняў. Мабыць, гэтая тэорыя асабліва блізкая, і па гэтым шляху пайшлі некаторыя, праўда нешматлікія, цяперашнія кіраўнікі, у тым ліку і беларускі.

У лютым 2006 году падчас перадвыбарчага тэлевыступу адзін з кандыдатаў у прэзыдэнты публічна заявіў: “Я хацеў, каб вы пераканаліся, якая ў нас уладкаваная сям'я. А не як у некаторых... за 12 гадоў мы першую лэдзі так і не пабачылі ні па тэлебачаньні, ні на сьвятах, ні на афіцыйных прыёмах. Дый не сакрэт для многіх, што сёньняшні кіраўнік дзяржавы жыве зь іншай жанчынай і мае ад яе сына - падарунак на 50-годзьдзе. Дый пра грамадзянскую цешчу - былога міністра аховы здароўя - перасудаў шмат, вельмі шмат. Ну, ды хай Бог іх судзіць”.

Моцныя, вельмі моцныя словы, але і яны ня выклікалі ў грамадзтве амаль ніякага рэзанансу, як дарэчы і кніга “Нашэствіе” з падзагалоўкам “Невядомая гісторыя вядомага прэзыдэнта”. Дый Бог - справядлівы судзьдзя – аказаўся, як і прынята Яго лічыць, нясьпешным судзьдзём у дачыненьні да кіраўніка дзяржавы, затое аўтар гэтых слоў - Аляксандар Казулін, не без уплыву гэтых слоў, а магчыма якраз і - найперш зь іх прычыны, па сёньняшні дзень сядзіць у турме. Хто пры здаровым сэнсе, калі ён не самагубца, пасьля такога ўроку пасьмее калупацца ў біяграфіі і ў прыватным жыцьці прэзыдэнта, ня кажучы пра няясныя фінансавыя справы. Нават чыноўнікі ніжэйшага рангу, эфэктыўна адгарадзіліся ад усемагчымай крытыкі законамі “аб паклёпе” альбо “абразе гонару і годнасьці”. У Беларусі не спрацоўвае нават старажытны біблейскі прынцып: “Каму больш дадзена – ад таго больш і запатрабуецца”.

Адсюль і мая (ня надта арыгінальная) выснова. Добра цяперашняму беларускаму кіраўніцтву, што Беларусь ня мае намеру, паводле славутага выслоў'я, “ісьці за цывілізаваным сьветам”. У Беларусі – прынамсі некаторым людзям, асабліва пры ўладзе – значна камфортней жыць і кіраваць чым у Эўропе і ЗША разам узятых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG