Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Двое міліцыянтаў і судзьдзя — хіба гэта ня “тройка” 30-х гадоў?!”


Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 12 сакавіка, сераду.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.



У Расеі адбыліся прэзыдэнцкія выбары, у выніку якіх кіраўніком краіны стаў Дзьмітрый Мядзьведзеў. Тым часам перадвыбарчая прэзыдэнцкая кампанія ў ЗША працягваецца. Камэнтар слухача да гэтых падзеяў:

Спадар: “Назіраючы за працэдурай і хадой прэзыдэнцкіх кампаній у ЗША і Расеі, міжволі ўспамінаеш словы гумарыста пра тое, што розьніца паміж Дэмакратыяй зь вялікай літары і дэмакратызацыяй такая ж, як паміж каналам і каналізацыяй. Далібог, тут ёсьць над чым добра задумацца кожнаму сумленнаму беларусу, а ня толькі нашым запісным палітыкам з апазыцыі”.

25 сакавіка дэмакратычная грамадзкасьць краіны сьвяткуе 90-я ўгодкі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Тэлефанаваньні на гэтую тэму:

Прафэсар Мікола Савіцкі: “Прапанова ўсім арганізатарам сьвяткаваньня 90-х угодкаў БНР. Што такое БНР? Большасьць насельніцтва ня ведае. А таму мізэрныя заклікі і ўлёткі тыпу “25 сакавіка. 90 год БНР. Плошча Якуба Коласа. 17.00” не ўспрымаюцца людам. Што зрабіць, каб народ успрыняў гэтую гістарычную падзею і адгукнуўся на яе? Трэба даць яму сьціслую навукова-гістарычную інфармацыю пра БНР на адным аркушы ўлёткі. Гэтая ўлётка павінна дайсьці да кожнай кватэры. Часу амаль няма. Але пры жаданьні і адказнасьці яшчэ магчыма пасьпець”.

Спадар: “Прадпрымальнікі зьбіраюцца ісьці сваёй калёнай 25 сакавіка, апазыцыя — сваёй. Калі гэта адбудзецца, Лукашэнка можа яшчэ доўга гуляць у хакей за наш з вамі кошт”.

Выказваньне камэнтуе адзін з актывістаў прадпрымальніцкага руху Віктар Гарбачоў:

“Нашы інтарэсы — частка інтарэсаў палітыкаў, палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, якія будуць на вуліцы 25 сакавіка. Таму ніякага разьмежаваньня ня будзе. Проста ёсьць патрэба абазначыць свае патрэбы праз транспаранты і інфармацыйныя матэрыялы. Запрашаем настаўнікаў, мэдыкаў, пэнсіянэраў, вайскоўцаў — ва ўсіх ёсьць праблемы. Калі ласка, прыходзьце, станавіцеся побач. Толькі разам мы можам перамагчы”.

Далей выказваньні на адрас дзяржаўнага тэлебачаньня:

Спадар, Івацэвічы: “Паважаны Ягор Хрусталёў, вы ўчора самі пераканаліся на выніках апытаньня ў сваім ток-шоў “Выбар”, што палітыка Лукашэнкі згубная для тытульнай нацыі. А можа, яго мэта — адрадзіць на беларускай зямлі азэрбайджанскую нацыю?”

Пётар Сьцяпанавіч: “Спадары тэлевізійнікі, вы ўвесь час удзёўбваеце ў галовы тэлегледачам, што Беларусь — гэта самая дэмакратычная краіна ў сьвеце. А ці такая яна на самой справе? Чаму тэлеканал БТ ці “Лад” не паказваюць таго, што робіцца ў нас у Беларусі? Дастаткова міліцэйскага пратаколу, падпісанага двума міліцыянтамі нібыта за “нецэнзурныя выразы”, і судзьдзя прымае рашэньне: у турму на 10 ці 15 сутак. Двое міліцыянтаў і судзьдзя — хіба гэта ня “тройка” 30-х гадоў?! З павагай”.

Спадарыня: “У інфармацыйнай перадачы на СТВ задавалася пытаньне: што для жанчыны важнейшае — сям’я ці праца? Я лічу, што на сёньня гэта дзіўнае пытаньне. Нібыта ў жанчыны ёсьць выбар. Бяз працы жанчыне і ейным дзецям ня выжыць. Калі за нараджэньне і выхаваньне дзяцей будуць плаціць, як у Нямеччыне ці Швайцарыі, тады можна будзе і ставіць такія пытаньні, як жаночыя прыярытэты. Гэта мая думка. А вы як думаеце?”

Адказвае дасьледчыца і навуковец, актывістка грамадзкага жаночага руху Ніна Стужынская:

“Ну, які выбар у жанчын Беларусі? Няма ніякага выбару. Жанчыны павінны працаваць, каб выжыць. Проста нашая афіцыйная журналістыка патрыярхальная паводле сваёй сутнасьці. Сьвет зьмяніўся, статус жанчыны ў сьвеце зьмяніўся. А тут… Ці то адукацыя таму прычынай, а ў сапраўднасьці — неадукаванасьць”.

У наступных тэлефанаваньнях — камэнтары да выказваньня іншай слухачкі “Свабоды”:

Спадарыня: “Я чула, як адна слухачка казала, што вось у нас няма вайны, а Буш ваюе, гінуць людзі. Яна не разумее, што кажа. Калі б ня Буш, у нас бы ўжо ўся моладзь у Чачні палегла. Але гэта Буш заступіўся за Беларусь. Дык дай Бог яму здароўя”.

Спадар: “Адна сталая кабета пазваніла на “Свабоду” і заявіла, што наша Беларусь квітнее, а гэты Буш толькі марыць, як нас захапіць. Пакінем гэтую бязглузьдзіцу на яе сумленьні. А тое, што ёй нядоўга засталося трываць Буша, яна мае рацыю. У лістападзе ў ЗША адбудуцца выбары. Згодна з Канстытуцыяй, Буш сыдзе, вызваліўшы месца для іншага. Для таго, каго амэрыканскі народ лічыць вартым. Няхай бы гэтая кабета лепш адказала на пытаньне: ці доўга нам яшчэ трываць Лукашэнку, бо ўсе разумныя тэрміны яго знаходжаньня пры ўладзе даўно скончыліся”.

Завершаць праграму прапановы і абвесткі ад нашых слухачоў.

Спадар: “Хачу прапанаваць вам тэму. Толькі што пачуў па беларускім тэлебачаньні ў навінах, што зноў краіна дае крэдыт пад заклад будучага ўраджаю. Дык што, з уласных леташніх ураджаяў ужо няма чым сеяць, праводзіць веснавую кампанію сёлета? Праелі ўжо?! Дык вось няхай вашы спэцыялісты (апазыцыя заўжды кажа, што ў нас іх хапае), прааналізуюць і зробяць добрую перадачу наконт гэтага”.

Алесь Харытон, Краснае: “Вітаю, шаноўныя. Краснае набліжаецца да вельмі сумнай і трагічнай даты: 65 год таму, 19 сакавіка 1943 года, было зьнішчана, спалена Красьнянскае гета. Паводле некаторых зьвестак, тут загінула каля 4 тысяч чалавек. Сучаснае Краснае мае такую ж колькасьць насельнікаў. Дзякуй за ўвагу”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG