Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лябедзька: “Мы знаходзімся ў той жа яміне, у якой і былі”


Як у Менску камэнтуюць справаздачу дзярждэпартамэнта ЗША пра стан правоў чалавека ў розных краінах сьвету ў 2007 годзе? Нагадаем, у разьдзеле справаздачы, які тычыцца Беларусі, гаворыцца пра шматлікія парушэньні правоў чалавека.


Прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Папоў заявіў, што пра гэты дакумэнт вядома, але пакуль камэнтароў ня будзе.

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына не пагаджаецца з ацэнкамі дзярждэпартамэнта ЗША.

“Гэта заказны даклад, які не адлюстроўвае сапраўднага становішча ў Беларусі. Гэта, па сутнасьці, расправа зь Беларусяй, зь яе кіраўніцтвам за тую незалежную палітыку, якая, магчыма, не зусім задавальняе дзярждэпартамэнт ЗША”.

Адносна таго, што беларускія ўлады працягваюць ігнараваць рэкамэндацыі шматлікіх міжнародных арганізацыяў у справе паляпшэньня выбарчага працэсу, спадарыня Ярмошына заявіла:

“Зьмена выбарчага заканадаўства — гэта наша ўнутраная справа”.

Адносна зьняволеньня былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна Лідзія Ярмошына сказала:

“Я лічу, што віна Казуліна даказана ўсяму беларускаму народу і ўсёй грамадзкасьці. Ніводная краіна ня мае права патрабаваць у краіны вызваленьня злачынцы”.

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў, што справаздача дзярждэпартамэнта — гэта люстэрка, а ці будуць у яго глядзець беларускія ўлады — гэта ўжо іншая справа. Паводле спадара Лябедзькі, вельмі важна, каб гэтая вестка даходзіла да як мага большай колькасьці грамадзянаў. Адносна сытуацыі з правамі чалавека ў краіне ён сказаў:

“Мы знаходзімся ў той жа яміне, у якой і былі. Можна толькі весьці дыскусіі, на колькі сантымэтраў мы апусьціліся ніжэй ці падняліся вышэй. Але гэта яміна. Гэта сытуацыя, якая кантрастуе з нашым геаграфічным становішчам у цэнтры Эўропы. І гэтага не заслугоўваюць людзі, якія тут жывуць”.

Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі заявіў, што сытуацыя не паляпшаецца, бо стаўленьне ўладаў Беларусі да правоў чалавека “крытычна нэгатыўнае”:

“У гэтай справаздачы яны падсумавалі добра вядомыя нам факты парушэньня правоў чалавека. Вядома, трэба было зьвярнуць на іх увагу і паглядзець, дзе і што трэба мяняць у лепшы бок. Беларускія ўлады не гатовыя гэта рабіць з падачы ЗША. Але тут якраз пазыцыі Эўразьвязу і ЗША вельмі падобныя. Мне падаецца, што беларускім уладам, маючы такі дакумэнт, ёсьць над чым задумацца.

Сама сутнасьць карнай сыстэмы, створанай рэжымам, не памянялася. Калі ёсьць такая сыстэма, яна заўсёды будзе патрабаваць ахвяраў”.

Паводле актывіста БСДП (Грамада) Аляксея Караля, справаздача дзярждэпартамэнта грунтуецца на дакладным аналізе і відавочных фактах:

“Я думаю, што зараз яна будзе пачута ў тых рамках, якія ўжо вызначаныя беларускімі ўладамі. Яны чуюць тое, што тычыцца эканамічных абставінаў, і хацелі б рабіць як найменш саступак у палітычнай сфэры і асабліва з правамі чалавека. Але, тым ня менш, яны мусяць да гэтага прыслухацца і хаця б вызваліць палітычных зьняволеных. Думаю, што такія ацэнкі і такое стаўленьне павінны паспрыяць вызваленьню Аляксандра Казуліна і Андрэя Кіма”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG