Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Лявонаў лічыць сябе не вінаватым, а рэпрэсаваным


Агляд некаторых публікацыяў недзяржаўных СМІ 6 сакавіка: “Народная Воля”, “Наша Ніва”, “Вольнае Глыбокае”, “Вечерний Брест”.


Пад рубрыкай “Лёс чалавека” “Народная Воля” публікуе інтэрвію Алены Лявонавай, жонкі экс-дырэктара Менскага трактарнага заводу Міхаіла Лявонава “Мой муж лічыць сябе невінаватым...” Міхаіла Лявонава асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі, і ўжо 6 гадоў ён знаходзіцца за кратамі. У студзені 2006 году, паводле меркаваньня адвакатаў, яму павінны былі зьмяніць рэжым на больш мяккі, а ў траўні 2007 году экс-дырэктар мог быць вызвалены ўмоўна-датэрмінова. Але гэтага не адбылося. Жонка асуджанага зьвярталася да Аляксандра Лукашэнкі, але зварот быў перанакіраваны ў Генэральную пракуратуру. Адтуль прыйшоў адказ, што амністыя Лявонава ня тычыцца і ўмоўна-датэрміновага вызваленьня ён не заслугоўвае, бо ня стаў на шлях выпраўленьня.

“Фарс без балагану”. Расея арганізавана выбрала чалавека, на якога ёй паказалі. Застаецца пытаньнем, што новага ў палітыку Расеі прыўнясе новы лідэр. Калі ў замежнай палітыцы і разьмеркаваньні датацыяў унутры краіны павароты ўсё ж магчымыя, дык наўрад ці можна чакаць прынцыповых зьменаў у палітыцы Расеі ў Беларусі, якая вызначаецца інтарэсамі «Газпраму» і набліжаных да Крамля нафтавых кампаній, прагназуе “Наша Ніва”.

“Вольнае Глыбокае”. Журналісты тыднёвіка знайшлі стрыечнага брата Васіля Быкава Анатоля Скрабатуна. Браты да 1939 году ня сустракаліся, хоць і жылі ў суседніх вёсках: Скрабатун у вёсцы Завулак, якая да 1939 году была на тэрыторыі Польшчы, а ў беларускай вёсцы Бычкі жыў Быкаў. Анатоль Скрабатун узгадвае падзеі 1939 году, а таксама пачатак вайны. Распавядае журналіст Уладзімер Скрабатун:

“Тут ёсьць рэцэпт клёцак з каноплямі. Ніхто тады ня ведаў, што гэта наркотык, вырошчвалі паўсюдна гэтыя каноплі, плялі вяроўкі, сеткі. Ну а зерне таўклі і дадавалі ў клёцкі. І алей рабілі з канопляў”.

“Вечерний Брест”. Бальшыня прадпрымальнікаў упарта ня хочуць мяняць свой юрыдычны статус. 1 сакавіка скончыўся тэрмін перарэгістрацыі індывідуальных прадпрымальнікаў у прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы па спрошчанай схеме. Перарэгістраваўся толькі кожны пяты з тых, хто выкарыстоўвае наёмных працаўнікоў. У асноўным, гэта бізнэсоўцы, што аказваюць паслугі (уладальнікі маршрутных таксовак, цырульняў, маленькіх крамаў).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG