Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымая ў Беларусі апэрацыя “Пераемнік”?


Пасьпяховае завяршэньне апэрацыі “Пераемнік” у Расеі дае падставы прымераць такую схему і да Беларусі. Тым больш што размовы на гэтую тэму пэрыядычна ўзьнікаюць у беларускім палітычным асяродзьдзі.


Адразу хачу выказаць тэзу, што рэалізацыя такога варыянту ў Беларусі выглядае малаверагоднай са шмат якіх прычын. Вынесем за дужкі суб’ектыўныя моманты, асабістыя якасьці дзейных кіраўнікоў дзьвюх краін (розная прага да ўлады, недавер да паплечнікаў і інш.) і зьвернемся да сыстэмных чыньнікаў.

Галоўная праблема ў тым, што ў Расеі і Беларусі розныя тыпы аўтарытарных рэжымаў. Расейскі палітычны рэжым алігархічны. Сыстэма падобнага кшталту дзейнічала ў СССР у апошнія дзесяцігодзьдзі ягонага існаваньня (“пэрыяд застою”), калі ўлада належала Палітбюро ЦК кампартыі, дзейнічае яна і сёньня ў Кітаі. У такіх рэжымах уладу трымае алігархічная групоўка. І прозьвішча першай асобы ва ўладнай герархіі ня мае вырашальнага значэньня, бо гэта не ўплывае на ўстойлівасьць сыстэмы.

Зусім іншая рэч у Беларусі. Тут сфармаваны пэрсаналісцкі рэжым, рэжым асабістай улады. Уся сыстэма ўладных інстытутаў і мэханізмаў скроена і сшыта пад аднаго чалавека, на яго вобраз і падабенства, і замыкаецца выключна на ім. Функцыянаваць яна здольная толькі ва ўмовах няспынных актыўных імпульсаў, якія паходзяць ад яго, і адначасова жорсткага ўціску ўсіх іншых палітычных суб’ектаў як у межах сыстэмы, так і па-за ёй. Адсюль вынікае, што ў такой сыстэме асоба, якая стаіць на чале рэжыму, аказваецца незаменнай. Калі ж яна зьмяняецца, то гэта цягне за сабой аўтаматычную зьмену палітычнага рэжыму.

Гістарычны досьвед паказвае, што калі сыходзіць дыктатар, які доўгі час аднаасобна кіраваў краінай, то ягоным нашчадкам амаль ніколі не ўдаецца захаваць рэжым у ранейшым выглядзе — абавязкова адбываецца ягоная трансфармацыя. Так было пасьля сьмерці Сталіна, Франка, Ціта і інш.

У алігархічным рэжыме лідэр атрымоўвае ўладу ад папярэдніка альбо ад кіроўнай каманды на пэўных умовах. Напрыклад, Пуцін стаў пераемнікам Ельцына пры ўмове, што ў першы тэрмін свайго прэзыдэнцтва ён ня будзе мяняць другую і трэцюю асобу ў дзяржаве: ні кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, ні прэм’ер-міністра. І сапраўды, прадстаўнікі ельцынскай “сям’і” Валошын і Касьянаў сышлі ў адстаўку толькі напярэдадні другіх прэзыдэнцкіх выбараў Пуціна. Трэба меркаваць, што і Мядзьведзеў атрымлівае ўладу на пэўных і вельмі жорсткіх умовах. То бок гарантам выкананьня дамовы выступае тая алігархічная групоўка, якая прывяла лідэра да ўлады.

(Зразумела, гэта не выключае сытуацыі, калі лідэр парушае дамовы, рэпрэсуе паплечнікаў, ператварае алігархічны рэжым у пэрсаналісцкі. Так рабілі Сталін, Мао Цзэдун. Але на гэта трэба спрыяльныя ўмовы, шмат высілкаў і часу, адмысловы талент, выключная прага да ўлады).

Лукашэнка ж не зьвязаны ніякімі ўмовамі ні з намэнклятурай, ні з алігархічнымі групоўкамі, уладу ён атрымаў непасрэдна ад народу. Таму ён нікому нічога ня вінен.

Але самае галоўнае ў іншым. Любыя гарантыі і дамоўленасьці зь пераемнікам маюць сэнс толькі ў рамках таго рэжыму, у якім яны заключаліся. Калі ж са зьменай лідэра трансфармуецца рэжым асабістай улады, то ўсе дамоўленасьці абясцэньваюцца. Які сэнс дамаўляцца пра нешта зь пераемнікам, калі той ня ў стане ўтрымаць уладу ў нязьменным выглядзе, вымушаны яе дзяліць зь іншымі інстытутамі (напрыклад, з парлямэнтам), групамі ці людзьмі? А гэтыя апошнія не зьвязаныя з папярэднікам ніякімі дамовамі.

Вось, напрыклад, Піначэт у Чылі стварыў напярэдадні адстаўкі, здавалася б, шматпавярховую, шмат’ярусную сыстэму гарантый уласнай недатыкальнасьці. Тым ня менш ад пажыцьцёвага зьняволеньня яго выратаваў толькі стан здароўя, а пазьней — сьмерць.

Да таго ж Лукашэнка, у адрозьненьне ад Пуціна, цягам 13 гадоў зашмат наварочаў, каб пазьбегнуць пытаньня пра адказнасьць. А дзейны прэзыдэнт Расеі нічым асаблівым сябе не запляміў (хіба што акрамя “справы Хадаркоўскага”), за што б яго можна было прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці. Парлямэнт ён не расстрэльваў, як Ельцын. А палітычная адказнасьць — гэта зусім іншая справа.

У выніку атрымоўваецца, што Лукашэнка ня толькі архітэктар і стваральнік цяперашняй сыстэмы, але і яе закладнік. У яго проста няма іншага выйсьця, як заставацца на чале яе да канца. Таму праект “Пераемнік” у Беларусі магчымы толькі ў выпадку нейкіх выключных абставін, напрыклад, цяжкай хваробы дзейнага прэзыдэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG