Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводка напаткае сэктантаў раней, чым Апакаліпсіс


Тры дзясяткі вернікаў царквы “Горні Ерусалім” (сярод іх шасьцёра беларусаў), якія ад пачатку лістапада 2007 году чакаюць канца сьвету ў Пензенскай вобласьці Расеі, рызыкуюць быць затопленымі ў пячоры, дзе хаваюцца. Веснавая паводка адбудзецца на два месяцы раней, чым меркаваны Апакаліпсіс, прызначаны духоўным лідэрам сэктантаў Пятром Кузьняцовым на травень.


Роўна чатыры месяцы, як у вёсцы Паганаўка Бекаўскага раёну хаваюцца ад канца сьвету больш за 30 вернікаў. У іх ліку — шасьцёра грамадзянаў Беларусі: чацьвёра дарослых і двое малых. Адну дзяўчынку бацькі занесьлі пад зямлю, калі ёй было паўтара года. Апакаліпсісу прыхільнікі вучэньня Пятра Кузьняцова, які сам сябе абвясьціў мэсіям, чакаюць 8 траўня 2008-га. Сам Кузьняцоў застаўся на паверхні і на патрабаваньне сьледзтва зьмешчаны ў псыхіятрычны шпіталь.

Пасьля халоднай зімы (тэмпэратура апускалася да мінус 35 градусаў) людзей чакае новае выпрабаваньне: сьнег цалкам засыпаў глыбокі роў зь пячорай, і вада можа трапіць усярэдзіну. Праўда, як патлумачылі ў галоўным упраўленьні Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Пензенскай вобласьці, пакуль рэальнай небясьпекі сэктантам няма: пячорнікі падрыхтаваліся грунтоўна і ўсталявалі нават дрэнажныя трубы. Апроч таго, да міліцыянтаў, якія нясуць вахту побач зь пячорай, прыстаўлены адзін ратавальнік зь ведамства.

У Галіны Вабішчэвіч з Кобрынскага раёну ў пячоры сын з паловай сям’і — жонкай і дзьвюма малымі дочкамі. Яшчэ двух унукаў бабуля глядзіць дома. Яна верыць, што вернікам нічога не пагражае, і не выключае, што ў крытычны момант людзей могуць сілай падняць на паверхню:

“Нашыя тэлефанавалі туды. Ну, сваха, Ініна маці званіла. Дык ёй сказалі: яны ўжо нават на сувязь не выходзяць. А яшчэ сказалі, што калі будзе раставаць сьнег, то іх адтуль у любым выпадку будуць даставаць. Бо яны там патопяцца. Я ўжо згодная, каб іх дасталі. Ведаеце, усё жыцьцё пражыла дома: выла б, абы толькі дахаты. Але, мабыць, пабыла б там да траўня: няхай бы пасядзелі і зьведалі, што яны тым дурным Пятром папросту асьмяяныя. Бо ніякага канца сьвету ня будзе. Дык тое ж напісана: ні анёлы нябесныя, ні сам Хрыстос ня ведае, калі гэта здарыцца. Гэта ж Айцец адзін толькі будзе ведаць, калі гэта ўсё збудзецца. А то нейкі Пётар мае ведаць — што будзе і калі будзе?!”

Таксама ў тэлефоннай размове сваякам Вабішчэвіч хтосьці з жыхароў Паганаўкі паведаміў: ня так даўно ў пячоры быў пажар і хтосьці зь дзяцей апёк руку. Апроч малых унучак Галіны Вабішчэвіч — Алены і Валі, там ёсьць яшчэ адна 5-гадовая дзяўчынка.

Яшчэ пяцёра вернікаў зь Беларусі, сярод іх трое дзяцей, не пасьпелі спусьціцца пад зямлю, бо прыехалі на месца, калі адзінаверцы ўжо замуравалі ўсе ўваходы і выхады. “Канца сьвету” беларусы чакалі ў малельным доме Кузьняцова. Напачатку сьнежня 2007-га Бекаўская пракуратура дэпартавала іх у вёску Мацясы Жабінкаўскага раёну. Але і пасьля вяртаньня, кажа спадарыня Вабішчэвіч, яны застаюцца пры сваім. Верніца Валянціна Панядзельнік не пускае дзяцей у школу, не карыстаецца дакумэнтамі. Іншая, Вольга Дзенісовіч, два месяцы жыла ў Панядзельнікаў і толькі днямі вярнулася да сям'і — муж адмовіўся штодня насіць ёй ежу. Цяпер спадарыня Галіна марыць, каб і яе сваякі ня сталі “такімі ж, як жабінкаўскія”:

“Яны ж сядзяць — бы “дурным свае”. Ні на працу ня йдуць – нідзе нічога! Куды ж гэта варта? Напісана ж: працуй, каб было чым з жабраком падзяліцца. А яны селі ды чакаюць канца сьвету. Ды гэта ж шаленства! Учора мы там былі, дык сказалі, што гэтай Валі Панядзельнік мужык нарэшце на працу пайшоў. Пэўна, ужо грошай няма. Уяўляеце, ужо і ён пашпарт ліквідаваў з-за гэтых вось ашалелых”.

Карэспандэнт: “Дык ён жа сам езьдзіў у Расею жонку ратаваць?..”

“Ехаў ратаваць, а прыехаў, дык гэтаксама пад іх дудку патрапіў”.

Характэрная рыса вернікаў царквы “Горні Ерусалім” — адмова ад дакумэнтаў і крэдытных картак, прадуктаў у пакунках са штрых-кодам. На іх думку, лічбавыя коды зьвязаныя зь нячыстай сілай. Апроч таго, вучэньне сэкты забараняе дзецям наведваць школу, глядзець тэлевізар, браць грошы.

Начальнік апарату Ўпаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Аляксандар Калінаў мяркуе, што пензенская драма вырашыцца пасьпяхова. Але перакананы: з рэлігійна апантанымі людзьмі трэба весьці глыбокую тлумачальную працу:

“Што тычыцца гэтых нумароў, то неаднойчы ўжо Экзархат выказваў сваю пазыцыю, Епархіяльнае ўпраўленьне, сьвятары. Але ёсьць некаторыя адхіленьні, бо гэта, ведаеце, погляды артадаксальныя. Я думаю, што зь цягам часу яны згаснуць. Але разам з тым ёсьць людзі глыбока перакананыя, асабліва сталага ўзросту. Трэба больш актыўную працу праводзіць, трэба, канечне, увагу большую надаць. Але мяркую, што там прафэсійныя псыхолягі, сьвятары зь імі кантактуюць і сытуацыю гэтую вырашаць. Хоць, канечне, складана нешта прагназаваць. Людзей, прызнацца шчыра, шкада. Што так яны зрабілі”.

Нават афіцыйная мэдыцына фэномэн пензенскіх вернікаў тлумачыць сілай волі людзей. Аднак практыка паказвае: у антысанітарных умовах, пры адсутнасьці сонца і сьвежага паветра фізычны і псыхалягічны стан чалавека пагаршаецца: косьці робяцца крохкімі, слабее імунітэт, пагаршаецца памяць, зрок. І рэзка падвышаецца верагоднасьць нэрвовых зрываў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG