Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры месяцы беларусы чакаюць канца сьвету ў падзем’і


Хутка тры месяцы, як у Бекаўскім раёне Пензенскай вобласьці схаваліся пад зямлю, чакаючы канца сьвету, 35 вернікаў рэлігійнага руху “Горні Ерусалім”. Сярод іх — 6 грамадзянаў Беларусі.


Намаганьні перамоўнікаў ад праваслаўнай царквы, псыхіятраў, дзяржаўных чыноўнікаў плёну ня маюць: людзі адмаўляюцца выходзіць з-пад зямлі. Бяз выніку застаюцца і спробы ўзьдзеяньня на вернікаў празь іхнага духоўнага лідэра Пятра Кузьняцова — міліцыя двойчы прывозіла яго да зямлянкі, аднак на ўгаворы “мэсіі” ягоныя пасьлядоўнікі не паддаюцца.

Пракурор Бекаўскага раёну Пензенскай вобласьці Аляўціна Валчкова кажа: даводзіцца мець справу з надзвычай мэтанакіраванымі людзьмі. Але было б лепш, каб гэтую іхнюю рысу скіраваць у іншае рэчышча:

“Там пастаяннае дзяжурства міліцыі, крымінальная справа таксама працягвае расьсьледавацца. Зьменаў кардынальных не адбылося”.

Карэспандэнт: “Да сілавога рашэньня справа можа дайсьці?”

“Не. Такое нават не плянуецца. Справа ў тым, што яны чакалі ў студзені якіхсьці катаклізмаў, якія меліся сьведчыць пра пераломнасьць моманту. Але студзень нічога асаблівага не прынёс, апошні дзень учора мінуў. І з улікам вось гэтага фактару будуць бліжэйшым часам новыя гутаркі весьціся. То бок людзі закапаліся, чакалі ў студзені паваротных падзеяў, а гэты месяц нічога не прынёс — маразы, адлігі, усё як заўжды. Так, яны нацэленыя на травень, але ў студзені павінен быў настаць нейкі пераломны момант”.

Карэспандэнт: “Зіма ў вас увогуле халодная?”

“Да мінус 30 і ніжэй тэмпэратура апускалася. Цяпер цёпла — ня як у Менску, канечне. Але ў падзем’і ж пастаянная тэмпэратура — як у скляпах і падвалах, незалежна ад тэмпэратуры наверсе”.

Пензенскі мэсія чакае “канца сьвету” у псіхушцы

Тры дзясяткі прыхільнікаў вучэньня Кузьняцова (у іх ліку шэсьць беларусаў) чакаюць, што Апакаліпсіс настане 8 траўня 2008 году. Сам Кузьняцоў трапіць да “падземнай паствы” не пасьпеў, бо яго зьмясьцілі ў псыхіятрычны шпіталь.

Беларуская прысутнасьць у пячоры магла быць яшчэ большай. Пяцёра вернікаў, сярод іх трое дзяцей, папросту не пасьпелі даехаць да Паганаўкі. “Канца сьвету” яны атабарыліся чакаць у малельным доме Кузьняцова, але згодна з рашэньнем Бекаўскай пракуратуры 5 сьнежня 2007-га “за пражываньне без рэгістрацыі” былі дэпартаваныя на радзіму ў Жабінкаўскі раён. Але і пасьля вяртаньня, як сьведчаць вяскоўцы, людзі застаюцца пры сваім. Так, Валянціна Панядзельнік па-ранейшаму не пускае дзяцей у школу, не карыстаецца дакумэнтамі. Іншая вяртанка, Вольга Дзянісовіч, адмаўляецца вяртацца да дзяцей і жыве ў сям’і Панядзельнікаў.

У жыхаркі Кобрынскага раёну Галіны Вабішчэвіч пад зямлёй дачка з мужам. Кінулі на бабулю дваіх большых дзяцей, а дваіх малых (паўтара года адной споўнілася пад зямлёй) зьвезьлі. Спадарыня Галіна летась у лістападзе была ў Паганаўцы, намагалася вызваліць хоць бы ўнучак. Прапаноўвала “бартэр” — сябе ўзамен на Алену і Валю. Але марна. Ад таго часу навінаў няма:

Карэспандэнт: “Як пачуваюць сябе дзеці, якія з вамі? Бацькоў згадваюць?”

“А што дзеці? Добра дзеці. Каму ж бацькі ня трэба? Бацькі ня тое што малаватым, але й барадатым патрэбныя. Але як іх няма, то дзе іх узяць? Канечне, дзеці перажываюць, і перажываюць моцна. Усе перажываюць, а дзеці — асабліва. Вы ж самі ведаеце, як па бацьках перажываюць”.

Карэспандэнт: “А зь людзьмі, якіх адтуль ужо дэпартавалі, кантактуеце?”

“Не, ніякіх зь імі кантактаў няма, бо яны іх і ня хочуць”.

Карэспандэнт: “Прадстаўнікі дзяржструктураў прапануюць дапамогу?”

“Няма ў гэтым сэнсе пакуль нічога. Штосьці абяцалі, але нічога ня робіцца”.

Пашпарт, ІНП, штрых-код — пячаткі Антыхрыста?

Адмова ад прадуктаў харчаваньня ў пакунках са штрых-кодам, дакумэнтаў і крэдытных картак — адметная рыса прыхільнікаў рэлігійнага аб’яднаньня “Горні Ерусалім”. На перакананьне Кузьняцова, лічбавыя коды непасрэдна зьвязаныя зь нячыстай сілай, а ўвядзеньне ідэнтыфікацыйнага нумару падаткаплатніка (ІНП) — шлях да сатаны. Сваю пазыцыю Кузьняцоў не зьмяніў і пасьля таго, як Руская праваслаўная царква заявіла: ІНП ня ўтрымлівае “ліку д’ябла”. Апроч таго, вучэньне сэкты забараняе дзецям наведваць школу, глядзець тэлевізар, слухаць радыё, браць у рукі грошы.

Начальнік апарату Ўпаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Аляксандар Калінаў перакананы: пензенскі сындром Беларусі не пагражае. А тое, што Кузьняцоў некалькі гадоў вольна езьдзіў па Беларусі і вербаваў прыхільнікаў, лічыць выдаткамі Саюзнай дзяржавы:

“У нас жа свабодны бязьвізавы праезд. Ну, так, прыехаў, потым яго выдварылі. А людзі аказаліся ў пэўным сэнсе ўзрушаныя ягонымі поглядамі, не зусім царкоўнымі. Але што да пазыцыі Рускай праваслаўнай царквы, то яна выразна акрэсьленая яшчэ ад пачатку 2000-х, былі канкрэтныя ацэнкі. Прывяду прыклад: па сутнасьці, у сьветаўспрыняцьці гэтага руху бачны рэцыдыў старажытнага “піфагарэйска-кабалістычнага” стаўленьня да лічбаў і літар як да знакаў эзатэрычных дактрынаў. Калі кожная лічба і літара, апроч агульнапрынятага, нібыта мае яшчэ і таемны сэнс. Царква заўсёды карысталася мовай сымбаляў, але ніколі не ўжывала такіх містычных паняцьцяў. Ня выключана, што гэты сэктанцкі рух штучна падтрымліваецца і ўкараняецца ў падсьвядомасьць для стварэньня расколу ў царкоўным грамадзтве”.

Таго, што ў чаканьні канца сьвету можа здарыцца форс-мажор, не выключаў і Кузьняцоў. Пячора, дзе хаваюцца вернікі, уяўляе сабой калідор зь пяцьцю кельлямі і вялікім пакоем для агульных малітваў і... пахаваньня тых, хто ня вытрымаў спэцыфікі падземнага жыцьця. А гэта значыць, сэктанты ад пачатку мусілі разумець, што анансаваны Кузьняцовым “канец сьвету” — перадусім для іх.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG