Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыэлтары атрымалі “залатую акцыю” дзяржавы


Наколькі гэтыя зьмены паўплываюць на стан рынку нерухомасьці?


Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, якім пашырыў рамкі дзяржаўнага рэгуляваньня рынку нерухомасьці і ўзмацніў кантроль у сфэры рыэлтарскай дзейнасьці.

У адпаведнасьці з указам Аляксандра Лукашэнкі, уводзіцца адміністратыўнае рэгуляваньне тарыфаў на рыэлтарскія паслугі – ад красавіка ўсе кошты на рынку паслугаў у галіне нерухомасьці будзе вызначаць Савет Міністраў.

Так, кошт паслугаў на падпісаньне ці скасаваньне дамоваў куплі-продажу будзе разьлічвацца ў працэнтных адносінах ад кошту аб'екта, пазначаным у дамове. Цяпер ён вагаецца ў межах 3% ад сумы зьдзелкі. Мяркуецца, што ўжо празь месяц істотна павялічыцца разьбежка пры афармленьні зьдзелак з дарагой нерухомасьцю, хоць канкрэтныя лічбы рыэлтарскім канторам яшчэ не даведзеныя. Аплата іншых паслугаў, не зьвязаных з продажам ці купляй аб’ектаў нерухомасьці (спрыяньне ў прыватызацыі, пераплянаваньні) будзе нармаваная прывязкай да базавай велічыні – і тут залежна ад аб’ёму працы.

“Клопат” са сьмяротным вынікам

Супрацоўніца аднаго зь менскіх агенцтваў нерухомасьці Вольга Субач кажа, што цяпер яе кампанія стаіць перад выбарам – спрабаваць працаваць далей ці ўрэшце згарнуць дзейнасьць?

“Вельмі жорсткі ўказ. Шчыра кажучы, мы ўвогуле цяпер задумваемся – а ці трэба гэта нам? Самі сядзелі і думалі: на сёньняшні дзень не прадугледжаная зьдзельная аплата рыэлтараў. Калі пэўную працэнтную стаўку прызначаць, то, адпаведна, рыэлтараў патрэбна пераводзіць на зьдзелку. А якім чынам пераводзіць, калі гэта ў нас ніяк не адладжана? Так што наконт сваёй будучыні задумваемся вельмі моцна... Яшчэ тады, калі быў праект указу, спадзяваліся, што нешта зрушыцца. Прынамсі, чакалі, што хоць задумаюцца наконт заработнай платы пры зьдзелцы, што хоць штосьці памяняецца. Але атрымалася, што нічога не палепшылася. Наадварот”.

Тацяна Скурко, калега спадарыні Субач зь іншага агенцтва нерухомасьці, лічыць, што у пачаткам дзеяньня ўказу пачнецца перадзел рынку нерухомасьці на карысьць дзяржаўнага сэктару:

“Гэта для нас вельмі ня добры, канечне, указ. Таму што з нас адпаведна зьдзяруць і падаткі. І ўся гэтая “празрыстасьць” – для падатковай, а не для людзей. Даўно ходзяць чуткі, што палова агенцтваў хутка зачыняцца, што статутны капітал вельмі падвысяць для рэгістрацыі, што агенцтвы будуць выключна дзяржаўныя. Канкурэнцыя і так вялікая і што будзе далей – нават ня ведаю. Дзяржаву хвалюе наступнае: у розных выпадках людзі плацяць агенцтву за паслугу розную суму. І вось як яна там дзеліцца – дзяржава ня можа гэтага зразумець. Адпаведна, хоча ў гэтую справу ўлезьці і папросту “захапаць” сабе гэты кавалак. Як яно дзеліцца – я прыкладна магу апавесьці, але ня буду. Магу толькі сказаць, што агент атрымлівае ў лепшым выпадку дзесьці чвэрць ад сумы афармленьня. Таму што і фірме трэба жыць, і ўсім людзям, якія бяруць у гэтым мінімальны ўдзел, жыць таксама трэба”.

Што было прыватнае, стане дзяржаўнае

Паводле ўказу №140, прадугледжана павелічэньне мінімальнай колькасьці рыэлтараў у штаце агенцтва, атэставаных Міністэрствам юстыцыі – ад ранейшых трох да пяці. Калі такое патрабаваньне ня будзе выконвацца, гэта падставай для скасаваньне ліцэнзіі Рыэлтар Вольга Субач бачыць у гэтым факт вынішчэньня невялікіх кантораў:

“Гэта не ўзбуйненьне, а, груба кажучы, ліквідацыя дробных рыэлтарскіх кантораў. Таму што, як правіла, штат да бясконцасьці раздзьмуць немагчыма. Падаткі на заробную плату, сама зарплата – усё гэта цяжкім грузам кладзецца на кіраўніка агенцтва. Асабліва тады, калі, напрыклад, няма зьдзелак. А з чаго ў такім выпадку выплачваць? Прыкладам, як цяпер, калі актыўнасьць на рынку нерухомасьці значна зьменшылася”.

Адна з атэставаных дзяржаўных спэцыялістаў Людміла Гурчык вітае захады дзяржавы. Яна кажа, што ўрэшце пазьнікаюць дробныя пасярэднікі, сярод якіх нямала нячыстых на руку людзей, так званых чорных маклераў, якія фальсыфікавалі дакумэнты, падманвалі пакупнікоў і сваіх жа калегаў:

“Адзін чалавек дзесьці ў пад’езьдзе нагаворыць – і ўвесь дом адмовіцца кантактаваць з агенцтвам, людзі будуць лічыць нас за афэрыстаў. Большай непрыстойнасьці і ўявіць цяжка. Калі кліент (прабачце за крамолу) усё ж чужы чалавек і яму робяць гадасьць, то зьдзіўляесься. Але калі з такім “маклерам” працуеш прынамсі ў адной сфэры, то, магчыма, сутыкнуцца па працы давядзецца яшчэ ні адзін раз: ты сёньня ў яго бярэш кватэры, заўтра ён будзе ў цябе браць. Але ён усё роўна робіць табе гадасьць. Расплюшчваеш вочы і думаеш: а што ж яны тады робяць зь людзьмі, якіх ня ведаюць? Гэта насамрэч балючая тэма, я заўсёды перажываю, так сорамна, калі штосьці дзесьці здараецца. Таму што вельмі разумею абурэньне людзей. І як потым з такім кляймом працаваць?”

Указам Лукашэнкі агентам забараняецца паралельна працаваць паводле працоўных дамоваў у розных агенцтвах нерухомасьці – кожны супрацоўнік трывала прывязваецца да аднаго месца працы. Таксама, паводле указу, кампаніі будуць дзейнічаць адпаведна з заканадаўствам аб страхавой дзейнасьці, што запатрабуе як ад фірмы-пасярэдніка так і ад пакупніка дадатковых выдаткаў на страхаваньне зьдзелкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG