Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маёмасьць дачнікаў паставілі пад пытаньне


У адпаведнасьці з указам Аляксандра Лукашэнкі, да 1 кастрычніка дачнікі мусяць зарэгістраваць права на надзелы і нерухомасьць. Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі больш за паўмільёна дачнікаў. Чым выкліканыя зьмены ў заканадаўстве? Якія могуць быць наступствы?


Незарэгістраваны зямельны надзел пазьней могуць сканфіскаваць

Пакуль жа меней за палову уладальнікаў лецішчаў пачалі афармляць дакумэнты.

Як папярэджваюць чыноўнікі Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці, незарэгістраваны зямельны надзел пазьней могуць сканфіскаваць:

«Як запісана ў Грамадзянскім кодэксе? Калі фактычна чалавек чымсьці ўладае, ён юрыдычна мусіць аформіць сваё права. Пакуль, прыкладам, дом не аформлены, лічыцца, што яго не існуе. Таму ў дадзеным выпадку маецца на ўвазе абавязковая тэхнічная інвэнтарызацыя, выраб тэхнічнага пашпарта, рэгістрацыя пашпарта на садовы дом. На ўчасткі, як правіла, людзі зарэгістравалі сваё права яшчэ раней. Але праблемы мусіць разглядацца ў комплексе: рэгістрацыя права на зямельны надзел і на садовы домік».

Эканаміст Сяргей Балыкін падзяляе клопат дзяржавы пра неабходнасьць рэгістрацыі нерухомасьці. Маўляў, гэта ня толькі звыклая для ўсяго цывілізаванага сьвету рэч, але і аргумэнт ў магчымых спрэчках за ўласнасьць. Іншая справа, паводле экспэрта, што вызначаныя сумы за аказаньне паслугаў сур’ёзна палохаюць уласьнікаў:

“Няма нічога ненатуральнага ў тым, каб рэгістраваць уласнасьць. Наадварот, цалкам натуральна, калі на нерухомасьць патрэбна дзяржаўная рэгістрацыя. Хоць бы таму, што нерухомасьць сёньня -- гэта адна з найбольшых матэрыяльных каштоўнасьцяў. А такая дарагая ўласнасьць павінна падлягаць рэгістрацыі дзеля таго, каб права ўласнасьці пацьвердзіць. І калі ты ня маеш рэгістрацыі сваёй уласнасьці, тады ў спрэчных пытаньнях як вырашаць -- каму яна належыць? А вось тое, што ў нас пошліны за паслугі такія высокія – дык гэта ж зусім іншая справа! Тое, што ў нас бюракратыя працуе так кепска – гэта таксама іншая рэч. Таму ўрэшце тое, што ўва ўсім сьвеце лічыцца натуральным, у Беларусі намагаюцца зрабіць праз адно месца, добрую справу пераўтвараючы ў сумнеўную паводле выкананьня. Карацей, умеюць у нас нарабіць глупстваў. Але ж гэта Беларусь...”

У кадастравых агенцтвах папярэджваюць: больш складана будзе тым уласьнікам, якія не зьяўляюцца сябрамі каапэратываў, а значыць, ня могуць спадзявацца на дапамогу старшыні ці бугальтара каапэратыву. Кіраўнікі таварыстваў бяруць ня сябе дадатковы цяжар, падаючы калектыўныя сьпісы ў выканкамы на тых, у каго адсутнічаюць дакумэнты. Тады выканкамаўскія землямеры выяжджаюць на месца, ахопліваючы адразу некалькі ўчасткаў, што істотна памяншае кошт афармленьня.

Хоць і сваё, але давядзецца плаціць дадаткова

Каб пачаць афармленьне нерухомасьці, неабходна заява, якую будуць разглядаць у аддзеле райвыканкама, які курыруе садовыя таварыствы. Пасьля агалошаньня рашэньня пра выдзяленьне зямлі, дакумэнты пераадрасуюць у інстытут «Белгіпразем», дзе цягам двух месяцаў будзе весьціся так званая земляўладкавальная.

Давядзецца плаціць каля 70 даляраў за рэгістрацыю будынку плошчай да 50 квадратных мэтраў. Калі плошча большая – плата падымаецца. На легалізацыю дома і зямельнага надзела разам можа пайсьці да 3 месяцаў. Паасобку – да паўгоду.

Спадар Аляксей ўжо прыватызаваў лецішча. Прызнаецца, высілкаў гэта каштавала немалых – і фізычных, і матэрыяльных. Ён на сваім досьведзе тлумачыць прынцыповую розьніцу паміж дачнікам новага і старога ўзору:

«Раней не прыватызаванае лецішча, то бок, без тэхнічнага пашпарту, нельга было прадаць. Вось я яго прыватызаваў, хоць была гэта нялёгкая справа. Розьніца ў тым, што дагэтуль не было прымусова: калі маесьсся калі-небудзь прадаваць -- афармляй, ня хочаш – ня трэба. Але прадаць без прыватызацыі было нельга, да таго часу, пакуль на руках ня будзе тэхнічнага пашпарту. А пашпарт выпісвалі толькі тады, калі прыватызуеш. Карацей, сытуацыя падобная да той, што зараз зь лічыльнікамі: пакуль мы ставім лічыльнікі на халодную і гарачую ваду паводле прынцыпу «можна ставіць, можна не ставіць», але неўзабаве гэтая справа закончыцца і будзе ўсё прымусова. Таксама, відавочна, указ ёсьць».

Многія дачнікі аформілі дзяржаўныя акты на зямлю яшчэ шмат год таму. Але пры адсутнасьці штампаў рэгістрацыі ў выканкаме працэдура афармленьня зямлі ва ўласнасьць лічыцца незавершанай. Дадасьць галаўнога болю і не рэгістрацыя будынку будыніна. Без тэхпашпарту, як ўжо зазначыў Аляксей, дом не перадасі ў спадчыну, яго нельга прадаць ці падарыць. Адсутнасьць зьвестак пра будынак у агульным кадастравым рэгістры будзе падставай да скасаваньня дамовы куплі-продажу.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG