Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прэсболу” заблякавалі дарогу ў алімпійскі Пэкін


Выканкам Нацыянальнага алімпійскага камітэту (НАК) пазбавіў акрэдытацыі на Алімпійскіх гульнях у Пэкіне незалежную газэту “Прэсбол”.


Адлучэньне матываванае тым, што выданьне друкуе матэрыялы, якія нібыта абражаюць пачуцьці спартоўцаў і падрываюць дзелавую рэпутацыю НАК. Нагодаю для скандалу сталі дасьледаваньні алімпійскай прызэркі ў біятлёне, а цяпер журналісткі “Прэсбола” Сьвятланы Парамыгінай. У артыкуле “Алімпійская памыйка” яна прывяла факты раскраданьня дзяржаўных сродкаў, прызначаных на падрыхтоўку алімпійцаў. Сёньня кіраўніцтва газэты зьвярнуўся з адкрытым лістом да прэзыдэнта НАК Аляксандра Лукашэнкі.

Рашэньнем НАК дзьве вакансіі, якія вызваліліся, калі самую тыражную спартовую газэту Беларусі пазбавілі алімпійскай акрэдытацыі, аддадзеныя “Народнай газэце” і газэце “Рэспублiка”.

У.Беражкоў: “Нам кінулі сур'ёзны выклік”

Галоўны рэдактар “Прэсбола” Ўладзімер Беражкоў перакананы, што газэта стала ахвярай асабістых амбіцыяў чыноўнікаў ад спорту:

“Тое, што мы зьмяшчаем крытыку, тое, што мы крытыкуем, дык гэта не беспадстаўна. Натуральна, калі напісана пра тое, што мільярд рублёў, прызначаных на алімпійскія патрэбы, скралі і адправілі на расейскую памыйку, дык каму гэта спадабаецца? То бок тыя людзі, якія гэта зрабілі, натуральна, будуць спрабаваць усяляк атакаваць, баронячы сябе. Гэта адна з тактык. І ў гэтым нічога дзіўнага няма. Але што такім грубым чынам можна было распраўляцца за крытыку, так яўна, так бесцырымонна — вось гэта вельмі зь вялікім выклікам зроблена. Гэта проста сапраўдны выклік, я б так сказаў”.

Сёньня “Прэсбол” зьвярнуўся з адкрытым лістом да кіраўніка НАК Аляксандра Лукашэнкі з просьбай умяшацца ў рашэньне ягоных падначаленых. Паводле Ўладзімера Беражкова, цяпер рэдакцыя чакае рэакцыі. У залежнасьці ад атрыманага адказу будуць шукацца іншыя варыянты, каб трапіць на Алімпіяду.

Пытаюся ў спадара Беражкова: хто, на ягоную думку, ініцыяваў адлучэньне “Прэсболу” ад Алімпійскіх гульняў? У прыватнасьці, на паседжаньні выканкаму віцэ-прэзыдэнт НАК Генадзь Аляксеенка пашкадаваў (цытую БелТА): “Мы ня можам закрыць гэтую газэту, але выказаць сваё стаўленьне маем права”:

“Ну, гэта ўвогуле адна кампанія — Грыгараў, Аляксеенка, якія распраўляліся з газэтай ва ўсе часы і цяпер распраўляюцца. То бок нічога не зьмянілася. І гісторыя паўтараецца па сьпіралі. 20 сакавіка 2000 году бюро НАК з ініцыятывы Аляксеенкі пазбавіла нас акрэдытацыі ў Сыднэі. Але ўжо 21 сакавіка адбыўся выканкам НАК, на якім Лукашэнка вярнуў усё назад. Іншымі словамі, мы адзін дзень ужо былі пазбаўленыя акрэдытацыі. А цяпер увогуле ўсё белымі ніткамі шыта. Няма ніводнай прычыны, прынамсі я ня бачу, чаму нас могуць пазбавіць акрэдытацыі ў Пэкіне. Я ў поўным неразуменьні, як гэта ўвогуле магло здарыцца”.

А.Грыгараў: “Навошта траўмаваць атлетаў перад гульнямі?”

Міністар спорту і турызму Аляксандар Грыгараў для Радыё Свабода патлумачыў: выканкам НАК прыняў сваё рашэньне аднагалосна пасьля таго, як з просьбай абараніць гонар і годнасьць НАК зьвярнуліся вядомыя ў спорце асобы. Спартовыя чыноўнікі пастанавілі: публікацыі “Прэсболу” ніяк не накіраваныя на прапаганду алімпійскіх ідэалаў.

“Пасьля публікацыі ў газэце матэрыялу “Алімпійская памыйка” ўсе ж абурыліся — нельга ж так. У асноўным гэта паслужыла прычынай, бо такія абразьлівыя выказваньні і г.д. Ну, і потым шэраг матэрыялаў носіць неаб’ектыўны, тэндэнцыйны характар. Нельга ж так – перад Алімпіядай спартоўцаў траўмаваць. Мы ж ня супраць таго, што яна самая масавая ці яшчэ якая самая-самая. Якая б яна ні была, але людзі павінны атрымліваць аб’ектыўны матэрыял і не ісьці шляхам нейкіх абразьлівых рэчаў”.

Ю.Сівакоў: “Рашэньне НАК тэндэнцыйнае і няправільнае”

А вось экс-міністар спорту Юрый Сівакоў такую пазыцыю былых калегаў называе памылковай і ўзгадвае, што падчас свайго кіраваньня ніколі не дзяліў журналістаў на “чэсных” і “нячэсных”:

“Калі ёсьць роскід меркаваньняў пра дзейнасьць ці то чалавека, ці то якойсьці арганізацыі, — гэта добра. Гэта дазваляе глыбей разабрацца ў любой сытуацыі. Я ніколі сабе не дазваляў дзяліць на чужых і сваіх прэсу. І тое, што зараз адбываецца — памылкова. Ведаючы калектыў гэтай газэты, рэдактара яе, журналістаў, якіх я вельмі паважаю, я лічу, што гэта скрайне тэндэнцыйна і няправільна. Я раней казаў пра памылковасьць акрэдытацыі толькі дзяржаўных СМІ і цяпер такой думкі трымаюся. Бо калі ёсьць некалькі пунктаў гледжаньня (а іх павінна быць нават не 2-3, а нашмат болей), тады зь іх можна выбраць сярэдняе арытмэтычнае і прыняць правільнае рашэньне. Гэта маё меркаваньне, і я пры ім застаюся”.

У.Камінскі: “Дылема: ісьці ў суд ці пагадзіцца з рашэньнем”

Алімпійскі чэмпіён у вэляспорце Ўладзімер Камінскі не разумее, як можна пазбавіць акрэдытацыі самую масавую спартовую газэту, зь якой бяруць усю інфармацыю тыя ж чыноўнікі НАК і Мінспорту:

“Самая масавая спартовая газэта адлучаная ад Алімпіяды. Абсурд. Але ж гэта калектыўнае рашэньне, і тут трэба высьвятляць сытуацыю ў нейкім судзе — або пагадзіцца зь ім. У дадзеным выпадку, я так разумею, той, хто кіруе грамадзкай арганізацыяй, ня мае права прыняць іншае рашэньне — ня тое, якое прыняла большасьць. Гэта ў дзяржаве ёсьць моманты, калі прэзыдэнт можа прыняць сваё рашэньне, а так наўрад ці што зьменіцца. Але ж паспрабаваць нешта, канечне, можна. Няхай ад прэзыдэнта атрымаюць нейкі адказ. Дарэчы, ведаю, што Лукашэнка да Парамыгінай ставіцца добра. Можа, гэта нейкім чынам паспрыяе перагляду рашэньня. Але ж ужо напісана, што месцы аддадзеныя іншым — “Народнай газэце”, “Рэспубліцы”. І ўжо кідаць туды-сюды таксама не выпадае”.

Вядучаму. Друкаваным выданьням Беларусі дадзена 10 алімпійскіх акрэдытацыяў. Пасьля адлучэньня ад Алімпіяды “Прэсбола” ў сьпісе засталася толькі адна спэцыялізаваная газэта — дзяржаўная “Спортивная панорама”. Астатнія пуцёўкі падзеленыя паміж “Советской Белоруссией”, “Звяздой”, “Рэспублiкай”, “Народнай газэтай”, а таксама агенцтвам БелТА.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG