Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Багацьце, улада, сіла — усё мінае. Сапраўдная каштоўнасьць — не яны...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 01 сакавіка 2008 году


Адна з галоўных падзеяў мінулага тыдня — кароткачасовае вызваленьне з турмы апазыцыйнага лідэра Аляксандра Казуліна. Пахаваньне жонкі палітыка Ірыны Казулінай, якая памерла заўчасна, ператварылася ў дэманстрацыю людзкой салідарнасьці і спачуваньня гэтай сям’і, якая мужна вытрымлівае шматлікія выпрабаваньні лёсу.

З аднаго зь лістоў на гэту тэму і пачну сёньняшнюю размову. Нам піша Сьвятлана Гайцюкевіч з Наваполацку:

“Калі б пры ўладзе ў Беларусі былі вялікадушныя і мудрыя людзі, сапраўдныя хрысьціяне, дык Аляксандар Казулін быў бы на волі ўжо тады, калі стала зразумела, што Ірына сыходзіць з гэтага сьвету. Вялікі, сьмяротны грэх узяў на сябе той чалавек, які ня даў двум самым блізкім людзям сказаць адзін аднаму апошняе “Даруй і бывай”.

Але нішто на гэтым сьвеце не мінае бясьсьледна. Настане момант, калі нават самы багаты, самы пасьпяховы, надзелены самай высокай уладай чалавек апынецца ў такой жа ці падобнай сытуацыі. Багацьце, улада, сіла — усё мінае. Сапраўдная каштоўнасьць — не яны. Удзячную памяць у нашчадкаў пакідаюць дабрыня і міласэрнасьць. Ці думаюць пра гэта нашы валадары хоць калі-небудзь?”


— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Сьвятлана Гайцюкевіч з Наваполацку.

З прэтэнзіямі і заўвагамі зьвяртаюцца да мяне жыхары вёскі Летцы Віцебскага раёну Васіль Гапуноў і ягоныя калегі зь мясцовай калгаснай брыгады. У сваім лісьце на “Свабоду” яны пішуць:

“Паважаны Валянцін Жданко. Нам падабаюцца вашы перадачы і тое, як вы адказваеце на лісты слухачоў. За гэта — дзякуй. Але нядаўна адзін чалавек пытаўся ў вас, якую зарплату атрымліваюць нашы міністры, дэпутаты ды іншыя начальнікі. Вы ліст зачыталі, і на гэтым — усё, адказу не далі. Ці гэта ў Менску такая таямніца? А людзям жа цікава.

Вось мы тут у Летцах даведаліся ў адной работніцы банку, што, напрыклад, галоўны беларускі банкір Пракаповіч атрымлівае штомесяц не адну тысячу даляраў. Калі верыць гэтай работніцы, дык яму аднаму плацяць столькі, колькі ў нашым калгасе — усяму калектыву, — пішуць калгасьнікі зь вёскі Летцы Віцебскага раёну. — Пракаповіч абяцаў, што да 2015 году сярэдні заробак у Беларусі будзе тысяча эўра, ці паўтары тысячы даляраў. Дык яно і цяпер, калі скласьці ягоны заробак і мой (350 тысяч беларускіх рублёў), дык сярэдні ў нас на дваіх будзе больш як паўтары тысячы даляраў. Але вельмі хацелася б, каб хоць адзін месяц спадар Пракаповіч атрымаў маю зарплату, а я — ягоную. Дужа хораша было б.

Адзін наш мэханік кажа: надта разумны той чалавек, які вынайшаў такую сыстэму падліку сярэдняй зарплаты. Трэба яму даць Нобэлеўскую прэмію за такі спосаб адурманьваньня простага народу.

І яшчэ адно пытаньне ў нас — да кіраўнікоў беларускага ўраду. Вельмі хацелася б, каб яны зрабілі разьлік (ці склалі мэню), каб людзям было зразумела, як пры сёньняшніх беларускіх цэнах пражыць на 185—200 тысяч рублёў. Няхай напішуць: якую вопратку купляць, які абутак, якія прадукты? Бо, напрыклад, наш аграном хоць і мае вышэйшую адукацыю, але зрабіць такія разьлікі для нас ня можа”,


— напісалі ў сваім лісьце на “Свабоду” Васіль Гапуноў і яшчэ дзесяць работнікаў ягонай брыгады зь вёскі Летцы Віцебскага раёну.

Дэпутаты, міністры ды іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі пра памер сваіх даходаў гавораць неахвотна. Афіцыйным шляхам здабыць дакладную інфармацыю наконт гэтага даволі складана. Тым ня менш аб прыблізных лічбах меркаваць можна. Так, 21 лютага міністар абароны Беларусі генерал-палкоўнік Леанід Мальцаў на прэс-канфэрэнцыі ў Менску паведаміў, што за месяц цяпер зарабляе 3 мільёны 700 тысяч беларускіх рублёў. Прыблізна такія ж заробкі і ў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў: ім пасьля рэфэрэндуму 1996 году пачалі плаціць, як міністрам.

На тэму будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Віктар Кляноўскі з пасёлку Друя Браслаўскага раёну.Зьвяртаючыся да мяне, ён піша:

“Валянцін, ці ёсьць на сьвеце такая ўплывовая інстытуцыя, якая магла б спыніць стварэньне ў Беларусі гэтай новай атамнай бомбы — АЭС? Нашы бедныя людзі яшчэ ад Чарнобыля ачомацца ня могуць. У дзіцячых садках у кожнага чацьвёртага малога — хвароба шчытападобнай залозы. У мяне мама зь вялікай цяжкасьцю перанесла апэрацыю на гэтай залозе. І сястра хварэе. Часта ўспамінае, што на пачатку траўня 1986 году купалася ў Гомелі ў рэчцы. І ніхто не паведаміў пра тое, што адбылося: хацелі ўтоіць. Пляваць ім на народ. А цяпер вось і лекі ў аптэцы трэба купляць за поўны кошт, бо льготы адабралі. Скажыце, дарагія суграмадзяне, навошта вам патрэбна тая нібыта танная электраэнэргія, калі ў вас ня будзе здароўя нават на тое, каб вядро вады прынесьці?

У маім пасёлку паўсюль — бардак. Чалавека са зламанай нагой дактары адмаўляюцца на бальнічнай машыне адвезьці ў Браслаў на здымак і перавязку. А гэта 32 кіляметры. І трэба таксоўку наймаць”,


— паведаміў у сваім лісьце на “Свабоду” Віктар Кляноўскі з пасёлку Друя Браслаўскага раёну.

Калі ўлады некалькі гадоў таму распачыналі кампанію масавай ліквідацыі шпіталяў і амбуляторыяў у невялікіх пасёлках, дык апраўдваліся тым, што хочуць зрабіць больш якасным мэдычнае абслугоўваньне ў райцэнтрах. А раённыя шпіталі, маўляў, будуць даступныя для ўсіх жыхароў. Пра тое, наколькі даступнымі яны сталі, добра відаць на прыкладзе, які апісаў Віктар Кляноўскі. Заўважым: яшчэ дзесяць гадоў таму і перавязку, і рэнтгенаўскі здымак можна было зрабіць у любым беларускім пасёлку такога маштабу, як Друя: у кожным зь іх былі калі не шпіталь, дык паліклініка ці амбуляторыя.

Наш слухач Міхал Жук зь Менску зьвяртае ўвагу на лёс будынкаў менскага кляштара бернардынаў і касьцёла сьвятога Язэпа. Каталікі ўжо доўгі час дамагаюцца іх вяртаньня, але ўлада адмаўляецца гэта рабіць, спасылаючыся на тое, што зьбіраецца адкрыць у гэтых будынках нейкі музэй. Слухач піша:

“Тут трэба прыпомніць дзясяткі нашых касьцёлаў, ператвораных у руіны, пажарніцкія, сталоўкі, жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы альбо нават у крамы. Усё гэта зрабіла савецкая ўлада, пераемніцай якой сябе лічыць улада сёньняшняя. Частка збораў па сёньняшні дзень захоплена расейскай праваслаўнай царквой. Прыклады далёка шукаць ня трэба: у сэрцы Верхняга гораду, на Нямізе знаходзіцца былы касьцёл Дабравесьця — цяпер праваслаўная царква Сьвятога Духа.

Я сам сабраў і даслаў больш за 160 подпісаў за вяртаньне касьцёла Сьвятога Язэпа вернікам. Нельга сказаць, каб зьбіраньне ішло лёгка. Але найбольш засмучала думка, што рэжым, пакуль жыве, ніколі ня дасьць вярнуцца ў Менск нашаму спрадвечнаму, беларускаму. Не дзеля гэтага ў горадзе і краіне хуткімі тэмпамі ідзе русыфікацыя. А перад нашымі бардамі, пісьменьнікамі, гісторыкамі, мастакамі і палітыкамі зачыняюцца дзьверы школ, клюбаў ці Дома літаратара.
Хацелася б даведацца, шаноўны спадар Жданко, што на гэты конт думаюць, прыкладам, вядомыя пісьменьнікі, гісторыкі, палітыкі, рэлігійныя дзеячы, філёзафы. Цікавае, дарэчы, і Ваша ўласнае меркаваньне”.


Подпіс: “ваш заўсёдны слухач і чытач Міхал Жук, Менск”.

Тэмы захаваньня гістарычнай спадчыны і дыскрымінацыі беларускай мовы гучалі і працягваюць гучаць на хвалях Свабоды. Мы даем магчымасьць выказацца наконт гэтых праблемаў усім, чыя думка можа быць істотнай і цікавай для нашай аўдыторыі.

Гісторыю змаганьня беларускіх каталікоў за будынак касьцёла сьвятога Язэпа ў Менску мы падрабязна асьвятлялі і асьвятляем. Мяркуючы па рэакцыі ўладаў, аддаваць вернікам гэтыя будынкі, на якія беларускі каталіцкі касьцёл мае ўсе юрыдычныя і маральныя правы, яны не зьбіраюцца. Спачатку там плянавалі разьмясьціць забаўляльны комплекс, цяпер ужо ідзе размова пра музэй. Можна зразумець вашы, спадар Жук, пачуцьці, як чалавека, які прыклаў гэтулькі намаганьняў дзеля вяртаньня сьвятыні. Але не адчайвайцеся. Што б яны там ні разьмясьцілі — усё гэта будзе часовым. Гэтаксама як часовымі былі Дом кіно ў Чырвоным касьцёле і Дом фізкультуры ў Катэдральным саборы на плошчы Свабоды.

І яшчэ адзін ліст — таксама на тэму дачыненьняў паміж дзяржавай і рэлігійнымі канфэсіямі. Піша Іван Міхайлоўскі зь Ліды:

“Многія ў Беларусі памятаюць, як Лукашэнка назваў сябе праваслаўным атэістам. А мітрапаліт Філарэт час ад часу ўручае яму царкоўныя ўзнагароды, нават ордэн. Царкоўнымі ордэнамі ўзнагароджаны і тыя асобы (у прыватнасьці, палкоўнік Дзьмітры Паўлічэнка), якіх падазраюць у датычнасьці да зьнікненьня вядомых апазыцыйных палітыкаў — Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага. Як такое магло здарыцца? Царква павінна адзначаць толькі беззаганных вернікаў, праведнікаў. Ці можа пасьля гэтага царкоўнае кіраўніцтва заставацца на сваіх пасадах? Гэта, мусіць, першы такі выпадак у жыцьці царквы на гэтым сьвеце. Ці не таму праваслаўныя пачалі пераходзіць у іншыя канфэсіі? Гэтак нашы цэрквы ў хуткім часе могуць увогуле апусьцець”,

— гэтак лічыць Іван Міхайлоўскі зь Ліды.

За дзьве тысячы гадоў хрысьціянства ў гісторыі царквы здаралася рознае. І ўзнагароджвалі ня толькі праведнікаў, і на вогнішчах інквізыцыі палілі ня толькі грэшнікаў... Руская праваслаўная царква яшчэ з часоў Расейскай імпэрыі імкнецца да асабліва цесных дачыненьняў зь дзяржавай і зь першымі асобамі ў дзяржаве — незалежна ад таго, якімі маральнымі якасьцямі і хрысьціянскімі каштоўнасьцямі гэтыя асобы вызначаюцца. Ці апраўданая такая стратэгія? Відавочна, на гэтае пытаньне павінны адказаць самі праваслаўныя вернікі. Адказаць і самім сабе, і сваім духоўным пастырам.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG