Паводле Сьвятаслава Пузырэўскага, уночы зьняволеных з-пад варты ніколі не адпускаюць. Таму нават у выпадку станоўчага адказу з пракуратуры і дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Аляксандра Казуліна могуць адпусьціць разьвітацца з жонкай не раней як раніцаю 25 лютага.
Журналістам і праваабаронцу Паўлу Левінаву, якія наведалі папраўчую установу каля восьмай гадзіны вечара, дзяжурны памочнік начальніка калёніі сказаў, што зьняволены Казулін пачуваецца адносна добра: прынамсі, па мэдычную дапамогу ён сёньня не зьвяртаўся. Што да эмацыйнага стану, то ён, паводле супрацоўнікаў калёніі, “адпаведны таму, які мае кожны чалавек, калі яго напаткае гора – сьмерць блізкага чалавека”.
У калёніі “Віцьба-3” па-ранейшаму цьвердзяць, што адміністрацыя ня можа самастойна, без распараджэньня вышэйшага кіраўніцтва, прыняць рашэньне аб ад’езьдзе Казуліна. Паводле супрацоўнікаў “Віцьбы-3”, такой практыкі ў калёніі дагэтуль не было.