Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусь Сырэль. Малыш



1.

Каля 30 – 40 тысяч год да Раства Хрыстова, недзе на тэрыторыі сучаснага Беларускага Паазер’я.

Над бясконцай ледзяной пустыняй панавала завіруха. Вецер, напоўнены дробнымі вострымі ледзянымі крышталікамі, дзьмуў, не мяняючы напрамку, ужо трэці месяц запар. Сонца жаўтаватай размытай плямай зрэдку ўзьнікала на шэрым небе, бы праяўлялася на фотаздымку, і гэдак жа паступова зьнікала. Уначы вецер цішэў, на небе ненадоўга зьяўляліся зоркі. Магутную ледзяную тоўшчу дзе-нідзе праразалі кілямэтровай глыбіні прорвы, на дне якіх было ціха, толькі ўлетку (калі гэта можна было назваць летам) сярод зеленаватых таросаў цурчалі нясьмелыя ручаінкі ды ценькалі, бы малюсенькія званочкі, празрыстыя халодныя кроплі. Тут большую частку сутак было змрочна, сьвятлела ня больш, чым на дзьве - тры гадзіны, калі ў расколіну ненадоўга зазірала сонца. Аднак, ледавіку было ўсё роўна, прайшло дзьве гадзіны, ці два стагодзьдзі, а больш лічыць і вымяраць час і прастору тут ня было каму, як ня было каму слухаць сьвіст завірухі ці грукат абвалу ледзяных скалаў. Так мінала тысячагодзьдзе за тысячагодзьдзем, ледавік то падымаўся і апускаўся, бы грудзі магутнага волата, то павольна рухаўся на поўдзень, то ізноў адступаў на поўнач.

І вось на сьвітанку, парушыўшы аднастайнасьць амаль трохмесячнай маркотнай завірухі, адбылася падзея, якая бывае раз на сто тысяч год.

Асьляпляльны вогненны шар, падганяны зьзяючым хвастом, як бізуном, разадраў панурае неба напапалам і ўрэзаўся ў ледавік са страшэнным грукатам, бы іспалінская дзіда. Удар неверагоднай сілы скалануў ледзяную пустыню, у неба выбухнуў слуп пары, вады і ледзяных аскепкаў. На многія кілямэтры вакол у расколіны абрушыліся мільёны тон лёду, ледавік прарэзалі новыя прорвы. Праз некалькі хвілін зь неба са сьвістам і звонкім цоканьнем пачалі падаць вялізныя ледзяшы. Потым пайшоў небывалай сілы дождж са сьнегам і градам...

Калі разьвіднела, ледзяную пустыню было не пазнаць. Завіруха спалохана сьціхла, навокал стаяла неверагодная, грабавая цішыня. Сонца, акружанае некалькімі вясёлкавымі кольцамі, баязьліва падымалася над ледавіком. Сьнег, пакрыты бліскучай ледзяной скарынкай, на шмат кілямэтраў вакол вялізнай варонкі быў утыканы вострымі ледзяшамі. На дне варонкі шэрай хмарай грувасьцілася пара. Высока ў небе віселі незвычайныя, серабрыстыя, перыстыя аблокі.

У сярэдзіне дня раптам спахмурнела, сьцямнела, потым, гэтак жа раптоўна, зноў пасьвятлела. На даляглядзе вырасла серабрыстая сьцяна, час ад часу па ёй сутаргава прабягалі каляровыя сполахі, афарбоўваючы неба і бясконцыя ільды і сьнягі то ў жоўты, то ў аранжавы, то ў барвовы колер.

Да зьмярканьня гэта незвычайнае сьветлавое шоў скончылася. Серабрыстая сьцяна паступова быццам растала ў небе, нясьмела замігцелі ў паветры рэдкія сьняжынкі, іх станавілася ўсё больш і больш. Павеяў халодны ветрык, які праз гадзіну ператварыўся ў сапраўдны ўраган. Праз суткі і ён супакоіўся.


2.

Сакавік 2008 года ад Раства Хрыстова, Беларуская Народная Рэспубліка, Нацыянальны Парк “Паазер’е”.

На сёньняшні мой розум я ня ўпэўнены, ці стаў бы зьвязвацца з Малышом. Можа, і ня стаў бы. Хай бы ён ляжаў там, дзе ляжаў. Пятровіч мне тады казаў:

- Ня лезь ты, Франак, у вялікае. Чорт яго ведае, што там такое, мо іншаплянэцяне бомбу якую падклалі ці згубілі. Як шандарахне – ад усіх гэтых гатэляў-матэляў-бараў адны аскалёпкі застануцца. Дзе мы тады з табой будзем піва піць, га?.
Пятровіч чамусьці шчыра верыў у іншапланецян, прыводзячы, на яго думку, неабвержныя доказы іх існаваньня калі ня ў наш час, то ў далёкім мінулым.

Канешне, я разумею: прэстыж краіны, навуковае адкрыцьцё сусьветнага ўзроўню, прыток капіталу і гэтак далей – вакол Малыша ўжо каторы год ня сьціхае ажыятаж. І гэта пры тым, што самае галоўнае пра яго, апроч мяне, ніхто пакуль ня ведае.

Але пачну па парадку, бо так вы нічога не зразумееце.

Гісторыя гэта пачалася амаль шэсьць гадоў таму, у канцы лістапада дзьве тысячы другога. А калі яшчэ дакладней, то у той дзень, калі адбыўся першы пробны рэйс хуткаснага экспрэсу Беласток – Смаленск. Якраз вечарам, пасьля пасьпяховай рыбалкі па першым лёдзе, мы зь Пятровічам сядзелі ў “Ягадцы”, я частаваў яго “Віленскім клясычным”, і па сёмым канале паказвалі гэту падзею. Ну, вы памятаеце: камфорт, поўная страхоўка, хуткасьць трыста дзесяць, ад Беластоку да Смаленску за пяць гадзін і ўсё такое. Калі дыктар стаў нешта тлумачыць пра магнітную падушку, зьлёгку падпіты Пятровіч, сербануўшы з высокага кухля залацістага напою, сказаў:

- А хочаш, Франак, я табе фокус пакажу? Нікому не паказваў, а табе пакажу, бо ты мне падабаесься – ты на майго малодшага ўнука падобны.

- Які фокус?, - спытаў я.

- Ды гэту, як яе... магнітную падушку, во, – адказаў Пятровіч.

Я нічога не зразумеў, але перапытваць ня стаў, ведаючы, што Пятровіч нічога ня скажа, пакуль ня прысьпее час. Мы яшчэ крыху пасядзелі, дамовіліся наконт рыбалкі на наступную суботу (у нядзелю я зьбіраўся на імшу ў Селішчанскі касьцёл), ды й разыйшліся.

Не, бадай, ня з таго я пачаў. Спачатку трэба патлумачыць, хто такі я і хто такі Пятровіч.

Родам я зь Беластоку, завуць мяне, як вы ўжо ведаеце, Франак, а жонка кліча – Францішак. Скончыў адзін з лепшых у Эўропе Віленскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці “іхтыялёгія і лімналёгія”. Даволі рэдкая прафэсія, але мне падабаецца. Жанаты, жонка мая з Чарнігава. Скончыла той самы Віленскі ўнівэрсытэт (там мы й пазнаёміліся), яна эканаміст. Працую тут, у Нацыянальным Парку “Паазер’е”. Я – старэйшы навуковы супрацоўнік, займаюся іхтыяфаўнай і лімналёгіяй. Жонка працавала ў “Паазер’і” мэнэджэрам па турызму, а цяпер пакуль займаецца дзецьмі – нашай малодшай дачушцы паўтара, старэйшай – восем. Нацыянальны Парк “Паазер’е” зьяўляецца асобнай адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкай і знаходзіцца пад “крылом” Нацыянальнай Акадэміі Навук БНР, таму зарабляю я вельмі нядрэнна – кантракт у мяне на трыццаць тысяч талераў у год. Хапае з гакам, каб утрымліваць жонку з двума дзецьмі, мець новенькі джып “Форд-мідл-310” выдатнай менскай зборкі і аплачваць усе страхоўкі, ня кажучы пра кватэру ў Дубраўцы на дзевяноста мэтраў. Пахвалюся: мы з жонкай ведаем на дваіх сем моваў, акрамя беларускай: я – польскую, нямецкую, крыху расейскую і літоўскую; жонка – расейскую, украінскую, ангельскую і іўрыт. Вось, здаецца, пра мяне і ўсё.

Ну, а Пятровіч – гэта Пятровіч, так яго завуць усе. Хударлявы, невялічкага росту і на выгляд няпэўнага ўзросту жвавы стары з маршчыністым, бы сушаны яблык, тварам. Такому можна даць і семдзесят, і дзевяноста. Жыве ён адзін у Ягадках у драўлянай хатцы бяз усякіх камунальных выгод, што ў наш час – вялікая рэдкасьць. У яго нават тэлевізара няма. Часам ён узгадвае пра нейкую сваю радню, пра ўнукаў. Але, прынамсі, за час маёй працы тут да яго ніколі ніхто ня прыяжджаў, ды й сам ён, здаецца, таксама нікуды ня выяжджаў. Наогул, ён ня любіць распавядаць пра сябе, а я ніколі і нікому лішніх пытаньняў не задаю, гэта мой жыцьцёвы прынцып. Я нават ня ведаў да ўчарашняга дня, колькі Пятровічу год. Магчыма, з-за маёй ненавязьлівасьці мы зь ім... ну, ня тое, што сябруем, надта ўжо рознага мы ўзросту, а проста ходзім разам на рыбалку, пасьля якой сядзім у якім-небудзь бары і нясьпешна пацягваем піва. Часьцей за ўсё мы бываем тут, у “Ягадцы”, бо Пятровічу так зручней – ён жыве непадалёк. Пятровіч – выдатны знаўца тутэйшых мясьцін і іх гісторыі. Напачатку маёй працы ў “Паазер’і” ён вельмі мне дапамагаў, ды й зараз дапамагае. У Парку восемдзесят азёр, назіраць за якімі – мой службовы абавязак, а ён дасканала ведае, здаецца, усе.

Але вернемся да Малыша (тады ён яшчэ не называўся так, ён наогул ня меў імя). Як мы з Пятровічам і дамовіліся, у наступную суботу мы пайшлі на рыбалку. Я купіў дзьве ліцэнзіі на Крывое, хаця на гэта возера ліцэнзія даражэйшая, чым на іншыя. Але так запатрабаваў Пятровіч, сказаўшы:

- Мы ж з табой дамовіліся, я табе нешта цікавае пакажу.

Надвор’е стаяла якраз на акуня – ціхі, марозны ранак, дрэвы ўсе ў шэрані, сонейка зьзяе – хараство незвычайнае! Людзей на возеры ня было відаць – узімку адпачываючых і турыстаў наогул бывае мала, а мясцовыя, акрамя Пятровіча, рыбачыць на Крывое амаль ня ходзяць – ліцэнзія дарагая, а возера капрызнае, можаш нічога й не злавіць. Звычайна мы едзем на маім “Фордзе” куды-небудзь далей – на Бярозавае, ці нават на Янова. А тут пайшлі пехатою – ад Пятровічавага жытла да возера ўсяго з кілямэтр. Прыйшлі на возера, адыйшлі мэтраў за трыста ад берагу, Пятровіч спыніўся, агледзеўся, адшукваючы “запаветнае” месца па нейкіх арыентырах. Прасьвідравалі па пяць – шэсьць лунак, разматалі вуды. Глыбіня была мэтраў з дванаццаць. З паўгадзіны нічога ня брала, нарэшце Пятровіч напаўголаса прамовіў “Ёсьць!” – і праз якую хвіліну на лёдзе біўся кіляграмовы perca fluviatilis. Ён быў амаль чорнага колеру, папярэчныя палосы амаль ня выражаныя. Праз некалькі хвілін я таксама выцягнуў акуня, але крыху меншага і значна сьвятлейшага. Клявала хвілін дваццаць, ня больш, потым – як абрэзала. Пятровіч злавіў чатыры акуні, я – толькі два.

- Пятровіч, а дзе ж твой фокус?, - запытаў я.

Пятровіч агледзеўся, прайшоў некалькі крокаў і дастаў з кішэня... компас. Я падумаў: “Хай бы ён яшчэ “джыпіэс” сюды прывалок, заблукаць баіцца, ці што?” Але Пятровіч трымаў у руках звычайны стары компас з магнітнай стрэлкай.

- Глядзі, - сказаў ён і паклаў компас на лёд.

Я прысеў над компасам. Стрэлка чамусьці доўга мітусілася, быццам забылася, дзе поўнач. Потым заспакоілася і паказала некуды ў напрамку сонца. “Нічога сабе”, - падумаў я. “Там жа паўднёвы ўсход!”. Пятровіч перанёс компас мэтраў на дзесяць убок. Стрэлка пасьля няўпэўненых ваганьняў утаропілася на захад.

- Ну, і як ты гэта патлумачыш, спадар навуковы супрацоўнік? Тут на дне гарушка невялікая. Вышынёй з паўмэтра, ня больш, а ўдоўж мэтраў пяць. Можаш узяць эхалот і праверыць, у цябе ж ёсьць. Акуні тут пастаянна таўкуцца, быццам ім тут нешта падабаецца. І сярод іх часам трапляюць чорныя, як галавешка. Хаця на клёў рэдка нарвесься, таму, апроч мяне, тут ніхто ня рыбачыць. Адыдзі крокаў на паўсотні – компас нармалёва паказвае. А з чаго гэта гарушка зроблена, гэта я ў цябе хачу спытацца. Можа, на дне іншаплянэтны карабель ляжыць?

Я, падумаўшы, выказаў здагадку, што карабель не карабель, а самалёт можа ляжаць. У вайну зьбілі. Пятровіч засьмяяўся:

- Які самалёт, Франак? Біплян “Фарман” з сасновым каркасам ды крыламі з тканіны? Апошняя вайна больш за восемдзесят год, як скончылася!

- Ня ведаю, Пятровіч”, - здаўся я. – Заўтра вазьму прыборы, прыеду, ды пагляджу, што тут такое. Але чаму нікому нічога не вядома пра гэтую анамалію?

- А які дурань акрамя мяне пойдзе на возера з компасам? – слушна адказаў стары.

На наступны дзень я прыехаў на ўчарашняе месца узброены да зубоў – датчыкі, правады, эхалот, кампутар і ўсё астатняе. Прыехаў адзін, не сказаўшы начальству і калегам пра сапраўдную мэту – засьмяюць яшчэ, скажуць, што іншапланэцян паехаў шукаць разам зь Пятровічам. Мароз быў градусаў дзесяць, так што пакуль я прынёс апаратуру, разматаў усе правады, набурыў лунак, устанавіў датчыкі ды ўсё падключыў, рукі крыху задубелі. Адагрэўшы іх за пазухай, я прыступіў да вымярэньняў.

Праз паўтары гадзіны пытаньняў у мяне не паменшала, а пабольшала.

Калі верыць прыборам, на дне ляжаў намагнічаны “кавалачак” жалеза памерамі дзесяць на два і на тры мэтры і вагой тон сто пяцьдзесят – дзьвесьце, калі ня больш. Ляжаў ён пад нахілам градусаў пятнаццаць, угрузшы ледзь ня цалкам у дно. Выступаў адным канцом над узроўнем дна на паўмэтра, формай нагадваў чалавечае тулава з галавой, але бяз рук і ног. Ён крыху “фаніў” – узровень радыяцыі нязначна, усяго ў тры разы, перавышаў натуральны. Гэта было, магчыма, бэта-выпраменьваньне: ужо за мэтр ад аб’екту яно не рэгістравалася – відаць, паглыналася вадой. “Нічога сабе малыш”, - падумаў я.

Тады, бадай, і зьявілася назва “Малыш”.


3.

Я нікому не расказаў пра знаходку. Вырашыў дачакацца летняга цяпла, каб, скарыстаўшыся аквалангам, памацаць Малыша рукамі, тое-сёе ўдакладніць, а можа, калі атрымаецца, і здабыць кавалачак рэчыва.

У канцы ліпеня ў мяне на стале ляжала флэшка з падводнымі фота- і кіназдымкамі і дадзенымі вымярэньняў, а таксама кавалачак Малыша памерам з мезены палец (колькі высілкаў спатрэбілася, каб яго здабыць!). Ён быў чорнага колеру, рознакаляровыя іскрынкі мігцелі на ім, калі я паварочваў яго пад сьвятлом лямпы ці на сонцы. На зрэзах ён адліваў сіньню нейкага незвычайнага сплаву з тымі ж іскрынкамі. Да яго “прыліпалі” сашчэпкі, іголкі, кнопкі ды й наогул уся жалезная драбяза.

Неўзабаве, сустрэўшы Пятровіча, я сказаў яму, што хачу паехаць у Акадэмію Навук і паказаць усё гэта прафэсару Шушкевічу, бо незвычайную знаходку трэба дасьледаваць.

Тады Пятровіч мне й сказаў:

- Ня лезь ты, Франак, у вялікае. Чорт яго ведае, што там такое, мо іншапланецяне бомбу якую падклалі ці згубілі. Як шандарахне – ад усіх гэтых гатэляў-матэляў-бараў адны аскалёпкі застануцца. Дзе мы тады з табой будзем піва піць, га?
І вось цяпер я амаль шкадую, што не паслухаў Пятровіча. Я сустрэўся з прафэсарам і перадаў яму “дасье” на Малыша.
Праз тыдзень я атрымаў з Акадэміі Навук па і-мэйлу ліст. У ім паведамлялася, што мая знаходка – адкрыцьцё сусьветнага ўзроўню. Што гэта – жалезна-нікелевы метэарыт. Акрамя гэтых двух рэчываў, у ім утрымоўваецца яшчэ тры дзесяткі хімічных злучэньняў, элемэнтаў і ізатопаў. Што, калі меркаваць па яго памерах і хімічнаму складу, ён па масе прыкладна ў тры разы пераўзыходзіць знакаміты метэарыт Гоба з Паўднёва-Заходняй Афрыкі, які з 1920 года быў самым вялікім жалезным метэарытам, знойдзеным на Зямлі. І што ў бліжэйшы час у Нацыянальны парк “Паазер’е” будзе накіравана экспедыцыя НАН БНР.

На гэтым маё спакойнае жыцьцё скончылася.


4.

Спачатку, як заўсёды ў такіх выпадках, наляцелі журналісты. Якім толькі тэлеканалам і газэтам я не даваў інтэрвію – пачынаючы ад Першага Нацыянальнага і канчаючы лонданскімі “Evening News”, “The Daily Telegraph” і францускай “L’Humanite”. Я вытрымаў толькі тыдзень, а потым пайшоў да шэфа і сказаў, што хацеў бы ўзяць водпуск за свой кошт, таму што працаваць мне не даюць. Шэф даў мне два тыдні, але спачатку я павінен быў узгадніць усе пытаньні з навукоўцамі з НАН.

Карацей кажучы, хутка я з сям’ёй быў у родным Беластоку.

Першы, каго я сустрэў ля парога бацькоўскага дома, быў карэспандэнт газэты “Вячэрні Беласток”. Адкуль ён даведаўся, калі, куды і на чым я выехаў з “Паазер’я”, для мяне застаецца таямніцай. Я згадзіўся даць інтэрвію пры ўмове, што шустры “папарацы” нікому ня скажа пра мой прыезд і з артыкулам у газэце пакуль пачакае.

На шчасьце, больш мяне на Радзіме ўсюдыісныя мас-медыя ня турбавалі.

Калі праз два тыдні я з сям’ёй вярнуўся зь Беластоку, то даведаўся, што навукоўцы вырашылі зьвярнуцца з прапановай да Ўраду падняць Малыша з дна возера і ўсталяваць у крытым павільёне непадалёк ад месца, дзе яго знайшлі. Гэта дазволіць, па-першае, прыцягнуць у краіну вельмі немалыя сродкі за кошт значнага павелічэньня колькасьці турыстаў. А па другое, вывучаць незвычайную знаходку на паверхні ўсё ж зручней, чым на дванаццацімэтровай глыбіні. Меркавалася аб’явіць тэндэр на пад’ём метэарыту сярод замежных кампаній. І, хутчэй за ўсё, кошт пад’ёму й усталяваньня метэарыту на вызначаным месцы будзе вельмі невялікім, бо кожны патэнцыяльны ўдзельнік тэндэру разумее: гэта ж якая рэкляма для фірмы!

Калі ўпаў метэарыт – пакуль дакладна ня вызначана. Але некаторыя дадзеныя (напрыклад, адсутнасьць нават сьлядоў варонкі) гавораць за тое, што гэта адбылося падчас апошняга, Валдайскага ледавіковага перыяду, недзе паміж саракавым і трыццатым тысячагоддзямі да Новай эры. Малыш урэзаўся ў ледавік з хуткасьцю кілямэтраў дваццаць пяць у сэкунду, ня здолеўшы прабіць кілямэтровай таўшчыні лёд. Пра гэта ж сьведчыць напрамак озавых градаў вакол месца падзеньня метэарыту: іх малюнак нагадвае вялізнага павука, ці расколіны вакол кінутага ў шыбу камяня.

Да знаходкі Малыша я можа тысячу разоў глядзеў на мапу Нацыянальнага Парку, ведаў дасканала ўсе озавыя грады – валападобныя ўзвышшы з пяску, гравію ды камянёў на месцах былых ледавіковых расколін, але чаму не задумаўся пра гэта павукападобнае іх разьмяшчэньне паблізу Крывога возера – не разумею...


5.

...Прайшло больш за пяць год. Астэроід падняла на высокі бераг возера ледзь не задарма вядомая ангельская фірма, назву якой, дзякуючы Малышу, сёньня ведаюць усе. Вага Малыша склала сто дзевяноста тры тоны. Цяпер ён ляжыць у круглым павільёне з цёмнага шкла і мэталу, які відаць за многа кілямэтраў, асабліва ўначы, калі запальваецца асьвятленьне. У мінулым, дзьве тысячы сёмым годзе, Нацыянальны Парк “Паазер’е” наведала пяць мільёнаў турыстаў са ўсяго сьвету. І гэта нягледзячы на значна вышэйшы, чым раней, кошт уезду на тэрыторыю Парку. Пабудавана адзінаццаць новых супэрсучасных гатэляў, у асноўным непасрэдна за межамі Нацыянальнага Парку. Найбольш “пашчасьціла” гаспадару гатэлю “Малінаўка”, недалёка ад якога “пасялілі” Малыша, – два новыя карпусы і невялічкі стары запоўненыя пад завязку ўвесь год.

Працаваць мне стала куды больш складана. Мы з жонкай думаем: а можа пераехаць куды небудзь у цішэйшае месца, хоць бы на Віленшчыну. І я, і мая жонка – мы вельмі любім цішыню і спакой, а ў Парку, дзякуючы Малышу, вельмі ўжо людна. Па сёньняшнім стане справаў тут, у “Паазер’і”, яшчэ можна было б жыць, але...

Але днямі зьявілася яшчэ адна абставіна.

У нядзелю вечарам, шаснаццатага сакавіка, да мяне завітаў Пятровіч зь вялікім поліэтыленавым пакетам у руках.

- На рыбе сёньня быў, на Крывым, на тым самым месцы. Глядзі, каго злавіў. Усе рукі мне жылкай парэзаў, з-зараза. Лёд дужа таўсты, ледзь выдраў яго, лунку прыйшлося расшыраць, бо не пралазіў.

Я зазірнуў у пакет. Там ляжаў вялізны гарбаты акунь кілаграмы на тры, я такога ніколі ня бачыў. Нейкая думка, пакуль не аформленая, пачала мяне непакоіць...

- Слухай, Пятровіч, ён адзін табе сёньня трапіў? – спытаў я.

- Не, яшчэ два ёсьць. Толькі меньшыя, да кілаграма. Але я сабе іх пакінуў, дома ляжаць.

- Такія ж чорныя, як гэты? Каб мне як лускі крыху зь іх узяць, га? І з гэтага таксама?

- Дык я ж табе яго прынёс, бяры, хай Наста твая запячэ яго ў духоўцы. А то нешта ты апошнім часам на рыбу ня ходзіш. А навошта табе луска? Там у мяне толькі адзін чорны, а другі сьвятлейшы.

Я, каб не пакрыўдзіць старога, не адмовіўся ад шчодрага дару і сказаў, што пра луску растлумачу потым.

На наступны дзень я дасьледаваў луску ў лабараторыі і не паверыў сабе самому. Кожнаму іхтыёлагу вядома, што акуні жывуць пятнаццаць, максімум сямнаццаць гадоў.

Узятыя ўзоры лускі сьведчылі, што два чорныя акуні мелі ўзрост сорак пяць і дзевяноста сем гадоў. Я тройчы пералічыў на дысплэі кампутарнага мікраскопу гадавыя кольцы на лускавінах.

Вечарам у пятніцу, пасьля працы, я завітаў да Пятровіча, узброены замест нашага традыцыйнага піва бутэлькай “Берасьцейскага першаку”. Пятровіч, убачыўшы яе, здзіўлена хмыкнуў:

- Ого! А што гэта ў нас за нагода такая? Ты ж, здаецца, моцнага ня п’еш?

Я адказаў:

- Сёньня – п’ю. Будзем сьвяткаваць дзень тваіх народзінаў. А хочаш – Дзень Незалежнасьці, дзевяностыя ўгодкі.

- Дык незалежнасьць быццам у аўторак, дваццаць пятага?

- Ну, тады народзіны. Колькі табе год споўнілася, а, Пятровіч? Клянуся, я нікому не скажу, ты ж мяне ведаеш.
Пятровіч нейкую хвіліну пільна глядзеў мне ў вочы, потым уздыхнуў і сказаў:

- Ну што ж, налівай.

Праз дзьве гадзіны я ведаў усё. Ня дзіва, што Пятровіч пазьбягаў размоваў пра свой узрост. Я размаўляў з чалавекам, які вучыўся ў школе разам з Вацлавам Ластоўскім. Пятровіч у той час жыў разам з бацькамі ў Пагосьце, на міёршчыне. Калі стары сказаў мне пра гэта, я ашаломлена перапытаў:

- Зь якім Ластоўскім?

- Як гэта зь якім? З тым, якому помнік стаіць у Менску на плошчы Ластоўскага.

Калі Пятровічу было шаснаццаць, сям’я пераехала сюды, ў Ягадкі.

Стары расказаў мне, як ён стаяў у ачапленьні каля Казанскага Сабору ў Санкт-Пецярбургу падчас сьвяткаваньня трохсотых угодкаў Дома Раманавых (ён тады служыў у Расейскім войску, быў унтэр-афіцэрам). Ён удзельнічаў у Брусілаўскім прарыве. Пасьля Сусьветнай вайны нейкі час жыў у Вільні, потым у Менску. Быў знаёмы з Іванам і Антонам Луцкевічамі. Затым вярнуўся сюды, ажаніўся. У трыццаць чацьвертым, падчас узброенага канфлікту пад Ярцавам, быў мабілізаваны ў Беларускае Войска. Канфлікт, на шчасьце, так і ня перарос у нешта большае і страшнае. Расея не рашылася ўступіць у вайну з Балтыйскім Зьвязам, які ўключаў тады восем краін, у тым ліку й БНР. Так што Пятровіч, так ні разу й ня стрэліўшы, вярнуўся дадому і больш надоўга нікуды не ад’язжаў. Ня дзіва, што ў яго ня было сваякоў, акрамя ўнукаў, праўнукаў ды пра-праўнукаў, ды й тыя даўно разьехаліся й ці забыліся пра старога, ці наогул яго ня ведалі. Калі меркаваць па выгляду й стану здароўя Пятровіча, ён павінен пражыць яшчэ не адзін дзесятак гадоў. Акты аб яго нараджэньні, як належыць, даўно захоўваюцца ня ў мясцовым архіве, а здадзены ў архіў ваяводства ў Полацку. А ў пашпарце па недагляду нейкага чыноўніка стаіць памылковая дата нараджэньня, згодна зь якой Пятровіч ледзь не на паўвека маладзейшы. Такім чынам, ніхто, акрамя мяне, сапраўдны ўзрост старога ня ведае, ды ён і ня хоча, каб хто ведаў. А я ўрачыста паабяцаў Пятровічу, што буду пра гэта маўчаць.

Я ня стаў распавядаць Пятровічу пра незвычайны ўзрост злоўленых ім perca fifviatilis – можа, апошніх доўгажыхароў возера. Толькі спытаўся, у чым ён бачыць прычыну свайго ўласнага даўгалецьця. Пятровіч адказаў:

- А хто ж яго ведае. Толькі я не адзін тут такі. Ты пахадзі па нашых могілках, калі ня быў. Паглядзі на даты народзінаў і сьмерці на камянях, тады ня будзеш дзівіцца. Можа, вада тут кругом якая асаблівая, жывая, а можа яшчэ што.

Але асабіста я ўпэўнены, што тут не абыйшлося бяз Малыша. Хімічны склад, магнітнае поле, невялікае выпраменьваньне не да канца вызначанай прыроды, а можа яшчэ што, не рэгіструемае прыборамі, - усё гэта нейкім чынам узьдзейнічае на жыцьцядзейнасьць арганізмаў, якія ўступаюць у кантакт з астэроідам непасрэдна або ўскосна. Ва ўсякім разе пра гэта пакуль трэба маўчаць, а то тут такое пачнецца, што мусіш на самой справе зьехаць. Ды толькі доўга гэтае шыла ў мяшку не схаваеш.

Шкада, што я не паслухаў тады Пятровіча, хай бы ляжаў Малыш на дне возера да скону веку.

Верасень 2007, Ушачы.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG